Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Судзьдзі калегіі гарадзкога суду Сьцяпурка, Казырыцкі ды Ермаловіч не задаволілі касацыйную скаргу дэпутата Андрэя Клімава, які прасіў перагледзець вынесены яму раней прысуд Ленінскага раённага суду.

Вызначэньне калегіі гарадзкога суду прагучала пасьля больш як гадзіннае нарады за зачыненымі дзьвярыма, але й гэты перапынак быў, відаць, толькі фармальнасьцю. Гэтак лічаць адвакаты Клімава Вольга Біруля, Гары Паганяйла й Тацяна Леановіч.

Яны кажуць, што вынік разгляду быў прадказальны яшчэ ўчора, пасьля таго, як суд пагадзіўся выслухаць у якасьці пракурора Галіну Радкевіч, якая прадстаўляла абвінаваўчы бок на папярэднім працэсе ў раённым судзе і тым самым, на думку абароны, была асабіста зацікаўленая, каб ранейшы прысуд ня быў зьменены. Сёньня ўраніцу пракурор Радкевіч, сапраўды, паўтарыла ўсю ранейшую аргумэнтацыю на карысьць вінаватасьці Клімава.

Ала Клімава, маці дэпутата, з прычыны вынесенага судом вызначэньня заявіла "Радыё Свабода":

(Клімава: ) "Я зразумела, што ўлады жадаюць фізычнага зьнішчэньня Клімава. Мая выснова грунтуецца на тым, што яго ў камэры катавалі, зьбівалі, адмаўлялі ў мэдычнай дапамозе, у шпіталь накіроўвалі толькі пасьля ўмяшаньня міжнародных арганізацыяў, а цяпер вось гэты несправедлівы прысуд і адмова яго зьмяніць", – лічыць маці дэпутата Ала Клімава.

Паводле заканадаўства, абвінавачваны мае права абскарджваць прысуд на ўсіх больш высокіх прыступках судовае лесьвіцы. Такім чынам, цяпер Клімаў і ягоныя адвакаты могуць падаваць скаргу на імя старшыні гарадзкога суду, а потым пры неабходнасьці скардзіцца і ў Вярхоўны суд. Але ўсе далейшыя разгляды іхных скаргаў ужо будуць праводзіцца не на адкрытым працэсе, а за зачыненымі дзьвярыма – як кажуць, "у рабочым парадку".

Асаблівых спадзяваньняў на гэтыя разгляды ў абаронцаў няма. "Калі ўжо гарадзкія судзьдзі аказаліся нагэтулькі бездапаможнымі, што нават не адважыліся юрыдычна падкарэктаваць цалкам неправамоцны прысуд, дык тым больш не выпадае спадзявацца на вышэйшых судовых чыноўнікаў, залежнасьць якіх ад уладаў на парадак вышэйшая", – лічыць, у прыватнасьці, абаронца ад Беларускага Гэльсынскага камітэту Гары Паганяйла. Ён не выключае, што ягоны падабаронны ў выніку будзе вымушаны зьвяртацца у міжнародны суд, каб там дамагчыся праўды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG