Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Расейская тэлекампанія ОРТ мае намер распачаць у блізкім часе здымкі дакумэнтальнага фільму пра зьнікненьні людзей у Беларусі.

Павал Шарамет, загадчык аддзелу адмысловых праектаў ОРТ, паведаміў "Радыё Свабода", што зьнікненьне апэратара Зьмітра Завадзкага падштурхнула кіраўніцтва тэлекампаніі да стварэньня фільму, прысьвечанага падзеям, зьвязаным са зьнікненьнямі вядомых у Беларусі асобаў. Гаворыць Павал Шарамет:

(Шарамет: ) "Дагэтуль такой ідэі не было, паколькі, на жаль, ніякага інтарэсу ў Расеі і ОРТ ў Беларусі няма. Як ня цяжка гэта, напрыклад, для мяне, толькі зьнікненьне нашага апэратара падштурхнула нас да таго, каб распачаць здымкі фільма аб людзях, якія зьнікаюць у Беларусі. Мы так зацягвалі час, каб пачакаць вынікаў таго расьледаваньня, якое вядзецца ў Беларусі і ў Расеі, бо ёсьць затрыманыя, спэцназаўцы, якія абвінавачваюцца ў выкраданьні Дзьмітрыя. І мы чакалі нейкіх вынікаў. Але, на жаль, вынікаў няма. Дзьве асноўныя вэрсіі застаюцца. Першая вэрсія – спэцслужбы Лукашэнкі, але доказаў ня вельмі шмат. Шанцаў, што мы знойдзем Дзьмітрыя ў гэтым выпадку, практычна, няма. Другая вэрсія – гэтыя вось спэцназаўцы, але яны не даюць ніякіх паказаньня, бо яны такія садысты па сваёй натуры, і розныя мэтады ціску на іх не даюць вынікаў. У гэтым фільме будзе расказвацца ня толькі пра Дзьмітрыя Завадзкага, але і пра Віктара Ганчара, і пра Юрыя Захаранку. Гэта дакумэнтальны фільм, і ён будзе здымацца ў Беларусі. Ужо ёсьць такі прыкладны сцэнар гэтага фільма. Мы будзем старацца ўзяць найбольш шырока гэтую праблему, сустракацца і з жонкамі, і са сваякамі Захаранкі, Ганчара, будзем сустракацца і з журналістамі, і з палітыкамі ў Беларусі. Хочам узяць шырокі спэктар людзей. Гэта будзе рабіць тэлекампанія ОРТ. Гэтым буду займацца я, бо гэта зьвязана са Зьміцерам Завадзкім. Усё будзе залежаць ад таго, што мы здымем, як шмат у нас там будзе стужкі адзьнята…"

Паведаміў Павал Шарамет.

Ён упэўнены: шанцы на тое, што ягоны сябра жывы, застаюцца. На мінулым тыдні крыміналісты зрабілі параўнальны аналіз структуры ДНК Зьмітра Завадзкага з ДНК неапазнаных трупаў, якія штодзень прывозяць у гарадзкія моргі. Аналіз паказаў, што супадзеньня няма. Гэта дае падставу спадзявацца, што Зьміцер жывы.

XS
SM
MD
LG