Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі Беларускае тэлевізіі і радыё, на якой сваю канцэпцыю разьвіцьця Белдзяржтэлерадыёкампаніі прадаставіў яе новы старшыня Віктар Чыкін. Незалежныя назіральнікі мяркуюць, што гэткая падвышаная цікавасьць Лукашэнкі да тэлевізіі абумоўленая выключна набліжэньнем парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.

Нарада ў гэтак званай "600-й студыі" Беларускае тэлевізіі доўжылася чатыры гадзіны. На яе былі дэлегаваныя супрацоўнікі ад кожнай рэдакцыі радыё і тэлевізіі. Нарада выглядала як прадстаўленьне Аляксандрам Лукашэнкам калектыву тэлерадыёкампаніі новага кіраўніка – Віктара Чыкіна.

Лукашэнка згадзіўся, што ягоны выбар не зусім звычайны, але патлумачыў, што спыніўся на кандыдатуры кампартыйнага сакратара, бо даўно яго ведае як чалавека "цьвёрдага, трывалага, з байцоўскімі якасьцямі". Менавіта такі кіраўнік, відаць, патрэбен Лукашэнку напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.

Віктар Чыкін выклаў сваю канцэпцыю разьвіцьця тэлевізіі і радыё, ды зазначыў, што калі ў яго не атрымаецца яе выканаць, дык праз год ён гатовы пайсьці ў адстаўку.

Аляксандар Лукашэнка яшчэ раз пацьвердзіў, што тэлевізія мусіць быць дзяржаўнаю, што "ідэялёгія не падлягае прыватызацыі". І што другі канал беларускае тэлевізіі, які мяркуецца стварыць на базе менскага "8 Каналу" "будзе абсалютна дзяржаўнай тэлевізіяй, незалежна ад таго, хто будзе зьяўляцца заснавальнікам новае тэлекампаніі".

Саму канцэпцыю Чыкіна на нарадзе асабліва не абмяркоўвалі, аддаўшы перавагу праблемам недахопу тэхнікі й нізкіх заробкаў.

Незалежныя назіральнікі, якія добра ведаюць Беларускую тэлевізію, мяркуюць, што выключная цікавасьць Лукашэнкі да электронных мас-мэдыяў тлумачыцца толькі ягоным жаданьнем эфэктыўна для сябе правесьці парлямэнцкую і прэзыдэнцкую выбарчыя кампаніі.

Гаворыць вядомы беларускі пісьменьнік, які даўгі час супрацоўнічаў з Беларускай тэлевізіяй, Уладзімер Халіп:

(Халіп: ) "Усё гэта робіцца дзеля адной мэты – выйграць выбары, што будуць у "палату прадстаўнікоў", і галоўная стратэгія – гэта прэзыдэнцкія выбары. Самы галоўны напрамак, на якім можна выйграць, гэта сродкі масавай інфармацыі, перш за ўсё электронныя. Напэўна ў яго былі нейкія сумненьні ў папярэдніку таварыша Чыкіна, бо ён такі чалавек даволі вялы, неактыўны. Самае галоўнае, чаго ён чакае ад тэлебачаньня, – каб ніякая іншая думка не прасьлізнула ні праз адну шчыліну. Яму тут патрэбны абсалютна надзейны чалавек. І тое, што таварыш Чыкін не прапусьціць ніякай іншай думкі, ён гэта паказаў выдатна на сваёй папярэдняй пасадзе".

– гэта быў пісьменьнік Уладзімер Халіп, які мяркуе, што на працягу бліжэйшых месяцаў магчымыя кадравыя перастаноўкі ды "ўмацаваньне ідэялягічнае дысцыпліны" і ў іншых дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.

XS
SM
MD
LG