Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Сёньня адкладзеная жалобная цырымонія ў Севераморску – на прозьбу сваякоў загінулых маракоў субмарыны "Курск". Цырымонія адкладзеная да часу, пакуль будуць паднятыя целы. Пакласьці вянкі на ваду – значыць пахаваць маракоў у моры. Расейскі бок мерыцца пахаваць загінулых у зямлі.

"Трагедыя падводнай лодкі "Курск" узрушыла і без таго дэмаралізаваную расейскую нацыю. Аднак у Крамлі зараз няма чалавека, які б выказваў настроі ніцыі мог бы яе супакоіць, - піша газэта "The Washington Post". У рэдакцыйным артыкуле адзначаецца, што Пуцін упершыню за час сваёй кар'еры сутыкнуўся з сур'ёзнай і адпаведнай крытыкай грамадзкасьці. "Верхавінай айсбэргу" назвала трагедыю субмарыны "Курск" нарвэская экалягічнай арганізацыя "Беллуна", маючы на ўвазе тэхнічую недасканаласьць расейскага флёту
Слова "хлусьня" – адно з самых ужываных у дачыненьні да дзеяньняў расейскага кіраўніцтва. Цывільнага і ваеннага. Чэская газэта "Лідовэ новіны" ў артыкуле "За ўсё нясе адказнасьць Пунін – лічаць расейцы" зьмясьціла храналёгію таго, што расейскі афіцыйны бок гаварыў пра трагедыю ад яе пачатку і як адбываліся падзеі насамрэч.

Дэталі аварыі:
Расейцы паведамілі 14-га жніўня ў панядзелак, што ў нядзелю атамная субмарына "Курск" лягла на дно Баранцава мора, маючы тэхнічныя праблемы. Каманда адключыла ядзерныя рэактары.

Насамрэч, - нагадвае чэская газэта – "Курск" патануў у сыботу 12-га жніўня ў выніку выбуху. У лодку патрапіла вада і ядзерныя рэактары адключыліся аўтаматычна.

Кантакт з экіпажам:
Афіцыйны адказны прадстаўнік Ваеннага марскога флёту Расеі Ігар Дыгала 14-га жніўня ў панядзелак сьцьвярджаў, што ёсьць радыёсувязь з экіпажам. У аўторак расейцы паведамілі, што кантакт з камандай лодкі "Курск" адбываецца мэтадам перадачы сыгналу грукам.

Насамрэч, - піша Лідовэ навіны, - ад пачатку аварыі ніякай радыёсувязі з камандай "Курску" не было. Апошні сыгнал быў атрыманы 14-га жніўня. Паводле міністра абароны Расеі Сяргеева, расейцы фіксавалі адно слова - "Вада".

Лёс каманды. Ігар Дыгала ў панядзелак 14-га жніўня адзначыў, што паводле сыгналу з лодкі, можна спадзявацца, што экіпаж жывы. Ёсьць вялікія шанцы захаваць жыцьцё людзей.

Насамрэч, бальшыня каманды "Курску" загінула пры першых хвілінах аварыі. Прэзыдэнт Расеі Пуцін у пятніцу 18-га жніўня заявіў, што ад першага дня ён ведаў, што, верагодна, ніхто ня выжыве. У сыботу расейцы паведамілі, што жывых на "Курску" не засталося.

Апэрацыя выратаваньня.

Паводле расейскага ўраду, выратавальную капсулу да лодкі спусьцілі ў панядзелак і падалі камандзе "Курску" кіслярод і электрычнасьць. Расейцы, калі тлумачылі няўдачы апэрацыі выратваньня, спасылаліся на надвор'е. У пятніцу расейскі бок заявіў, што ад пачатку выравальнікі ня мелі шанцаў. Віцэ-прэм'ер Расейскага ўраду Ільля Клебанаў паведаміў, што нарвэскія выратавальнікі ня могуць адкрыць люкі лодкі, бо яна моцна пашкоджаны.

Насамрэч, 14-га жніўня расейцы толькі рабілі здымкі месца аварыі. Расейцы ня маюць адпаведных выратавальных апаратаў і прыстасаваньняў, якія маюць заходнія флёты. З досьведу апошніх, надвор'е не ўплывае на працу пад вадой. Нарвэсцы адкрылі люкі за 25 хвілінаў.

Нагадаю, што гэта былі вытрымкі з аналізу чэскай газэты "Лідовэ навіны".

Асоба Ўладзіміра Пуціна і ягоныя паводзіны ў першыя дні катастрофы – адно з галоўных пытаньняў, якое закранаюць сродкі масавай інфармацыі. "Скандал б'е Пуціна", – называе артыкул газэта "Financial Times". Цытую – "Усе папярэднія падзеі палітычнага ўзьлёту Пуціна, былі ў пэўнай ступені зрэжысаваныя ім самім ці кім-небудзь іншым. З гэтай трагедыяй – інакш. Пуцін не засвоіў жыцьця пры дэмакратыі. Ён паказаў абыякавасьць і адпачываў, калі "Курск" тануў. Расейцы паверылі Пуціну, бо хацелі спыніць хранічнае жабрацтва і беззаконьне. Пуцін прапанаваў ім угоду: аднавіць парадак, хаця й цаной свабодаў – працягвае "Financial Times" – аднак пыхлівыя паводзіны пуцінскай адміністрацыі пад час трагедыі з "Курскам" парушылі ўмовы ўгоды.

Сродкі масавай інфармацыі сьвету працягваюць крытыкаваць Расею за тое, што яна не адразу прыняла міжнародную дапамогу, каб уратаваць людзей з "Курску". Майкл Эванс, аўтар газэты "The Times" адзначае, што міністэрства абароны Вялікай Брытаніі адразу пасьля паведамленьня пра аварыю пачало рыхтавацца памагчы Расеі, яшчэ да серады, калі Расея пагадзілася з заходняй дапамогай – каб быць гатовымі выплыць на месца трагедыі. Паводле "The Times", брытанскі бок не лічыў выдаткаў на апэрацыю выратаваньня расейскай субмарыны і гэтыя выдаткі склалі ад аднаго да паўтара мільёна фунтаў стэрлінгаў.

Сёньня ж "Daily Telegraph" цытуе абураных брытанскіх і нарвэскіх маракоў, якія бралі ўдзел у выратаваньні "Курску". "Мы адправілі каманду, каб ім дапамагчы, а яны так нам адплацілі…" – заявіў адзін з афіцэраў каралеўскіх ваенна-марскіх сілаў, маючы на ўвазе заявы расейскага боку пра тое, што прычынай катастрофы была сутычка з натаўскай субмарынай. Каманда нарвэскіх вайскоўцаў называе гэтыя заявы прапагандай. Група брытанскіх выратавальнікаў абурылася, што расейцы нават не дазволілі брытанскай лодцы "LR5" дапамагчы маракам і бачылі ў брытанцах шпіёнаў. "Курск", відаць, быў затоплены ад пачатку, але цяпер мы ніколі ня ўведаем праўды" – цытуе "Daily Telegraph" аднаго з выратавальнікаў.

Газэта "Financial Times" у артыкуле рэдактара піша, што трагедыя падводнай лодкі "Курск" – гэта балючы напамін Расеі пра тое, што яна губляе статус ваеннай звышдзяржавы. Паводле ацэнак НАТО, за апошняе 10-ці годзьдзе Расея скараціла ваенныя выдаткі з 10 працэнтаў унутранага валавага прадукту да 5 працэнтаў. Расея траціць на ваенныя патрэбы 5 мільярдаў даляраў за год. ЗША – 300 мільярдаў. Мадэрнізацыя ядзерных ракетаў адбываецца за кошт іншых сілаў. Будаўніцтва "Курску" абышлося Расеі ў 1 мільярд даляраў, у той час, як заробак капітана складаў каля 150 даляраў – піша "Financial Times".

А ў справаздачы нарвэскай экалягічнай арганізацыі "Бэллуна" паведамляецца, што цяпер расейскі Паўночны флёт узброены 110 атамнымі падлодкамі, якія патрабуюць рамонту. На гэтых лодках усталяваныя 135 атамных рэактараў, а ў корпусах 72-х субмарынаў ёсьць спрацаванае ядзернае паліва. Яшчэ 40 атамных субмарынаў Паўночнага флёту плаваюць і кожная абсталяваная двума рэактарамі. Спасылаючыся на дадзеныя расейскага Міністэрства атамнай энэргетыкі, нарвэскія эколягі паведамляюць, што з гэтых 110 лодак 30-ці пагражае аварыя.

XS
SM
MD
LG