Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 жніўня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Напярэдадні сёлетняй летняй Алімпіяды ў Сыднэі, Міжнародны Алімпійскі Камітэт спрабуе абараніць свае эксклюзыўныя правы на асьвятленьне гульняў. Камітэт намагаецца юрыдычным шляхам дасягнуць закрыцьця 1800 пірацкіх старонак ў Інтэрнэце і не дапусьціць зьяўленьня новых.

Учора Міжнародны Алімпійскі Камітэт пацьвердзіў, што ён узбудзіў судовыя працэсы ў Фэдэральным Судзе ЗША супраць амаль дзьвюх тысяч раней зарэгістраваных Інтэрнэт-старонак. Амаль 150 зь іх незаконна выступаюць ад імя Камітэту і прапануюць свае паслугі за грошы. МАК стварыў адмысловую групу спэцыялістаў, якія будуць адсочваць у Сеціве адкрытыя без дазволу Камітэту старонкі і прымушаць іх спыняць дзейнасьць. Крок Камітэту накіраваны таксама супраць тых заўзятараў, якія знойдуцца на трыбунах у Сыднэі, а таксама тых груповак, якія выступаюць супраць Алімпійскіх Гульняў. Калі, напрыклад, нехта, заплаціўшы за білет на ўваход на стадыён, зробіць аматарскі здымак і затым зьмесьціць яго на прыватнай Інтэрнэт-старонцы, ён таксама парушае эксклюзыўныя правы МАКу.

"Гэты пазоў не зьвязаны выключна з Алімпійскімі Гульнямі…Мы ня хочам пакараць карыстальнікаў Інтэрнэту, але хочам, каб без нашага дазволу не ўжывалася назва "аліміпійскі", на якую мае выключнае права Міжнародны Алімпійскі Камітэт", – заявіла прадстаўніца гэтай арганізацыі. Паводле слоў віцэ-прэзыдэнта Алімпійскага Камітэту і загадчыка маркэтынгавай камісіі Рычарда Паўнда, ягоная арганізацыя хоча скарыстаць прыняты ў мінулым годзе антыпірацкі закон, датычны аўтарскіх і маёмасных правоў у Сеціве.

Адначасова кіраўніцтва Алімпійскага Камітэту запярэчыла, што гэты крок накіраваны на абарону надзвычай прыбытковага кантракту з амэрыканскай тэлекампаніяй NBC. Тым ня менш, за права асьвятляць мерапрыемствы, арганізаваныя Камітэтам цягам дзесяці гадоў, з 98-га 2008, кампанія NBC заплаціла 4 мільярды даляраў. З прычыны геаграфічнай розьніцы ў часе паміж Сыднэям і ЗША, кампанія будзе здымаць ход алімпійскіх спаборніцтваў і пускаць іх у эфір некалькі гадзінаў пазьней. Адначасова NBC адкрыла сваю Інтэрнэт-старонку (www.NBColympic.com), платны доступ да якой будуць мець толькі 4 мільёны карыстальнікаў Сеціва.

Некаторыя аглядальнікі лічаць, што пазоў Міжнароднага Алімпійскага Камітэту ня дасьць спадзяваных вынікаў і яму ня ўдасца абараніць свае выключныя правы на асьвятленьне міжнародных спартовых мерапрыемстваў. Глябальны характар Сеціва яшчэ не паддаецца юрыдычным рамкам. У свой час Францыя дарэмна змагалася з правайдэрам YAHOO, які зьмяшчаў нацысцкія матэрыялы, даступныя для французкіх карыстальнікаў Інтэрнэту. Проста вэб-сайты могуць быць зарэгістраваныя па-за Злучанымі Штатамі, і тады на іх не пашыраюцца амэрыканскія законы.

XS
SM
MD
LG