Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 жніўня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

У заўтрашнім нумары "Народнае Волі" друкуецца праект канцэпцыі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Дакумэнт пад назовам "Стратэгія для Беларусі" распрацаваны групаю эскпэртаў Нацыянальнага выканаўчага камітэту. Распрацоўшчыкі вызначылі асноўныя мэты канцэпцыі – ажыцьцяўленьне эканамічных і палітычных рэформаў, а таксама фармаваньне нацыянальнага адзінства адносна выбару шляху разьвіцьця краіны.

У першай частцы "Стратэгіі для Беларусі" аўтары канстатуюць, што Беларусь сёньня апынулася ў глыбокім эканамічным крызысе, этычны ўзровень палітычнага жыцьця стала паніжаецца, грамадзтва расколатае паводле бачаньня далейшага шляху разьвіцьця краіны.

Канцэпцыя ўстойлівага і эфэктыўнага разьвіцьця грунтуецца на прынцыповай ідэі, што "шлях Беларусі – гэта шлях, які ўжо прайшлі і па якім працягваюць ісьці дзясяткі краінаў, даказаўшы ягоныя перавагі высокім узроўнем разьвіцьця й дабрабытам жыхароў. Гэта шлях пераўтварэньняў, якія павінны быць максімальна адаптаваныя да ўмоваў Беларусі, арганічна злучаныя зь яе нацыянальнымі інтарэсамі. Менавіта гэтая тэза і стала зыходнай у вызначэньні рэальных крокаў у эканамічнай рэформе, пераўтварэньнях у дзяржаўным будаўніцтве й замежнай палітыцы.

Аўтары лічаць, што трэба правесьці агульнанацыянальную дыскусію і гэтакім чынам паспрабаваць прыйсьці да грамадзкага пагадненьня, якім чынам ажыцьцяўляць рэформы.

Дырэктар Цэнтру разьвіцьця нацыянальнае кантурэнтаздольнасьці Павал Данэйка бачыць каштоўнасьць дакумэнту ў тым, што дэмакратычная апазыцыя можа выкарыстоўваць яго дзеля тлумачэньня й папулярызацыі сваіх ідэяў. Аднак:

(Данэйка: ) "У мяне ёсьць заўвагі да гэтай канцэпцыі. Я адчуваю занадта пэсымістычнасьць адносінаў да беларускага народу і беларускай эканомікі. Беларусы маюць на сёньняшні дзень найбольшыя шанцы збудаваць рынкавую эканоміку. Ужо ёсьць людзі, якія здолеюць зрабіць рынкавыя рэформы ў Беларусі. Калі спадар Лукашэнка пакіне сваю пасаду, тады ёсьць надзея, што гэтая канцэпцыя пачне рэалізоўвацца".

Наколькі рэальна ажыцьцявіць Стратэгію для Беларусі ў сёньняшніх умовах, калі дэмакратычныя сілы не знаходзяцца ва ўладзе і маюць ня вельмі значны ўплыў на грамадзтва? Пра гэта мы запыталіся у сябраў рабочае групы ў распрацоўцы праекту канцэпцыі – Юрыя Шаўцова й Леаніда Лойкі:

(Шаўцоў: ) "Я думаю, яна ўжо выконваецца. Прынамсі тады, калі яна стваралася, нашыя абмены валют не былі лібэралізаваныя, не было такой яскравай арыентацыі на хаця б нейкае замірэньне з Захадам, яшчэ не былі акрэсьленыя нашыя перадвыбарчыя кампаніі. Гэтая канцэпцыя пісалася не для дэмакратычных партыяў, якія знаходзяцца ў апазыцыі, а гэта ёсьць праграма таго, што павінна рабіць беларускае грамадзтва. Гэтую праграму можа выконваць у прынцыпе і ўлада. Але наўрад ці ўлада захоча выканаць гэтую праграму".

(Лойка: ) "У тых умовах, якія ёсьць сёньня, рэалізацыя немагчымая. На тое канцэпцыя і створаная, каб мяняліся ўмовы. Канцэпцыя разьлічаная на тое, што на яе зьвернуць увагу ня толькі дэмакраты, але і ўладныя колы. Там ёсьць менавіта кароткі шлях да стварэньня такіх умоваў, пры якіх была б магчымасьць рэалізацыі большасьці з палажэньняў".

(Карэспандэнт: ) "Наколькі гэтая канцэпцыя актуальная зараз для Беларусі?"

(Лойка: ) "Калі так жорстка казаць, дык яна зусім не актуальная".

Канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі – ня першы плян пераўтварэньняў у краіне. У параўнаньні з папярэднімі "Стратэгія для Беларусі", на думку адмыслоўцаў, вызначаецца комплексным падыходам да рэформаў. Разам з гэтым Юры Шаўцоў і Леанід Лойка лічаць, што канцэпцыя ў сёньняшніх умовах ня можа быць зрэалізаваная цалкам.

XS
SM
MD
LG