Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Дырэктар арганізацыі "Магілеўскі праваабарончы цэнтар" Сяргей Абадоўскі зьвярнуўся да менскіх праваабарончых арганізацыяў і Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ з просьбаю ўзяць удзел у судовым працэсе над ягоным сынам, які пачнецца ў Магілеве 25 жніўня. Паводле словаў спадара Абадоўскага, ягоны 27-гадовы сын Зьміцер, які ўжо больш за год знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, стаў ахвяраю правакацыі праваахоўных ворганаў.

Сёньня Сяргей Абадоўскі склікаў прэсавую канфэрэнцыю, каб распавесьці пра перасьлед, якому, на думку праваабаронцы, падвяргаецца ягоная сям'я.

Асоба Сяргея Абадоўскага ў Магілеве даволі вядомая. І паводле ягоных словаў, уладам вельмі не падабалася, што ён актыўна займаецца апазыцыйнай дзейнасьцю. Некалькі разоў Абадоўскага судзілі за арганізацыю ў Магілеве розных акцыяў пратэсту. Аднак, паводле словаў апазыцыянэра, зразумеўшы, што падобная тактыка не прыносіць плёну, улады вырашылі пачаць ціск на сям'ю.

Гаворыць Сяргей Абадоўскі:

"Заўсёды атакуюць найперш лідэра. Гэта ня я прыдумаў. Пасьля наўпроставых рэпрэсіяў супраць мяне ўладам нічога не ўдалося зрабіць. Больш за тое – я перайшоў у праваабаронцы. Якім чынам на мяне можна было ўзьдзейнічаць? Вось толькі такім. Непасрэдна атакуючы сям'ю", – паведаміў Сяргей Абадоўскі.

Ягоны сын Зьміцер быў зарыштаваны 10 ліпеня летась па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні крадзяжу й згвалтаваньня. Сам спадар Абадоўскі сьцьвярджае, што міліцыянты, якія зьбіралі доказы віны, фальшавалі факты, аказвалі ціск на знаёмага Зьмітра, каб той даў супраць яго патрэбныя паказаньні й г.д.

У выніку суд Цэнтральнага раёну Магілеву асудзіў Зьмітра Абадоўскага на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі. Але, 18 ліпеня сёлета, калегія Магілеўскага абласнога суду прызнала доказы віны Абадоўскага недастатковымі, гэты вырак адмяніла й накіравала справу на паўторны разгляд у той жа раённы суд.

У часе знаходжаньня ў сьледчым ізалятары Зьміцер Абадоўскі правёў дзьве галадоўкі, а ў яго абарону выступіла Міжнародная ліга правоў чалавека. Тым ня менш, магілеўскія суд і пракуратура адмовіліся мяняць Абадоўскаму меру стрыманьня й вызваляць яго пад падпіску пра нявыезд.

Сяргей Абадоўскі сьцьвярджае, што ўжо даўно перасьледуюць ягоную сям'ю. Так у 1998 годзе супраць сярэдняга сына Абадоўскага, лідэра магілеўскае філіі "Маладога Фронту" Івана, была ўзбуджаная крымінальная справа за арганізацыю ім вулічных акцыяў пратэсту. Іван Абадоўскі быў вымушаны таемна выехаць у Польшчу, дзе яму быў прадастаўлены палітычны прытулак. Сяргей Абадоўскі таксама паведаміў, што нядаўна міліцыя спрабавала прыцягнуць да адказнасьці ягонага малодшага сына Аляксандра, за тое, што ён быццам бы займаецца кампутарным хуліганствам.

Сяргей Абадоўскі перакананы, што арышт яго старэйшага сына быў помстаю ўладаў за тое, што летась, у часе апазыцыйнае прэзыдэнцкае выбарчае кампаніі ў кватэры Зьмітра часова месьціўся абласны выбарчы камітэт.

XS
SM
MD
LG