Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 22 жніўня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

"Прэстыж Пуціна затануў разам з падводным крэйсэрам", "Дзевяць дзён нацыянальнай ганьбы", "Расейскае падзеньне" – гэта загалоўкі сёньняшняга расейскага і заходняга друку. Прэса аналізуе палітычныя і маральныя вынікі катастрофы субмарыны "Курск" для расейскай палітыкі і грамадзства. Сярод іншых наступстваў называюцца такія: падзеньне палітычнага рэйтынгу Пуціна, вяртаньне расейцам комплексу дзяржаўнай непаўнавартасьці, правал восеньскага прызыву ў армію.

"Калі нарвэскія выратавальнікі адкрылі люк падлодкі, яны зрабілі за адзін дзень тое, што расейцы ня здолелі зрабіць за тыдзень. Трагічная гісторыя з "Курскам" дала яшчэ адно пацьверджаньне, што Расея надалей ня можа падтрымліваць узровень тэхналёгіяў, створаных за Савецкім Саюзам, – піша New York Times.

"Субмарына "Курск" была квінтэсэнцыяй Савецкага стылю, – адзначае газэта, – вялізная як амбіцыі звышдзяржавы, абсталяваная дзеля зьнішчэньня цэлых групаў караблёў суперніка, і, вядома ж, аточаная вышэйшай ступеньню сакрэтнасьці. Але цяпер ўсе ўжо ведаюць, што гадамі расейскія субмарыны плаваюць без неабходнай для экстрэмальных выпадкаў колькасьці ежы і запасаў вады на борце. Але як і субмарына, Уладзімір Пуцін таксама ёсьць прадуктам савецкай эпохі. Камуністы мелі жаданьне стварыць новы тып чалавека, і робатападобнага Пуціна, напэўна, можна назваць адным з такіх прадказальных вынікаў".

Гэткі тон заходняй прэсы ў дачыненьні да Пуціна яшчэ ўчора быў амаль неверагодным, але падзеі вакол катастрофы "Курска" моцна падарвалі імідж расейскага прэзыдэнта як на Захадзе, так і ў Расеі. "Прэстыж Пуціна затануў разам з падводным крэйсэрам", – піша, напрыклад, "Московский камсомолец". "Пуцін катаўся на самалёце, прыбіраўся ў ваенную форму, спаў у падлодцы, страляў з гарматы, сыпаў зоркі на пагоны сілавікаў, гуляючы ў сапраўднага мужчыну, у крутога лідэра. Але калі прыйшоў час не гуляць, а дзейнічаць – лідэра не аказалася". – Гэта ўжо "Новые известия".

Аварыя паказала таксама ўсю глыбіню развала ў расейскай арміі, і ў прыватнасьці, у ВМФ. Вадалазаў-падводнікаў на Паўночным флёце даўно ўжо няма, унікальныя адмыслоўцы, што ныралі на глыбіні, шматкроць большыя за тыя, на якой ляжыць "Курск", дэмабілізаваліся. Магла б дапамагчы пабудаваная для падобных сытуацыяў аварыйна-выратавальная падлодка "Линок". Але, як піша газэта "Труд", яна зараз у такім стане, што хутчэй, затанула б сама.

Усяго ж над затопленым "Курскам" зьбілася 22 караблі ВМФ Расеі, напэўна, для таго, каб прадэманстраваць ўсё бясьсільле расейскай ваеннай тэхнікі. Аказалася, што краіна, якая пабудавала найбольшую ў сьвеце колькасьць субмарынаў, ня мае адпаведна ўкамплектаваных аварыйна-выратавальных службаў. Пачаўшы чачэнскую вайну, Пуцін, паводле экспэртаў, вылячыў Расею ад комплекса непаўнавартасьці пасьля развалу СССР. Аварыя "Курска" зноў вярнула расейцаў на грэшную зямлю.

"Дзевяць дзён нацыянальнай ганьбы" – назвалі свой аналіз сёньняшнія "Новые известия". "Независимая газета" прадказвае, што вынікам аварыі стане правал асеньняга прызыву ў армію.

Абурае расейцаў і тая няспынная плынь афіцыйнай хлусьні, якая пакрыла абставіны катастрофы. Цяпер афіцыйныя асобы няўклюдна спрабуюць апраўдвацца.

Вось што адказаў віцэ-прэм'ер Ільля Клябанаў, кіраўнік камісіі расьследаваньня прычынаў катастрофы, на пытаньне, чаму адразу не былі запрошаныя замежныя адмыслоўцы.

(Клябанаў: ) "Не для таго, каб кагосьці абвінаваціць, не для таго, каб камусьці прад'явіць прэтэнзіі, магу сказаць, што каго б мы не запрасілі, яны б ужо не пасьпелі. Проста такая была аварыя, такая катастрофа, яна працягвалася троху больш за дзьве хвіліны".

Але расейцы ўжо ня хочуць верыць чыноўнікам. "Улада ілгуноў" – называе свой артыкул "Московский комсомолец". Аднак ваенныя нібыта не зьвяртаюць увагу на крытыку і настойваюць на сваёй вэрсіі аварыі – сутыкненьне з іншай субмарынай. Настойваюць, зразумела, таму, што яна здымае многія непрыемныя пытаньні аб тэхнічнай няспраўнасьці альбо памылцы экіпажу. Ваенныя ўпарта абараняюць гэтую вэрсію, не зьвяртаючы ўвагу на яе малаверагоднасьць. У выпадку сутыкненьня магутны і масыўны "Курск" нанес бы нашмат большыя пашкоджаньні замежнай субмарыне, і яна ня здолела б далёка адысьці з месца здарэньня. Да таго ж, гісторыя такіх сутыкненьняў паказвае, што яны ніколі не прыводзілі да катастрафічных наступстваў. Больш рэальнай ўяўляецца вэрсія нарвэскага генштабу: прычына аварыі – выбух тарпеды.

XS
SM
MD
LG