Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Заўтра, 23 жніўня, ў Расеі аб'яўленая нацыянальная жалоба. Так скончыліся спробы расейскага кіраўніцтва ўласнымі сіламі выратаваць экіпаж атамнае субмарыны "Курск". Замежная дапамога прыйшла вельмі позна. Сваякі беларусаў Дудко і Садкова прыбылі ў Мурманск.

На працягу тыдня меркаваньні расейскіх чыноўнікаў, аб'яднаных у адмысловую камісію, зьмяняліся палярна. Спачатку яны казалі пра дробныя тэхнічныя непаладкі, якія не пагражаюць жыцьцю людзей і адвяргалі замежную дапамогу, а потым канстатавалі, што шанцаў на выратаваньне не было першапачаткова. Сёньня камандуючы Паўночным флётам адмірал Папоў наогул даў зразумець, што ў гібелі субмарыны быў зацікаўлены нехта канкрэтна:

(Папоў: ) «Няма віны экіпажу ў тым, што адбылося. Абставіны былі нагэтулькі катастрафічнымі, што пасьля сутыкненьня (я ў гэтым перакананы) бальшыня экіпажу не пражыла й трох хвілінаў. Я ўсё сваё жыцьцё буду імкнуцца да таго, каб паглядзець у вочы таму чалавеку, хто гэту трагедыю зарганізаваў. Мы згубілі лепшы экіпаж падводнае лодкі на Паўночным флёце. Гора прыйшло… Але жыцьцё працягваецца».

Гаварыў адмірал Вячаслаў Папоў.

Між іншым, яшчэ напярэдадні камандуючы заяўляў, што шанцы знайсьці жывых на борце вельмі вялікія.

Сёньня ў Вядзяеве, на базу атамаходаў прыехалі апошнія са сваякоў загінулых падводнікаў. Ёсьць тут і родныя двух беларусаў – Сяргея Дудко і Аляксандра Садкова. Распавядае прадстаўніца дарадцы беларускай амбасады ў Мурманску Галіна Сьнегаўская, якая непасрэдна сустракала землякоў і літаральна не адыходзіць ад іх увесь гэты час:

(Сьнегаўская: ) «Маці Сяргея Дудко зь нявесткаю і дзецьмі прыбылі яшчэ тыдзень таму. Учора прыехаў брат, дзьве цёткі і два стрыечныя браты. Сёньня яны пайшлі да месца гібелі. Зараз гарнізон – адна вялізная сям'я, усе адзін аднаго ведаюць. Але атмасфэра вельмі цяжкая. Таксама прыляцела з Благавешчанску маці Аляксандра Садкова. Дапамаглі людзі, бо квіток каштуе 9 тысячаў расейскіх рублёў. Маці ў дзень гібелі сына споўнілася 65 год. Аляксандар нарадзіўся ў 67-м годзе ў вёсцы Рэчкі Веткаўскага раёну. Родныя Дудко жывуць у сям'і. Сяргей толькі атрымаў кватэру, перанёс рэчы, і яны так і засталіся нераспакаваныя. Хлопец быў вельмі гаспадарлівы, усё трымалася на ім. Жонка, Аксана, наогул не ўяўляе, як будзе адна».

Гаварыла Галіна Сьнегаўская.

Першы намер пакінуць субмарыну на дне Баранцава мора зараз быццам перагледжаны на карысьць тэрміновага падняцьця яе на паверхню. Цяпер вырашаецца пытаньне, якім чынам можна вызваліць «Курск» з падводнага палону. Пэўныя прапановы на ймя намесьніка камандуючага Паўночным флётам даслаў і Леанід Каленьнік – інжынэр-мэханік зь Менску. У сваіх разьліках Каленьнік вырашыў, бадай, асноўную праблему – як вызваліць «Курск» ад вялізнае масы вады, што назапасілася ў нутры судна.

Паводле словаў Галіны Сьнегаўской, якая паказала разьлікі Каліньніка шэрагу адмыслоўцаў-падводнікаў, гэтая прапанова цалкам прымальная. Пакуль што заданьне на праект пад'ёму лодкі атрымала ЦКБ «Рубін».

XS
SM
MD
LG