Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 жніўня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

(эфір 19 жніўня)
Палац Бутрымовіча, адна з найбольш значных пабудоваў у гістарычным цэнтры Пінску зараз знаходзіцца ў страшэнным заняпадзе. Рэстаўрацыя, якая мусіла распачацца ў гэтым годзе, адкладзеная на ня пэўны тэрмін з-за адсутнасьці сродкаў у гарадзкім бюджэце.

У верасьні 1784 году Пінск, на запрашэньне гарадзкога падстарасты Матэўша Бутрымовіча, па дарозе на Гарадзенскі Сойм, наведаў апошні кароль Рэчы Паспалітае Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Матэўш Бутрымовіч, выбітны грамадзкі дзяяч Рэчы Паспалітае, які, сярод іншага, быў паслом ад Пінску на чатырохгадовым Сойме, а таксама пабудаваў канал паміж рэкамі Піна й Мухавец, які дазволіў Пінску гандляваць водным шляхам з Варшаваю, прапанаваў Станіславу Аўгусту праект свайго палаца, які манарх ухваліў і нават уласнаручна заклаў першую цагліну у падмурак новага гмаху. Будоўля цягнулася 14 гадоў і ў выніку Пінск атрымаў цудоўны палац.

У часе расейскай акупацыі палац быў нязначна перабудаваны, а пасьля кастрычніцкага перавароту быў разрабаваны ягоны шыкоўны інтэр'ер – скульптуры, карціны ды іншае. За савецкім часам у палацы месьціліся друкарня, кінатэатар, а потым – дом піянэраў. Аднак найбольшую шкоду будынку зрабілі каля 20 гадоў таму, калі побач з палацам распачалося будаўніцтва гатэлю "Прыпяць", прымеркаванае да першага чэмпіянату Эўропы ў матаболу.

У часе будоўлі, нягледзячы на шматлікія папярэджаньні вядомага ў Пінску навукоўца Аляксея Дуброўскага, былі пашкоджаныя адмысловыя дрэнажныя каналы, па якіх цягам двух стагодзьдзяў адводзіліся ад палаца падземныя воды. Пасьля гэтага ў палацы стала вельмі вільгатна, і ён пачаў хутка прыходзіць у заняпад. Амаль паўсюль адпала вонкавая аблямоўка, сьцены пакрыліся зялёным грыбком, а ў некаторых мейсцах нават зьявіліся значныя расколіны. За два дзесяцігодзьдзі палац некалькі разоў спрабавалі фарбаваць да розных сьвятаў, аднак празь вельмі непрацяглы час фарба йзноў адставала…

Нарэшце гарадзкія ўлады вырашылі паклапаціцца пра гістарычную спадчыну гораду й зацьвердзілі праект рэстаўрацыі палацу. Ва ўправе архітэктуры нам паведамілі, што рэстаўрацыйныя работы мусілі распачацца ўжо ў гэтым годзе, аднак з-за адсутнасьці сродкаў, палац дагэтуль не рамантуюць. Але загадчыца ўправы Вольга Васіленка паведаміла нашаму радыё, што галоўнае – аднаўленьне дрэнажных каналаў – ужо зроблена. Разбурэньне палацу спыненае.

Атрымаць камэнтары незалежных экспэртаў пра якасьць новых дрэнажных каналаў нам не ўдалося. Калі ж пачнецца сапраўдная рэстаўрацыя, невядома, бо невядома калі знойдуцца сродкі на гэтую патрэбу ў гарадзкім бюджэце. Дарэчы паводле праекту рэстаўрацыі, гарадзкія ўлады плянуюць зрабіць тут Палац Шлюбаў ды адміністрацыйныя памяшканьні.

Варта прыгадаць, што напярэдадні за ўсе заслугі Матэўша Бутрымовіча ўдзячныя нашчадкі назвалі ў ягоны гонар 50-ці мэтровы праезд, на якім нават няма ніводнае хаты. А цэнтральная вуліца гораду, на якой месьціцца палац выдатнага дзеяча Палесься падстарасты Пінскага Матэўша Бутрымовіча носіць імя бальшавіцкага правадыра Ўладзімера Леніна.

XS
SM
MD
LG