Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Міліцыянты трох раёнаў беларускае сталіцы пачалі асвойваць новы сродак руху. Гэтым разам сілавікоў ніжэйшага зьвяна пасадзілі на ровары.

Ідэя перасадзіць частку міліцыянтаў на ровары нарадзілася выпадкова. Менскі велазавод, ня маючы грошай, каб заплаціць падатак на бясьпеку, прапанаваў Управе ўнутраных справаў Менскага гарадзкога выканкаму бартэр гатовай прадукцыяй – прыгадаўшы, што ў 30-я гады польскі корпус аховы памежжа выкарыстоўваў аналягічны сродак перасоўваньня. Да ўсяго ж, у якасьці галоўнага аргумэнта быў названы асноўны фактар нечаканасьці – бясшумнасьць. Прынамсі, кіраўнікоў аддзелаў унутраных справаў Заводзкага, Цэнтральнага ды Фрунзэнскага раёнаў аргумэнт уразіў.

Цяпер у экспэрымэнце ўдзельнічаюць 10 ровараў "Бусел" і 20 міліцыянтаў, якія адбіралі для экспэрымэнту перш за ўсё паводле камплекцыі. Усе яны кінутыя на патруляваньне вадасховішчаў ды лесапаркавых зонаў.

Але ўжо першыя дні выпрабаваньняў акрэсьлілі шэраг праблемаў. Пачалося з таго, што 2 ровары амаль адразу ж былі скрадзеныя: зручнасьць патруляваньня скончвалася, калі трэба было на нейкі час дзесьці прыпаркавацца. Па-другое, адразу ж паўстала пытаньне наконт адмысловае формы: непрыстасаваныя да велапрабегаў шырокія калашыны ўвесь час трапляюць у ланцуг. А адзін зь міліцыянтаў, напрыклад, наогул паскардзіўся, што з багажніка ўвесь час вывальваецца тэчка, і таму, прыціскаючы яе пад пахаю, прыходзіцца руляваць па калдобінах адной рукою. Да таго ж, экіпіроўка – а гэта пісталет, газавы балёнчык, дадатковая абойма, гумавы дручок, наручнікі, рацыя і ліхтар – замінае быць дастаткова мабільным.

Таксама ўзьнікае пытаньне, як сябе паводзіць ў выпадку затрымкі зламысьніка: ці прывязваць таго да багажніка, ці пакідаць ровар да пары без нагляду ў патаемным месцы.

Але энтузыязм у кіраўніцтва аддзелаў застаецца: днямі зьявіліся прапановы пасадзіць на ровары і ўчастковых інспэктараў. Вось як на гэта адрэагаваў інспэктар з Фрунзэнскага раёну, які не пажадаў назваць сябе, баючыся магчымых санкцыяў:

(Інспэктар: ) "Словам, я так ня супраць. Але я ня ведаю, калі нас, участковых, перасадзяць на ровары, дык куды я ад іх дзенуся? На паверх жа я яго не пацягну, а калі пакіну ўнізе – сьцягнуць ці колы папраколваюць. Я ня ведаю. Ну летам на роварах, а зімой што – на лыжах? Я наогул ня супраць, але як, што – ня ведаю".

Прыгадваецца яшчэ адзін экспэрымэнт, некалькі год таму распачаты Ўправаю ўнутраных справаў Менскага гарадзкога выканкаму. Намеры пасадзіць конна значную частку міліцыянтаў скончыліся сьціплымі паказьнікамі: у міліцэйскай стайні толькі тры скакуны. Пракарміць большую частку жывёлаў сталічная міліцыя проста ня здольная.

Затое некаторыя іншыя сродкі руху, якія выкарыстоўваюць беларускія праваахоўнікі, ня маюць аналягаў у сьвеце. Няма зьвестак, каб недзе яшчэ ў якасьці адмысловага гарадзкога транспарту былі задзейнічаныя сельскагаспадарчыя трактары. Практычна ўвесь парк гэтак званых "эвакуатараў" базуецца на прадукцыі МТЗ. Нягледзячы на тое, што Канстытуцыйны суд напачатку года рэкамэндаваў прыпыніць дзейнасьць эвакуацыйных групаў, колькасьць трактарных брыгадаў ня зьменшылася, а гэтак званыя "штрафпляцоўкі" па-ранейшаму перапоўненыя.

Затое некалі папулярныя ў міліцэйскіх колах матацыклы засталіся толькі ў прэзыдэнцкім эскорце. А вось верталёты дарожнага патруляваньня, здаецца, зьніклі наогул.

XS
SM
MD
LG