Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Апошнім часам гэтак званыя спэцапэратары КГБ і міліцыі няспынна праводзяць відэаздымку ўдзельнікаў масавых акцыяў. Наколькі адпавядаюць закону такія дзеяньні? І ў якіх выпадках магчыма або патрэбна абскарджваць гэтыя дзеяньні ў судзе? Свае парады на гэты конт дае прадстаўнік Беларускага Гэльсынскага Камітэту Алег Гулак.

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Гулак, наколькі, на Ваш погляд, законныя дзеяньні супрацоўнікаў сілавых структураў, якія пад час масавых акцыяў не ахоўваюць грамадзкі парадак, а працуюць з відэакамэрамі"?

(Гулак: ) "У першую чаргу размова йдзе пра фота- й кіназдымкі, якія робяць супрацоўнікі розных дзяржаўных структураў, якія займаюцца гэтак званай аховаю грамадзкага парадку. Гэтае пытаньне ўрэгулявана Законам пра апэратыўна-вышуковую дзейнасьць. У адпаведнасьці зь ім ўпаўнаважаныя ворганы могуць праводзіць гэтак званыя "назіраньні", у тым ліку й фіксацыю. Гэта можна рабіць як галосна, гэтак і негалосна.

Аднак, калі закон дае такое права ў прынцыпе, ён уводзіць яшчэ дастаткова розных абмежаваньняў, якія накіраваныя на тое, каб правы грамадзянаў пры гэтым былі абароненыя. Больш таго, я думаю, што нашая задача – праваабаронцаў і актыўных грамадзянаў, выкарыстоўваць гэтыя здымкі ў тых выпадках, калі нас з вамі прыцягваюць да нейкай адказнасьці. На рашэньне суда ворганы, якія праводзілі апэратыўна-вышуковыя дзеяньні, забавязаныя прадаставіць усе матэрыялы, якія былі дабытыя. Дарэчы, такая практыка ёсьць.

Аднак, тут яшчэ ёсьць адзіны бок праблемы. Мы ня ведаем, хто нас здымае, дзеля чаго, і як гэта потым будзе выкарыстана. Таму ў адпаведнасьці з законам, грамадзяне, якія лічаць, што да іх была скарыстаная апэратыўна-вышуковая дзейнасьць, могуць патрабаваць, каб матэрыялы гэтае дзейнасьці былі ім прадастаўленыя.

Ёсьць яшчэ адна праблема – калі гэтыя матэрыялы потым выкарыстоўвае БТ, і, напрыклад, Зімоўскі вельмі нахабна й зьдзекліва адзываецца пра грамадзянаў, якія ўдзельнічаюць у акцыях, а пры гэтым ідуць карцінкі апэратыўных відэаздымак".

(Карэспандэнтка: ) "А што трэба рабіць тым людзям, якія пацярпелі ў выніку таго, што іх зьнялі на міліцэйскую камэру, – напрыклад, пасьля гэтага іх звольнілі з працы ці выключылі з унівэрсытэту?"

(Алег Гулак: ) "Па-першае, з-за таго, што чалавек трапіў на камэру і яго паказалі як удзельніка нейкай масавай акцыі, яго не павінны ані выключаць з унівэрсытэту, ані звальняць з працы. А калі такі выпадак адбыўся, дык трэба абскарджваць канкрэтнае выключэньне ці звальненьне з працы. З другога боку, можна зьвяртацца ў суд з пазовам у прадастаўленьні матэрыялаў апэратыўна-вышуковае дзейнасьці, а потым, калі будзе пацьверджана, што гэта адбылося на самой справе, на падставе гэтага матэрыялу, проста патрабаваць кампэнсацыі шкоды.

Калі чалавек ня быў прыцягнуты да адказнасьці за тое, што ён удзельнічаў у масавых акцыях, дык, значыць, лічыцца, што ён нічога супрацьпраўнага ня зьдзейсьніў. І ў такім выпадку гэтыя матэрыялы не павінны нікому выдавацца й павінны быць зьнішчаныя. А калі яны былі паказаныя на тэлевізіі, дык гэта – парушэньне закона".

Гэта быў Алег Гулак, прадстаўнік Беларускага Гэльсынскага Камітэту.

XS
SM
MD
LG