Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 жніўня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Ніякімі значнымі вынікамі нефармальная сустрэча 18–19 жніўня кіраўнікоў краінаў СНД ў Ялце напярэдадні Нью-Ёрскага "саміту тысячагодзьдзя" ня скончылася. Нягледзячы на тое, што Аляксандар Лукашэнка працягнуў свой візыт на ўзьбярэжжы Чорнага мора да канца панядзелка.

Аляксандар Лукашэнка на момант падрыхтоўкі матэрыялу ў Менск яшчэ не вярнуўся. Супрацоўнік прэсавае службы ягонай адмінісрацыі Зьміцер Жук паведаміў, што беларуская дэлегацыя з Крыму прыбудзе толькі ўвечары 21 жніўня. Афіцыйна было заяўлена, што прычынаю падаўжэньня візыту стала неабходнасьць сустрэчаў зь іншымі кіраўнікамі краінаў СНД па-за рамкамі саміту. У прыватнасьці, Лукашэнка сустракаўся з прэзыдэнтамі Азэрбайджану, Арменіі і гаспадаром саміту – прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам. Апошняя сустрэча адбылася ўжо ў панядзелак ураніцу.

Хіба што адзіным канкрэтным пытаньнем пад час перамоваў з Кучмам быў зварот беларускага боку з просьбаю скасаваць мытныя пошліны з малдаўскае садавіны, што йдзе ў Беларусь транзытам праз Украіну. За гэта беларускі ўрад гатовы палепшыць мытны рэжым і для пэўных украінскіх тавараў, што прадаюцца ў Беларусі.

Мала вядома пра зьмест перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным. Сустрэча гэтая была нядоўгаю, паколькі расейскі прэзыдэнт быў занепакоены сытуацыяй на падводнай лодцы "Курск" і сьпяшаўся ў Маскву.

Увогуле ж гэты саміт лідэраў краінаў СНД, які назвалі нефармальнай сустрэчаю, быў на дзіва непрадуктыўны. Яго прайгнаравалі кіраўнікі трох сярэднеазіяцкіх краінаў: Туркмэністану, Узбэкістану ды Кыргызіі. Уладзімер Пуцін пабыў у Ялце толькі паўдня. Заява лідэраў краінаў СНД да "саміту тысячагодзьдзя", што пройдзе ў першай дэкадзе верасьня ў штаб-кватэры ААН, напоўненая агульнымі словамі ды заклікамі "да стабільнага й бясьпечнага сьвету".

Выглядае, што прэзыдэнты проста вырашылі паразмаўляць міжсобку ды правесьці ўік-энд на ўзьбярэжжы Чорнага мора. Ды саміт, які, відаць, не выпадкова супаў з чарговай гадавінаю путчу ГКЧП, застаўся ў цені трагедыі расейскае падлодкі ў Баранцавым моры.

Ва Ўкраіне за ходам ялцінскага саміту сачыў кіеўскі журналіст Міхайла Білэцькый, які так пракамэнтаваў ягоныя вынікі для "Радыё Свабода":

(Білэцькый: ) "Мабыць, найцяжэй заўсёды ўспрымаецца гісторыя. І таму 19 жніўня, на якое быў прызначаны нефармальны саміт кіраўнікоў краінаў СНД, менавіта з–за гэтага адбыўся ў такім пакамечаным фармаце. Па-першае, не прыехалі тры кіраўнікі цэнтральнаазіяцкіх дзяржаваў, што зьвязнана з вайною, якая адбываецца ў гарах Узбэкістану ды Кыргызіі. Па-другое, трагедыя з атамнай падводнай лодкаю "Курск" паўплывала на тэрмін знаходжаньня Ўладзімера Пуціна, які прыехаў хіба каб толькі павітацца зь Леанідам Кучмам. Уласна кажучы, ніхто асабліва нічога не чакаў ад гэтага саміту, таму што структура гэтая даўно ўжо "дыхае на ладан", і можна лічыць, што гэтая сустрэча, якая адбылася, стала апатэозам бязглуздасьці йснаваньня гэтае структуры пад назваю СНД",

– гэта быў міжнародны аглядальнік з Кіеву Міхайла Білэцькый.

XS
SM
MD
LG