Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 жніўня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Трагедыя атамнай падводнай лодкі "Курск" выклікала ў заходняй прэсе шэраг спэкуляцыяў наконт яе магчымых вынікаў. У камэнтарах дамінуе погляд, што інцыдэнт выявіў слабасьць Расеі, якая усё яшчэ ня можа зьмірыцца са стратай статусу звышдзяржавы, але ня мае ў сваім флёце нават вадалазаў ды адпаведнай тэхнікі для ратаваньня маракоў. Агляд заходняга друку.

"Я ведаю, што ўрад ужо выдзяліў сродкі для прыняцьця сваякоў нашых маракоў. Трэба дапамагчы мясцовым уладам ва ўладкаваньні сваякоў на месцы, у арганізацыі мэдычнага абслугоўваньня, тэлефоннай сувязі, транспарту і гэтак далей", – заявіў Уладзімір Пуцін.

Раней ён абяцаў, што улады будуць рабіць усё, што ў іхных сілах, каб выратаваць маракоў. Аднак шэраг заходніх газэтаў лічаць, што трагедыя падводнай лодкі "Курск" будзе мець вельмі нэгатыўныя палітычныя наступствы ня толькі для камандаваньня флёту, але і для самога прэзыдэнта.

Ангельская газэта Time піша, што ў часе нацыянальнай жалобы Пуцін ужо тыдзень таму павінен быў выявіць сапраўдную бацькоўскую заклапочанасьць трагедыяй. Ангельская газэта піша пра мноства зьедлівых заўвагаў з боку шfраговых людзей у адрас прэзыдэнта кшталту гэтай: "Калі б мы ня мелі гэтулькі дурняў ва ўрадзе, маракі былі б выратаваныя…Мне сорамна за маю краіну…Усе адміралы Паўночнага флёту павінны быць звольненыя…Калі ім ня ўдасца выратаваць маракоў, іх трэба растраляць".

Анегльская газэта цытуе расейскую прэсу, ў якой можна прачытаць такія загалоўкі: "Чаму Пуцін гэтак яўна ігнаруе трагедыю?".

"Пуцін павінен узяць на сябе маральную адказнасьць за сьмерць маракоў" – заявіў былы камандзір іншай атамнай падводнай лодкі.

У арыкуле пад загалоўкам "Расейскі флёт ня мае вадалазаў" ангельская газэта The Guardian адзначае слабасьць расейскіх узброеных сілаў. У савецкім флёце былі ратаўнічыя групы вадалазаў, аднак з прычыны нястачы сродкаў, іх прыйшлося раcфармаваць. Хаця Расейцы ня маюць падставаў сумнявацца ў тым, што ўлады робяць усё, што могуць, каб выратаваць маракоў, аднак абураюцца, чаму прэзыдэнт Пуцін чатыры дні марудзіў, перш чым зьвярнуўся да Захаду па дапамогу. The Guardian адзначае, што катастрофа "Курска" будзе мець вельмі сур'ёзныя наступствы. Трагедыя падводнай лодкі ставіць пад пытаньне кіраўнічыя здольнасьці Пуціна, а таксама і кампэтэнтанасьць камандаваньня флёту.

Дэніэл Ўільямс ў газэце The International Gerald Tribune піша, што "таямніца, якой была ахутаная катастрофа лодкі, прывяла толькі да страты часу і дэзынфармацыі". Газэта адзначае, што сакрэтнасьць характарызуе ўсе арміі сьвету, але у расейскіх вайскоўцаў і палітычных лідэраў гэта стала проста навязьлівай ідэяй. Заміж адразу ратаваць маракоў, камандзіры больш рупіліся пра тое, як зручна вытлумачыцца перад грамадзтвам. "Для вайсковых камандзіраў выявіць сакрэт – горшае злачынства, чым пакінуць маракоў бяз дапамогі".

Газэта цытуе вайсковага аналітыка з Moskow Times Паўла Фэльгэнгаўэра. "Камандаваньне флёту марудзіла цэлы дзень з інфармацыяй пра катастрофу, а потым пачаліся супярэчлівыя і блытаныя заявы афіцыйных прадстаўнікоў. Спрабуючы адвярнуць увагу грамадзтва ад магчымых тэхнічных непаладак і сваёй некампэтэнтнасьці, камандаваньне флёту пачало прыдумваць розныя тлумачэньні катастрофы". У Расеі наагул, – піша газэта The International Gerald Tribune, – пасьля авіякатастрофы, забойства або крадзяжу аўтамабіля сьледчыя па старой звычцы пускаюць у ход мноства тэорыяў і тлумачэньняў інцыдэнту, заміж элімінаваць такія зьявы.

"Лёс атамнай падводнай лодкі "Курск" зьяўляецца трагічнай метафарай хуткай страты Расеяй за апошняе дзесяцігодзьдзе статусу звышдзяржавы", – піша Эндру Кучынс у газэце Washington Post. Дзесяць гадоў пасьля заканчэньня "халоднай вайны" "Курск" удзельнічаў у манэўрах, якія імітавалі ваенны канфлікт з сіламі НАТО. Разьвіцьцё Савецкім Саюзам ваенна-марскіх сілаў было часткай намаганьняў Крамля дасягнуць вайсковай раўнавагі са Злучанымі Штатамі. Зараз ядзерны арсэнал Расеі не прадстаўляе сабою ранейшай пагрозы, і хутчэй за усё існуе праблема бясьпекі перахоўваньня ядзернай зброі і радыёактыўных матэрыялаў.

З валавым нацыянальным прадуктам роўным швэйцарскаму і выдаткамі на армію у памеры 5-ці мільярдаў даляраў, Расея стаіць перад праблемай, якім чынам за гэтыя грошы найбольш эфэктыўна палепшыць нацыянальную бясьпекі. Газэта адзначае разнагалосьсі ў расейскім кіраўніцтве. 11-га жніўня, у часе паседжаньня Рады Бясьпекі Расеі, міністр абароны Сяргеяў заявіў, што прыярытэтнымі павінны быць ядзерныя сілы, аднак начальнік штабу Ўзброеных сілаў Расеі генэрал Квашнін аддае перавагу звычайным узбраеньням. "Ядзерная зброя, – піша Эндрю Кучынс, – не дапамагла ні ў Афганістане, ні ў Чачні, і яна можа ня быць цалкам ужытая у бліжэйшыя дзесяць-дваццаць гадоў. У кожным разе, разам з рэзкім зьніжэньнем боездольнасьці звычайных сілаў, толькі ядзерныя сілы даюць Расеі ілюзорнае пачуцьцё велічы.

У бліжэйшыя 10 гадоў, – піша Эндру Кучынс ў газэце Washington Post, Расея будзе вымушаная рэзка скараціць і свае ядзерныя арсэналы, і звычайныя сілы. Армія павінна рыхтавацца не да вайны з НАТО альбо з Кітаем, але да супрацьдзеяньня грамадзянскім войнам, кантрабандзе наркотыкаў, тэрарызму ды інфармацыйнай вайне. На думку Эндру Кучынса,трагедыя падводнай лодкі "Курск" павінна дапамагчы Расеі ўсьведаміць, што ейны ваенны комплекс, атрыманы ў спадчыну ад Савецкага Саюзу не гарантуе Расеі бысьпекі і зьяўляецца пагрозай для усяго сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG