Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня стала дакладна ведама, што ўвесь экіпаж расейскай субмарыны "Курск" занінуў. Звычайныя людзі ў Беларусі ў пераважнай бальшыні нэгатыўна ацэньваюць дзеяньні ўладаў Расеі ў справе выратаваньня экіпажу атамнае субмарыны "Курск", што затанула ў Баранцавым моры. Нямала ёсьць і тых, хто лічыць, што Беларусі пашэнціла, бо беларускія прызыўнікі цяпер ня служаць на флёце і ў розных гарачых кропках. Карэспандэнт з мікрафонам выйшаў на вуліцу.

"Як Вы ацэньваеце дзеяньні ўладаў Расеі ў справе выратаваньня маракоў з затанулай субмарыны?" і "Ці добра, што беларускія прызыўнікі больш ня служаць на расейскім флёце?" – такімі былі асноўныя пытаньні, зь якімі я зьвяртаўся сёньня да людзей, што сьпяшаліся па сваіх справах.

Усе апытаныя паведамілі, што іх вельмі непакоіць лёс маракоў з "Курску", у тым ліку й двух беларусаў Сяргея Дудко і Аляксандра Садкова. Бальшыня апытаных нэгатыўна ацэньвае дзеяньні Крамля ў справе выратаваньня экіпажу падводнае лодкі. Многія беларусы (як, зрэшты, і расейцы) лічаць, што маракоў можна было б выратаваць калі б Уладзімер Пуцін адразу ж дапусьціў да месца трагедыі замежных ратавальнікаў. Вось тыповыя адказы менчукоў:

(Мужчынскі голас: ) "Я лічу, яны робяць усё, што магчыма, і замежная дапамога ідзе. Я спадзяюся, што яны ўратуюць маракоў".

(Жаночы голас: ) "Дапамогу ж прапаноўвалі амэрыканцы. Яны ад гэтага адмовіліся. Могуць загінуць. Каб амэрыканцы дапамаглі, яны маглі б уратаваць людзей".

(Жаночы голас: ) "Позна падключыліся, як і ў Чарнобылі. Я сама з Гомельскай вобласьці. Тады было тое самае".

(Жаночы голас: ) "Я лічу, што яны не даражаць салдатамі".

(Мужчынскі голас: ) "Трэба было раней выклікаць замежнікаў".

(Жаночы голас: ) "Каб на тры дні раней нарвэжцы пачалі, дык можа былі б нейкія вынікі, калі яны люк адкрылі за поўдня".

(Мужчынскі голас: ) "Трэба было разам працаваць".

(Жаночы голас: ) "Мы плачам усе гэтыя дні".

(Карэспандэнт: ) "На Вашую думку, улады Расеі зрабілі шмат намаганьняў, каб уратаваць людзей?"

(Жаночы голас: ) "Не, нічога не зрабілі. Людзей ім не шкада і не было шкада ніколі".

(Жаночы голас: ) "Пуцін вельмі пракалоўся. Я лічу, ён здрадзіў усіх. Трэба было адразу прасіць дапамогі і не выпендрывацца".

Многія таксама лічаць, што Беларусі вельмі пашэнціла, бо ёсьць сваё войска, і беларускія хлопцы больш ня служаць на Паўночным ды іншых флётах і ў гарачых кропках:

(Мужчынскі голас: ) "Нашто, беларусы павінны служыць у Беларусі".

(Мужчынскі голас: ) "Беларусы павінны служыць у Беларусі. Хаця мы з Расеяй зьвязаныя эканамічна, але нашыя павінны быць дома. Чужое войска нельга да сябе ў краіну – агульнай арміі ніколі ж ня будзе".

(Мужчынскі голас: ) "Я думаю, што гэта добра".

(Жаночы голас: ) "Канешне, добра. Нашто нам там свае галовы складаць?"

(Жаночы голас: ) "Я дакладна так думаю".

(Мужчынскі голас: ) "У нас краіна была вялікая, і мы адно аднаго неяк абаранялі. Цаліну падымалі, і ў Ташкенце землятрус, Чарнобыль. Мы адно аднаму дапамагалі. Калі зараз кожны ў свой кут залез, гэта ўжо адмоўна".

Натуральна, гэтыя меркаваньні людзей не прэтэндуюць на ролю сацыялягічнага апытаньня. Тым ня менш, у Беларусі, як бачна, ёсьць нямала людзей, якія лічаць, што служыць у сваім войску значна лепей, чым у чужым.

Іншую думку ў гэтай справе, на жаль, маюць беларускія ўлады. Як вядома, Аляксандар Лукашэнка ня раз публічна шкадаваў, што пасьля распаду СССР Беларусь засталася бяз мора і флёту. У часе леташняга візыту ў Калінінградзкую вобласьць Расеі Лукашэнка заявіў, што нядрэнна было б адрадзіць старую савецкую традыцыю аказаньня шэфскае дапамогі караблям, якія носяць назвы тых ці іншых гарадоў і рэгіёнаў. Пры гэтым Лукашэнка дадаў, што беларускія гарады гатовыя аказваць такую дапамогу тым расейскім караблям, якім нададуць беларускія назвы.

Кіраўніцтву Расеі гэтая ідэя Лукашэнкі, відаць, спадабалася, бо 29 ліпеня сёлета аднаму з караблёў Паўночнага флёту была нададзеная назва "Брэст". А ў мінулую суботу вартавы карабель фэдэральнае памежнае службы Расеі "Ягуар", які месьціцца ў горадзе Балтыйску, быў пераназваны й цяпер завецца "Мінск". Паводле словаў расейскіх афіцэраў, цяпер нованазваны карабель будзе яшчэ лепей ахоўваць супольную мяжу г.зв. "саюзу".

XS
SM
MD
LG