Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка

(эфір 19 жніўня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Нягледзячы на адміністрацыйныя намаганьні, у другой палове жніўня пачалі рэзка зьніжацца тэмпы ўборкі. Зьнізіліся й намалоты – з аднаго гэктару на 1,5 цэнтнэра. Паводле стану на 16 жніўня, намалочана 3,5 млн. тонаў збожжа бункэрнае вагі. У сьвіран трапіць крыху болей як 3 млн. тон.

З чым гэта зьвязана? Ёсьць тры прычыны. Першая – на поле з-за няспраўнасьці ня выйшлі болей як 3 тыс. камбайнаў, а з тых, што працуюць (усяго іх 14 тыс.) каля 6 тыс. вельмі зношаныя і болей стаяць, чым жнуць. Другая прычына – сталы дэфіцыт паліва: 30% гаспадарак і дагэтуль запраўляюць камбайны проста "з колаў", бо паліва ў іх было ня болей як на 2 дні. І, нарэшце, трэцяя прычына, бадай, самая галоўная – нізкая матэрыяльная зацікаўленасьць хлебаробаў ці нават поўная адстутнасьць яе. Толькі пад час жніва ўлады зьвярнулі ўвагу на пагашэньне запазычанасьці ў заробках, нібы дагэтуль ня ведалі, што ў многіх гаспадарках людзі не атрымлівалі заробкавую плату з пачатку вясны, а то й раней.

Ёсьць чыньнікі, якія тармозяць жніво ня першы год. Гэта адсталасьць аграрнага сэктару ўсходніх абласьцей краіны. На Гомельшчыне ўраджайнасьць збожжавых не перавышае 20 цэнтнэраў з гэктару. Прыкладна столькі ж збожжа зьбіраюць у Магілеўскай вобласьці, а ў Віцебскай, дзе, дарэчы, глебы ня горшыя, чым на Гарадзеншчыне, і гэтага меней.

Чаму гэтак адбываецца? Проста таму, што сацыялістычнае разбурэньне тут ёсьць больш працяглым (менавіта на 15 год), у параўнаньні з заходнімі абласьцямі. Ва ўсходніх абласьцях ёсьць раёны, дзе няма ніводнае фэрмэрскае гаспадаркі або ёсьць рэдкія адзінкі. Пануе безгаспадарчасьць, безпэрспэктыўнасьць і суцэльнае п'янства. У Амсьціслаўскім раёне, які толькі што наведаў Лукашэнка, нават пасьпелі ператварыць у цаліну ўрадлівыя землі, і толькі зараз зьбіраюцца паволі наноў асвойваць іх. Тым часам гарадзенцы наважыліся абрабляць землі ў расейскім Паволжы. Ці ня варта скіраваць іх на Амсьціслаўшчыну?

Другая прычына заняпаду – вельмі нізкая заробкавая плата, якую да таго ж своечасова не выплочваюць. Цяпер начальства цісне на ўсе адміністрацыйныя пэдалі, каб зьліквідаваць запазычанасьць. Пад час паездкі на Берасьцейшчыну й Гарадзеншчыну Лукашэнка запатрабаваў, каб улады разьлічыліся з хлебаробамі да 15 верасьня. Праз колькі дзён ён гэтую планку падняў – да 1 верасьня.

Але ня столькі адміністрацыйны ціск, колькі паступленьні грошай ад прададзенага збожжа дазволілі ўжо ў жніўні зьнізіць запазычанасьць на 7 млрд. рублёў. Але й на сёньня 14 млрд. людзям яшчэ не выплачаныя. Плюс нявыплаты за ліпень, ды ўжо й за жнівень. Так што запазычанасьць застаецца, і няма ніякіх гарантыяў, што не захаваецца й надалей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG