Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

(эфір 19 жніўня)
Каля расейскага мытнага пасту Чырвоны Камень, што знаходзіцца на памежжы Гомельскае вобласьці й Бранскае губэрні Расеі зноў узьніклі аўтамабільныя чэргі.

Як тлумачаць кіроўцы аўтамашынаў, чэргі на аўтапераходзе Чырвоны Камень зьявіліся ў сувязі з увядзеньнем расейскім бокам пасьведчаньняў на часовы ўвоз транспарту ў Расейскую Фэдэрацыю. Афармленьне гэтага дакумэнту займае пэўны час, таму і ўтвараюцца калёны з аўтатранспарту.

Працэдура не бясплатная: каб атрымаць пасьведчаньне, кіроўцу трэба заплаціць 100 расейскіх рублёў. 20 рублёў каштуе сам дакумэнт, 80 – кампутарныя паслугі. У пераводзе на беларускія грошы, гэта складае агулам 3 тысячы 200 рублёў з кожнае адзінкі транспарту.

Афіцыйна расейскія мытнікі (а яны, як і памежнікі, кругласутачна нясуць службу на аўтапераходзе) да працэдуры выдачы пасьведчаньняў дачыненьня ня маюць. Гэтым займаецца фірма «РосТЭК». Відавочна аднак, што без адпаведнага рашэньня расейскага ўраду такое новаўвядзеньне было б немагчымым, тым больш на мяжы зь Беларусьсю, зь якой Расея дэкляруе адзіную мытную прастору.

Уведзеныя пасьведчаньні на часовы ўвоз аўтатранспарту, падаецца, выконваюць падвойную задачу: з аднаго боку – абараняюць рынак Расеі ад стыхійнага ўвозу аўтатранспарту, з другога – папаўняюць за кошт беларускіх кіроўцаў яе дзяржаўны бюджэт.

Беларускія аўтаперавозчыкі да таго ж зьведваюць і іншыя шматлікія перашкоды ад саюзнае суседкі. Як распавёў начальнік аддзелу міжнародных перавозак Гомельскага аўтаэкспэдыцыйнага прадпрыемства Іван Дробыш, расейцы вядуць сапраўдную вайну супраць беларускіх аўтаперавозчыкаў. Да прыкладу, зараз яны ўзяліся прад'яўляць прэтэнзіі за нібыта ня поўнасьцю дастаўленыя грузы яшчэ ў 96-м годзе. Здараецца таксама, што за адну недакладную лічбу ці слова ў дакумэнтах груз канфіскуецца ў даход дзяржавы.

На ўжо ўпамянутым мытным пасту Чырвоны Камень да апошняга часу зь беларускіх транспартнікаў, якія працуюць з кніжкамі міжнародных дарожных перавозак, спаганяўся экалягічны збор. Дадаткова такі збор браўся яшчэ й пры ўезьдзе на Маскоўскую кальцавую дарогу.

Пасьля прэтэнзіяў, кажа спадар Дробыш, экалягічны збор расейцы ў другой палове ліпеня адмянілі. Затое ўвялі на мяжы страхаваньне кіроўцаў аўтамабіляў, якое каштуе паўтары сотні расейскіх рублёў.

У сукупнасьці з новаўведзенымі пасьведчаньнямі на часовы ўвоз аўтатранспарту ўсё гэта й выяўляе сапраўднае стаўленьне "старэйшага брата" да малодшага беларускага саюзьніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG