Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

(эфір 19 жніўня)
Журналіст Анджэй Пісальнік, які хацеў зарэгістраваць газэту "Репортёр", атрымаў з Гарадзенскага гарадзкога выканкаму чарговую адмову. Ён вырышыў таксама адмовіцца ад далейшага змаганьня.

Сёньня мусіла была адбыцца галадоўка журналістаў, пра якую было абвешчана за месяц. Аднак галадоўкі ня будзе. Анджэй Пісальнік вырашыў адмовіцца ад гэтае свае задумы. Чаму? "Таму, што ніхто не адкажа за наступствы", – патлумачыў ён мне.

Навошта тады было гучна абвяшчаць аб маючай адбыцца галадоўцы? "Была яшчэ невялікая надзея на людзкія пачуцьці чыноўнікаў, што яны ўсьвядомяць: журналісты, якім не даюць выпускаць газэту, даведзеныя да роспачы", – патлумачыў спадар Пісальнік. – "Аднак ім усё адно: хоць галадай, хоць вешайся", – зазначыў ён.

Нагадаю пра гісторыю змаганьня журналістаў з гарадзкім выканкамам. Тройчы ўлады не давалі згоды на юрыдычную адрэсу для газэты. Тады Анджэй Пісальнік вырашыў крыху зьмяніць назву й падаў чарговую заяву з просьбаю дазволіць існаваць у горадзе газэце "Репортёр-плюс". "Калі не дазволіце – будзем галадаць", – папярэдзіў ён і падаў у гарадзкі выканкам другую заяву з просьбаю даць памяшканьне для галадоўкі й доктара.

У сёньняшнім адказе з гарадзкога выканкаму запісана, што ва ўладаў "няма падстаў для прадастаўленьня памяшканьня й доктара – для правядзеньня галадоўкі".

Рэдакцыя пакідае памяшканьне, якое наймала некалькі месяцаў. Праект згортваецца, – сказаў Анджэй Пісальнік. Хаця ён яшчэ хоча выпусьціць некалькі нумароў – накладам 299 паасобнікаў. Але гэта можна рабіць і дома, – зазначыў ён. А ўвогуле яму і ягоным калегам трэба шукаць зараз працу.

XS
SM
MD
LG