Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 19 жніўня)
Як рэанімацыю мараў Аляксандра Лукашэнкі пра крэсла ў маскоўскім Крамлі расцэньваюць назіральнікі перавод на расейскую мову ўсіх інфармацыйных паведамленьняў дзяржаўнае тэлевізіі пра дзейнасьць Лукашэнкі.

Сталыя гледачы інфармацыйнае праграмы "Панарама" адзначылі, што тыдзень таму рэпартажы пра чыннасьць Аляксандра Лукашэнкі журналісты БТ сталі падаваць у эфір па-расейску. Пры гэтым вядучы "Панарамы" па-ранейшаму прадстаўляе матэр'ял па-беларуску. І ўсе астатнія сюжэты таксама ідуць беларускамоўныя. Гэткім чынам БТ правяло канчатковую мяжу паміж моваю палітыкі кіраўніка краіны і астатнім ейным жыцьцём. Нібыта вылучыўшы яго з гэтага жыцьця.

Палітычная аналітыка на БТ заўсёды была расейскамоўнаю. Пачыналася яна з аўтарскае праграмы Паўла Шарамета "Праспэкт". Яна вынесла нікому да гэтага невядомага 22-гадовага выпускніка Інстытуту народнае гаспадаркі на вяршыню журналісцкага Алімпу краіны. Агульналібэральны тон маладога аналітыка цалкам супадаў з постперабудовачнай стылістыкаю расейскіх тэлеканалаў. І не выпадкова пасьля закрыцьця "Праспэкту" Павал Шарамет апынуўся на ОРТ.

На ўзор ОРТэшнага суботняга аналітычнага выпуску будаваў на БТ свой "Рэзананс" і Аляксандар Зімоўскі. Але толькі паводле формы, якая ўлучае і мову праграмы. Зьместам жа гэтая, з дазволу сказаць, "аналітыка", ад самага пачатку стала кароткім курсам гісторыі першага беларускага прэзыдэнта. Потым да "Рэзанансу" дадаўся яшчэ адзін расейскамоўны аналітычны выпуск "Панарамы", але ўжо зь Юрыям Казіяткам.

"Палітычныя дыялёгі" БТ вядзе таксама выключна па-расейску. На штодзённай расейскамоўнай "Падзеі" здараюцца, праўда, выключэньні, але толькі ў выпадку, калі госьцем праграмы становіцца хто-небудзь зь верных Лукашэнку беларускіх творцаў. Прыкладам, пасьля Ўсебеларускага зьезду за Незалежнасьць ягоных удзельнікаў паліваў беларускамоўным брудам паэт Генадзь Пашкоў.

Штодзённыя выпускі апэратыўнае інфармацыі заставаліся пры гэтым беларускамоўнымі. І вось і ў іх рэпартажы пра Аляксандра Лукашэнку сталі весьціся па-расейску Адбылося гэта ў хуткім часе пасьля зьмены кіраўніцтва БТ. Але дасьведчаныя ў моўнай палітыцы БТ людзі запэўнілі мяне, што падобныя рашэньні не маглі прыняць на ўзроўні новага старшыні тэлерадыёкампаніі Віктара Чыкіна. Назіральнікі сьцьвярджаюць што лідэр камуністаў пастаўлены кіраваць БТ не для прыняцьця, а для выкананьня рашэньняў, якія ў прапагандысцкай палітыцы рэдка прымаюцца без удзелу намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Замяталіна.

XS
SM
MD
LG