Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Нацыянальны банк прыняў новыя правілы ўвозу й вывазу валюты ды іншых каштоўнасьцяў. У прыватнасьці, утрая павялічаная сума наяўнай валюты, якую фізычныя асобы могуць вывозіць за межы Беларусі.

Найбольш цікавая для беларусаў навіна – тое, што, пачынаючы зь 1 верасьня, дазваляецца вывозіць за межы Беларусі не 500 даляраў, як было раней, а 1500. Адмыслоўцы ацэньваюць гэтую меру вельмі станоўча, бо ў многіх беларусаў абмежаваньні на вываз валюты выклікалі сур'ёзныя праблемы. Распавядае галоўная рэдактарка газэты "Путешественник" Марына Загорская:

(Загорская: ) "Праблемы сапраўды былі, і асаблівыя цяжкасьці ўзьнікалі ў тых турыстаў, якія аддаюць перавагу індывідуальнаму турызму. Сьмешна, што тлумачыліся гэтыя абмежаваньні тым, што за межы нашай краіны вывозіліся буйныя капіталы. Я думаю, што ў дарожнай сумцы нельга вывезьці за межы краіны вялікіх грошай. Яны вывозіліся нейкім іншым шляхам, і сачыць за імі мытнікі не маглі".

– распавяла галоўная рэдактарка газэты "Путешественник" Марына Загорская.

У прэсавым цэнтры Нацыянальнага банку мне патлумачылі, што беларусы ў першую чаргу мусяць дзякаваць за новую норму мытнаму саюзу. На паседжаньні, якое прайшло ў траўні сёлета, і было прынятае адпаведнае рашэньне. Напэўна, значную ролю тут згуляла пазыцыя Расеі, таму што былі шматлікія выпадкі, калі ў расейскіх грамадзянаў на беларускай мяжы канфіскоўвалі валюту паводле беларускага заканадаўства. Праўда, у прэсавым цэнтры Нацыянальнага банку паведамілі, што і іншыя дзяржавы-ўдзельніцы мытнага саюзу падтрымлівалі гэтую пазыцыю.

Што тычыцца ўвозу валюты на беларускую мытную тэрыторыю, дык, як паведамілі ў галоўным банку краіны, абмежаваньняў тут няма. Праўда, калі чалавек увозіць у Беларусь больш за 1500 наяўных даляраў, ён мусіць іх задэкляраваць.

У дакумэнце Нацыянальнага банку гаворыцца таксама пра абмежаваньні на ўвоз і вываз беларускіх рублёў. Празь мяжу і ў адзін, і ў другі бок магчыма правезьці беларускіх рублёў на агульную суму ня больш як сто мінімальных заробкаў. Дарэчы, беларускія рублі дэкляраваць абавязкова.

Супрацоўнік прэсавае службы Нацыянальнага банку Міхал Журавовіч патлумачыў, што такія абмежаваньні былі ўведзеныя пасьля таго, як пачалася гульня на розьніцы курсаў беларускага рубля ў Беларусі і за яе межамі. Паколькі розьніца была значнаю, такі бізнэс дазваляў зарабіць значныя сумы. Такія захады, як паведамілі ў прэсавым цэнтры, могуць быць адмененая толькі пасьля таго, як Нацыянальны банк зможа сур'ёзна ўплываць на курс беларускага рубля.

Згодна з дакумэнтам банку, зь Беларусі можна вывозіць ня больш як пяць залатых, паладзіявых і плацінавых і дзесяць срэбных манэтаў. Кантроль за гэтай сфэраю ў Нацыянальным банку патлумачылі тым, што праца з золатам ды іншымі каштоўнымі мэталямі знаходзіцца ў сфэры інтарэсаў беларускіх банкаў, якія сёньня актыўна працуюць з каштоўнымі мэталямі ня толькі ў Беларусі, але й за яе межамі.

XS
SM
MD
LG