Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Некалькі дзён запар мы паведамляем пра зьезд Дэмакратычнай партыі ЗША ў Лёс-Анджэлесе. Зьезд афіцыйна вылучыў цяперашняга віцэ-прэзыдэнта Альбэрта Гора ў якасьці кандыдата дэмакратаў на пасаду праэзыдэнта ЗША на лістападаўскіх выбарах, а таксама ўхваліў выбарчую плятформу, зь якой дэмакраты пойдуць на выбары.

Выбарчая плятформа была ўхваленая бурнымі воплескамі дэлегатаў бяз пайменнага галасаваньня. "Дэмакратычнае кіраўніцтва прынесла мір і бясьпеку амэрыканцам і мільёнам свабодалюбных людзей па ўсім сьвеце, і адміністрацыя Гора-Лібэрмана будзе працягваць цяперашнюю замежную палітыку Белага Дому" – гаворыцца ў тэксьце дэклярацыі.

У выбарчай плятформе дэмакратаў знайшліся прапановы, датычныя васьмі сфэраў зьнешняй палітыкі. Гэта:

-мір у сьвеце,
-нэўтралізацыя сілаў, якія спрычыняюць хаос і нестабільнасьць,
-трансфармацыя ваенных сілаў ЗША,
-прадухіленьне войнаў і канфліктаў,
-прыцягненьне да супрацоўніцтва былых ворагаў,
-умацаваньне існуючых альянсаў,
-прадухіленьне фізычных пагрозаў,
-скарыстаньне новых магчымасьцяў.

Выбарчая плятформа дэмакратаў прадугледжвае далейшае пасярэдніцтва ЗША ў разьвязаньні рэгіянальных канфліктаў. Адміністрацыя Гора-Лібэрмана абяцае далей спрыяць мірнаму ўрэгуляваньню на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Ірляндыі, у Нагорным Карабаху і на Кіпры. "На Балканах адміністрацыя Клінтана-Гора паступіла правільна, і мы павінны закончыць нашу місію ў гэтым рэгіёне" – гаворыцца ў плятформе. Мы спынілі этнічныя чысткі ў Босьніі і Косаве шляхам і дыпляматыі, і ужыцьця ваеннай сілы і надалей будзем імкнуцца ды спрыяць таму, каб Сэрбія вызвалілася ад Мілошавіча. ЗША будуць надалей імкнуцца да скарачэньня арсэналаў зброі масавага зьнішчэньня, да таго, каб яна ня трапіла ў неадпаведныя рукі. Апрача таго, адміністрацыя Гора-Лібэрмана будзе падтрымоўваць далейшае пашырэньне НАТО, незважаючы на пазыцыю трэціх краінаў, якім гэта магло б не падабацца.

"Мінулыя 8 гадоў паказалі, што Амэрыка павінна быць гатовая ўжыць сілу, калі пад пагрозай апынуліся нашыя інтарэсы і нашыя каштоўнасьці, – гаворыцца ў плятформе. – Мы ня можам быць міжнародным паліцыянтам, але павінныя рэагаваць у залежнасьці ад патрэбы". Дэмакратычная Партыя адзначыла, што хаця ў выпадку міжнародных канфліктаў дагэтуль Біл Клінтан і Эл Гор выказваліся за іх мірную разьвязку, аднак у разе неабходнасьці ЗША павінныя быць гатовыя паслаць сваіх вайскоўцаў у любую кропку сьвету.

"Дэмакраты разумеюць, што трэба прыцягнуць да супрацоўніцтва нашых былых ворагаў", – гаворыцца ў палітычнай дэклярацыі зьезду. Мы разумеем, што гістарычная трансфармацыя Расеі ў накірунку рынкавай дэмакратыі адбываецца з цяжкасьцямі, што дэмакратызацыі шкодзіць глыбокая карумпаванасьць расейскага грамадзтва, але мы павінныя тым болей спрыяць рэформам у Расеі і шукаць шляхоў канструктыўнага супрацоўніцтва з Масквою".

Адначасова ў дакумэнце выказаная глыбокая нязгода з расейскімі дзееньнямі ў Чачні і з запалохваньнем незалежнай прэсы. "Дэмакратычная партыя, – гаворыцца у плятформе, – гатовая выказваць сваю нязгоду ў такіх пытаньнях нават калі гэта мела б прывесьці да пахаладаньня адносінаў з Расеяй".

І на заканчэньне, абзац з выбарчай плятформы непасрэдна датычны Беларусі і нашага Радыё. У выпадку выбарчай перамогі, дэмакратычныя кандыдаты будуць таксама рупіцца пра пашырэньне ў сьвеце амэрыканскіх каштоўнасьцяў і свабодаў, спрыяць дэмакратыі, датрыманьню правоў чалавека, вяршэнству закона і грамадзянскім супольнасьцям па ўсім сьвеце. "Ал Гор і Дэмакратычная партыя падтрымоўваюць далейшае фінансаваньне Радыё Свабода, Радыё Свабодная Эўропа, Радыё Свабодная Азія, Радыё Марці ды іншыя формы пашырэньня дэмакратыі і свабоднага перамяшчэньня інфармацыі. Мы будзем ажыцьцяўляць праграму, накіраваную на тое, каб дапамагчы ўрадам шэрагу краінаў быць больш адказнымі, больш адкрытымі і больш эфэктыўнымі" – гаворыцца ў выбарчай плятформе Дэмакратычнай партыі ЗША, прынятай на зьезьдзе ў Лёс-Анджэлесе.

XS
SM
MD
LG