Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 16 жніўня)
Канфлікт паміж уладамі і прафсаюзамі абмяркоўваўся сёньня на паседжаньні Нацыянальнае рады працоўных і сацыяльных пытаньняў. Прымірэньня бакоў не адбылося: паседжаньне скончылася ўзаемнымі абвінавачаньнямі.

Лідэр афіцыйных прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык назваў дзеяньні ўладаў "беззаконьнем." І ў гэтага "беззаконьня", паводле ягоных словаў, няма канца. Самы сьвежы прыклад такіх дзеяньняў, сказаў на паседжаньні Нацыянальнай рады старшыня Фэдэрацыі, – гвалт над прафсаюзам адукацыі і навукі. Гвалт учынілі падатковыя ворганы, якія "арыштавалі" банкаўскі рахунак гэтага прафсаюзу.

Кіраўнік настаўніцкага прафсаюзу Тамара Чобатава з абурэньнем паведаміла пра гэта прадстаўнікам ураду:

(Чобатава: ) "На наш погляд, падставаў ніякіх няма, таму што я ў адпачынку. І ў адпачынку галоўны бухгалтар. Толькі мы маем дачыненьне да фінансавых дакумэнтаў. І ніхто іншы. Між тым, падатковая служба запатрабавала неадкладна іх прадаставіць. Нас не было ў Менску. Таму недарэчным выглядае прычына закрыцьця банкаўскага рахунку – несвоечасовае прадастаўленьне дакумэнтаў. Але ня толькі ў гэтым абсурднасьць сытуацыі. Ад нас патрабуюць справаздачы: ці мэтава мы выкарыстоўваем прафсаюзныя грошы? Аднак гэта пытаньне ўласна прафсаюзу. Кантроль за выкарыстаньнем прафсаюзных грошай ажыцьцяўляюць прафсаюзныя ворганы, рэвізійная камісія. Тут мае месца адкрытае парушэньне прафсаюзнага заканадаўства. Нам было сказана, што ажыцьцяўляецца моцны ціск зьверху і дадзенае даручэнне праверыць гэтыя пытанні", – патлумачыла Тамара Чобатава.

Старшыня Дзяржаўнага падатковага камітэту Канстантын Сумар, які прысутнічаў на паседжаньні Нацыянальнай рады, заявіў, што рашэньне прымалі, напэўна, яго падначаленыя. І ён нічога ня ведае, але разгледзіць гэтае пытаньне і нават пакарае вінаватых.

Іншы прадстаўнік ураду, міністар юстыцыі Генадзь Варанцоў, заклікаў прафсаюзы больш узважана весьці сваю міжнародную дзейнасьць. На ягоную думку, прафсаюзы беспадстаўна накіравалі скаргу ў Міжнародную арганізацыю працы, паколькі ў Беларусі, як ён лічыць, няма ніякіх парушэньняў правоў прафсаюзаў з боку ўладаў. Тут, на думку міністра юстыцыі, і страйкі можна праводзіць, і лёгка рэгістраваць прафсаюзныя арганізацыі, і звальненьне прафсаюзных актывістаў адбываецца толькі за парушэньні працоўнай дысцыпліны.

Меркаваньне Генадзя Варанцова абверг лідэр Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Віктар Трошчы. Прадстаўнік дэмакратычных прафсаюзаў прывёў шматлікія факты парушэньняў у краіне правоў прафсаюзаў. Суполкі свабодных прафсаюзаў, сказаў ён, па-ранейшаму адмаўляюцца рэгістраваць на такіх заводах, як МТЗ, МАЗ ды іншых. Прафсаюзныя ж лідэры ня могуць дамагчыся праўды ў беларускіх судах. Таму Віктар Трошчы назваў скаргу ў Міжнародную арганізацыю працы вымушаным крокам, які, на думку кіраўніка Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, дапаможа вяртаньню ў Беларусь дэмакратычных парадкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG