Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Статкевіч заявіў учора, што лічыць памылкаю байкот выбараў, якога прытрымліваецца большасьць апазыцыйных партыяў. Сытуацыю ў шэрагах апазыцыі камэнтуе Юры Дракахруст.

Заява лідэра БСДП пра тое, што няўдзел у выбарах зьяўляецца памылкаю, прагучала пасьля характарыстыкі, якую лідэр АГП Лябедзька даў тым апазыцыянэрам, што вырашылі балятавацца ў "палату прадстаўнікоў". Лябедзька, нагадаем, сказаў: "Апазыцыя адзіная, проста 60 чалавек выйшлі з яе складу".

У адказ на гэтае "выключэнне з партыі", Статкевіч выступіў з "адкрытым забралам" і абгрунтаваў сваю пазыцыю, не хаваючыся за недарэчнасьці пра "тактычныя разыходжаньні" і "ўдзел у выбарах сябраў партыі ў якасьці грамадзянаў".

У інтэрвію нашаму Радыё Мікалай Статкевіч фактычна пацьвердзіў, што сацыял-дэмакраты бяруць удзел у выбарах менавіта як партыя.

(Статкевіч: ) "Дзяржава арганізуе палітычную кампанію, і абавязак любой сур'ёзнай палітычнай сілы скарыстаць гэтую кампанію. Пазыцыя сацыял-дэмакратаў у тым, што гэтая кампанія павінна быць скарыстаная станоўча, што мы павінны або хаця б прымусіць улады фальсыфікаваць гэтыя выбары, а па максымуму – паспрабаваць захапіць унутры гэтай улады нейкі "пляцдарм" з тым, каб з гэтага "пляцдарму" забясьпечыць больш дэмакратычныя ўмовы прэзыдэнцкіх выбараў".

Гаварыў Мікалай Статкевіч.

Заўважым, што лідэр БСДП казаў пра пазыцыю менавіта партыі, а не асобных яе сябраў. Падаецца, што пасьля гэтага расколу, які фактычна адбыўся, абедзьве групы апазыцыі апынуліся ў рызыкоўным становішчы. Калі Статкевіч і яго аднадумцы не патрапяць у палату, яны прайграюць усё: і ўласна выбары, і свае пазыцыі ў дэмакратычным асяродку. А прайграць выбары, дарэчы, апазыцыянэры могуць і без фальсыфікацыяў, і ня толькі з прычыны агітацыі іх паплечнікаў за байкот.

Напярэдадні выбараў улада можа "надуць" чарговы інтэграцыйны "пухір", нездарма ж Пуцін запрасіў Лукашэнку пасьля саміту СНД паехаць у Сочы і паразмаўляць сам-насам. І акурат пад выбары можа пачацца чарговае "зьліцьцё" з Расеяй, і тады цалкам магчымае паўтарэньне травеньскіх выбараў 1995 году, калі паралельнае правядзеньне інтэграцыйнага рэфэрэндуму забясьпечыла паразу апазыцыі. Часовае пашырэньне інтэграцыйных настрояў, якое назіраецца ў беларускім грамадзстве ў апошнія месяцы, робіць гэты сцэнар асабліва эфэктыўным.

Аднак у выпадку перамогі ў "палаце прадстаўнікоў", паводле меркаваньня Статкевіча, можа ўтварыцца "новы цэнтар апазыцыі". Пры гэтым лідэр сацыял-дэмакратаў заўважыў, што не хацеў бы, каб гэты новы цэнтар стаў "альтернатываю традыцыйнай апазыцыі". Наяўнасць гуманых пачуцьцяў можна толькі вітаць, але падаецца, што ў гэтым выпадку прыхільнікі байкоту могуць апынуцца ня толькі за сьценамі Авальнае залі, але й за межамі палітыкі наогул.

Зараз палажэньне прыхільнікаў байкоту выглядае больш складаным. Яны мусяць дэманстраваць ці імітаваць адзінства, спрабуючы вырашыць сучасны беларускі варыянт антычнай філязоўскай задачы пра кучу: колькі апазыцыянэраў павінныя прыняць удзел у выбарах, каб можна было казаць пра раскол апазыцыі.

Пазыцыю прыхільнікаў байкоту падрывае і пэрспэктыва прэзыдэнцкіх выбараў, пра удзел у якіх ужо зараз аб'яўляюць усе без выключэньня. Аб'яўляюць, заўважым, без аніякіх агаворак наконт таго, у якой ступені будуць свабоднымі гэтыя выбары. Але якраз на прэзыдэнцкіх выбарах шанцы апазыцыі выглядаюць даволі сьціплымі: рэйтынг Лукашэнкі, нават з улікам пэўнага падзеньня, у некалькі разоў перавышае рэйтынгі кожнага з яго магчымых канкурэнтаў. Да таго ж апошняе паседжаньне Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ зрабіла відавочным той факт, што адзінага апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах ня будзе – Фронт вылучыць Зянона Пазьняка. Трэба быць вялікім аптымістам, каб спадзявацца, што ён можа стаць адзіным апазыцыйным кандыдатам.

Прыхільнікі байкоту парлямэнцкіх выбараў аб'яўляюць, што маюць намер даць галоўны бой менавіта на прэзыдэнцкіх выбарах. Але ці варта прапускаць той бой, у якім ты маеш якраз найбольшыя шанцы на посьпех? Магчыма, сцэнар, распрацаваны прыхільнікамі байкоту, сапраўды настолькі эфэктыўны, што яны здолеюць дамагчыся првядзеньня свабодных парлямэнцкіх выбараў, а потым перамагчы на прэзыдэнцкіх. Але ў горшым, але цалкам верагодным, выпадку ў 2002 годзе Беларусь з байкатаваным і цалкам лукашэнкаўскім парлямэнтам і на чале з новасьпечаным прэзыдэнтам Лукашэнкам будзе ўяўляць сабой сумнае відовішча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG