Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Усё менш надзеі на тое, што ўдасца выратаваць экіпаж атамнае субмарыны "Курск", якая ўжо шэсьць дзён церпіць бедства ў акваторыі Баранцава мора. Тым часам зьявіліся весткі, што сярод афіцэрскага складу затанулае падлодкі ёсьць і некалькі беларусаў.

Пакуль не ўдакладняецца, колькі канкрэтна беларусаў можа быць на атамнай субмарыне "Курск". Бальшыня беларускіх афіцэраў, якія яшчэ з савецкага часу служаць у расейскім войску і маюць расейскае грамадзянства, асіміляваліся з тамтэйшымі жыхарамі. Пры тым, што выхадцаў зь Беларусі шмат нават сярод кіраўніцтва Паўночнага флёту – гэта намесьнік камандуючага, камандзір злучэньня, камандзір ваенна-марской базы ды іншыя, – цалкам дапушчальна, што сярод сярэдняга афіцэрскага складу беларусаў таксама дастаткова шмат.

Каб удакладніць дадзеныя, я патэлефаніў у Мурманск. Паводле словаў прадстаўніцы дарадцы беларускай амбасады ў Расеі Галіны Сьнегаўской, сапраўды, можна меркаваць, што на борце "Курску" як мінімум два афіцэры-беларусы. Гэта капітан 2-га рангу Сяргей Дудко і капітан 3-га рангу Аляксандар Садкоў.

(Сьнегаўская: ) "Cяргей Дудко, паводле непацьверджаных дадзеных (бо ў штабе ня вельмі хочуць раскрываць падрабязнасьці), можа быць нават намесьнікам камандзіра лодкі. Яму 31 год. У Сяргея тут служыў бацька, ён толькі ў 88-м годзе зьехаў у Пінск. Жонка Аксана зараз у Вядзяеве – месцы базаваньня "Курску".

Аляксандар Садкоў нарадзіўся ў Амурскай вобласьці, але ў дакумэнтах запісана, што ён беларус. Наогул, экіпаж вельмі малады. Самы старэйшы – камандзір, 45 гадоў. Толькі адсоткаў 30 маюць сем'і. І незразумела, чаму у баявы паход адпраўляюць хлапчукоў. Калі б было больш эканамічнае зацікаўленасьці, там былі б прынамсі мічманы. Не атрымаць бы пры такім стаўленьні брацкае магілы. А многія тут кажуць, што шанцы практычна нулявыя".

Гаварыла дарадца беларускай амбасады ў Мурманску Галіна Сьнегаўская.

Родныя Сяргея Дудко, а гэта маці і брат, якія жывуць у Пінску, не могуць пацьвердзіць, ці знаходзіцца ён на борце субмарыны. Брат, 19-гадовы Аляксей, кажа, што ўся інфармацыя, якую яны атрымліваюць, абмяжоўваецца тэлевізыйнымі ды газэтнамі рэпартажамі зь месца падзеяў.

(Аляксей Дудко: ) "Інфармацыя толькі тая, што перадаюць па тэлебачаньні. Я нічога ня ведаю. Радыё, тэлебачаньне…"

Між іншым, шанцаў на выратаваньне экіпажу становіцца ўсё менш. Старшыня Беларускага саюзу ваенных маракоў, капітан 1-га рангу Ўладзімер Варашнін наогул лічыць, што 80% экіпажу ўжо нежывыя. Жыцьцё можа захавацца толькі ў крайніх адсеках, дзе знаходзяцца маракі электрамэханічных службаў. Намесьнік Варашніна, контраадмірал Янгалычаў, як 17 год прахадзіў на падводных лодках, дадае: неапраўдана шмат было патрачана каштоўнага часу. Найперш, трэба было згаджацца на любую замежную дапамогу. Гэта вялікія грошы, раскрытыя сакрэты, але даражэй жыцьця чалавека няма нічога.

Гаворыць Рыгор Янгалычаў:

(Янгалычаў: ) "Я стары падводнік і служыў, канешне, не на такіх падлодках. Але сытуацыі працяглага знаходжаньня на грунце былі. Сэнс у тым, што пры адключэньні электраэнэргіі надыходзіць жудасная цемра, чалавек губляе арыентацыю ў прасторы й часе. Потым адбываецца пераахалоджваньне арганізму, бо вада на глыбіні вельмі халодная. Гэта жудасна.

Людзі павінны былі б пакінуць карабель у індывідуальных сродках выратаваньня. Але яны ня могуць адчыніць люкі, бо няма паветра. У адваротным выпадку можна было б стварыць супрацьціск, адчыніць люкі й выйсьці на паверхню".

Гэта было меркаваньне контраадмірала запасу Янгалычава.

Сёньня выратавальныя работы працягваліся безвынікова. Бадай, упершыню было агучана, што для пасьпяховай стыкоўкі патрэбна, каб нехта дапамагаў адчыняць люкі знутры. Але ці засталіся ў кагосьці на гэта сілы – невядома.

XS
SM
MD
LG