Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 2000 г.


Кастусь Бандарук

Учора ў часе, калі ў Лёс-Анджэлесе праходзіў зьезд Дэмакратычнай партыі ЗША, адбылася афіцыйная зьмена кіраўніцтва партыі. У часе кароткай сустрэчы ў мястэчку Манроў у штаце Мічыган прэзыдэнт Клінтан сымбалічна перадаў кіраўніцтва партыі Альбэрту Гору, які сёньня прыбудзе ў Лёс-Анджэлес і атрамае афіцыйнае прызначэньне ад імя сваёй партыі на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Выступаючы перад 15-цю тысячамі чалавек у штаце Мічыган Біл Клінтан і Эл Гор чарговы раз нагадалі прысутным, што за апошнія 8 гадоў іхнае жыцьцё адчувальна палепшылася. "Аднак тое, што здарылася за мінулыя 8 гадоў, гэта яшчэ нічога ў параўнаньні з тым, што чакае вас у наступныя 8 гадоў. Вы аднак павінныя зрабіць правільны выбар", – сказаў Клінтан.

У міжчасе ў Лёс-Анджэлесе з эмацыйнымі прамовамі ў падтрымку Гора выступалі іншыя вядомыя людзі, у тым ліку вядомы абаронца правоў афра-амэрыканцаў Джэсі Джэксан, а таксама дачка і брат былога прэзыдэнта Джона Кэнэдзі Кэролін Кэнэдзі, Шлёсбэрг і сэнатар Эдуард Кэнэдзі.

"І я прашу вас прысьвяціць сябе справе выбару Гора на пасаду наступнага прэзыдэнта ЗША. Толькі тройчы ў маім жыцьці я з такім энтузіязмам падтрымоўваў кандыдатаў у прэзыдэнты, як зараз падтрымоўваю Гора. Два зь іх – гэта былі мае браты", – сказаў Эдвард Кэнэдзі.

Аглядальнікі адзначаюць факт, што ўхваленая дэлегатамі на зьезд выбарчая плятформа амаль поўнасьцю супадае з аналягічнай праграмай Джона Кэнэдзі. Яна уключае лібэралізм у эканоміцы, замацаваньне прафсаюзных і грамадзянскіх правоў, права на аборты і сэксуальную талеранцыю. Дэмакраты пацьвердзілі намер працягваць высілкі дзеля ўрэгуляваньня рэгіянальных канфліктаў, а таксама падтрымалі плян стварэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны і скарачэньня ядзерных арсэналаў, аднак не ў аднабаковым парадку.

Моцную падтрымку Эл Гор атрымаў таксама ад былога сэнатара Біла Брэдлі, які раней таксама выставіў сваю кандыдатуру ад Дэмакратычнай партыі, але зьняў яе, калі не атрымаў належнай падтрымкі.

"Зараз, у часе ўсеагульных выбараў, абсалютна важна, каб мы сталі за Горам. Я падтрымоўваю яго, ухваляю яго, я буду цяжка працаваць для яго. Нашая краіна патрабуе дэмакратычнага прэзыдэнта, дэмакратычнага Кангрэсу і, што галоўнае, дэмакратычнай сьвядомасьці. Выбар Гора і Лібэрмана, гэта найлепшае, што мы можам зрабіць для краіны", – сказаў Біл Брадлі.

Пераймаючы кіраўніцтва ў Дэмакратычнай партыі Ал Гор прыраўнаў гэтую падзею да аналягічнай, якая адбылася 12 гадоў таму паміж Рэйганам і Бушам і назваў яе "перадачай паходняў". Цёпла дзякуючы Білу Клінтану Гор чарговы раз вярнуўся да "праграмы Клінтана" з пачатку 90-х гадоў.

"Біл Клінтан цяжка працаваў дзеля такой эканомікі, якую мы зараз маем. Я не хачу сапсаваць яе, але маю намер прадоўжыць пэрыяд росквіту", – заявіў Гор. Ён прамаўчаў сваю ролю ў эканамічнай палітыцы адміністрацыі. Заміж гэтага Гор войстра асудзіў пляны зьніжэньня падаткаў свайго рэспубліканскага канкурэнта Джорджа Буша-малодшага. "Я не пайду на значнае зьніжэньне падаткаў для багатых за кошт сярэдняга клясу і памыснага разьвіцьця эканомікі. Я буду змагацца за зьніжэньне падаткаў для адпаведных слаёў грамадзтва, для тых сем'яў, якія цяжка працуюць, і якія да таго ж плацяць высокія падаткі", – сказаў Аль Гор. Дарэчы, у часе амаль усіх сваіх выступленьняў ён падкрэсьлівае, што ягоны супернік прывядзе да аднаўленьня эканамічнай палітыкі ягонага бацькі, гэта значыць да ільготаў для багацейшых за кошт бяднейшых.

Сёньня ў палове дня паводле каліфарнійскага часу Эл Гор прыбывае ў Лёс-Анджэлес і з гэтага моманту ўся ўвага дэлегатаў будзе сканцэнтраваная на ім. Пра новага лідэра Дэмакратычнай партыі будуць гаварыць ягоныя блізкія знаёмыя, а дэлегаты зьезду паглядзяць дакумэнтальны фільм пра Гора. Ягоная прамова, ў якой Эл Гор паведаміць аб сваёй згодзе стаць кандыдатам партыі на прэзыдэнцкіх выбарах, заплянаваная на заўтра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG