Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Пад час сваіх шматлікіх паездак у палі Аляксандар Лукашэнка абяцае ўвосень істотна павялічыць заробкі беларусам. А тым часам ужо ў жніўні адбыўся шэраг значных падаражэньняў – прыкметна павялічыліся тарыфы на цяпло й газ, на паслугі электрасувязі, падвышаны кошт квіткоў на чыгунцы. Плянуецца, што ў гэтым жа месяцы павялічацца транспартныя тарыфы. Паказальна, што ўсе істотныя падвышэньні цэнаў адбываюцца цяпер, а рост заробкаў заплянаваны толькі на восень, калі беларусаў будуць клікаць на выбарчыя ўчасткі.

Аляксандар Лукашэнка ў часе сваіх апошніх паездак па сенажацях і пожнях прылюдна абяцае, што ўвосень павялічыць заробкавую плату на чвэрць, а потым – яшчэ на 25%. Учора Аляксандар Лукашэнка зрабіў заяву, што, калі ня будзе ліквідаваная запазычанасьць у заробках у сельскай гаспадарцы да верасьня, дык беларускае чынавенства наогул не атрымае заробкаў.

Доктар эканамічных навук прафэсар Барыс Жаліба лічыць падобныя заявы перадвыбарчым рэклямным трукам.

(Жаліба: ) "Размова, відавочна, ідзе пра падвышэньне намінальнае вялічыні заробкаў. Нагадаю, што за першую палову бягучага году цэны падвысіліся на 54%. Гэта паводле афіцыйнае статыстыкі. Напрыклад, ужо ў жніўні значна падняліся цэны на камунальныя паслугі. Калі тэмпы інфляцыі на спажывецкім рынку захаваюцца на ўзроўні 7,4% у месяц, як гэта было ў першай палове году, тады ўся гэтая "падзьвіжка" з заробкамі будзе "зьедзена", як гэта адбывалася й раней.

У такім разе заяву спадара Лукашэнкі належыць разглядаць як рэкляму ў сувязі з выбарамі. А калі ўраду атрымаецца падняць нашыя рэальныя заробкі ў даляравым эквіваленце (і хоць не на 50%, а нават і меней), дык, як кажуць, сьцяг ім у рукі", – гэта быў доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба.

На нядаўняй сустрэчы ў Лідзе Лукашэнка прасіў не забываць, што беларусы вельмі мала плацяць за кватэру й камунальныя паслугі. А тым часам камунальныя паслугі даражэюць амаль кожны месяц. У ліпені падвысіліся тарыфы на халодную ваду, каналізацыю, карыстаньне ліфтам, павялічылася стаўка платы за карыстаньне жылымі памяшканьнямі. А ўжо зь 15 жніўня на 50% падвышаныя тарыфы на цяпло й газ. Трэба заўважыць, што кошты на цяпло павялічваюцца задоўга да ацяпляльнага сэзону, пачатак якога супадзе з выбарамі ў гэтак званую "Палату прадстаўнікоў".

У жніўні таксама чарговы раз адбылося падвышэньне цэнаў на паслугі электрасувязі. І, як плянуецца, хутка падаражэюць аўтобусныя білеты на міжгародніх і прыгарадных маршрутах, а таксама падвысяцца тарыфы таксі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG