Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеўская вобласьць

Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў Мсьціслаўскі і Горацкі раёны Магілеўскай вобласьці. Ён настолькі незадаволены станам справаў на Мсьціслаўшчыне, што загадаў увесьці там амаль што ваеннае становішча.

Верталёт Аляксандра Лукашэнкі прызямліўся на полі ў Мсьціслаўскім раёне, каб паглядзець што сталася з гэтым рэгіёнам пасьля таго, як больш за год таму было зьмененае ўсё ягонае кіраўніцтва, а старшыня райвыканкаму зараз ужо асуджаны.

Уражаньне ад раёну, паводле словаў Лукашэнкі, проста жахлівае, і ён лічыць, што тут адсутнічае і працоўная, і тэхналягічная дысцыпліна. Кіраўнікі дзяржавы заявіў, што ён жорстка распарадзіўся (цытую) "увесьці на Мсьціслаўшчыне ну проста ваеннае становішча". А раней ён тлумачыў народу, як трэба працаваць: па адмашцы з золку да захаду, ні кроку налева, ні кроку направа, як сышоў з поля без дазволу – няма зарплаты, няма працы, едзь адсюль. Толькі так, паводле меркаваньня Аляксандра Лукашэнкі, можна ўратаваць гэты раён.

Але зь ім, відаць, нязгодныя тутэйшыя жыхары, якія і ў Мсьціслаўскай вёсцы, і ў адносна дабрабытных Горках традыцыйна скардзіліся і на нізкія заробкі, і на высокія цэны. Кіраўнік дзяржавы паведаміў людзям, што ліміт падвышэньня цэнаў вычарпаны, далей нельга. Цяпер будуць падвышаць заработныя платы. Народ радасна рэагаваў на такія зьвесткі.

Прынцыпова кожнага разу рэакцыя мясцовых людзей на візыт прэзыдэнта аднолькавая. Усе злуюцца, бо бачаць, як чысьцяць вуліцы і выганяюць тэхніку на палі спэцыяльна для Лукашэнкі. У гутарках паміж сабой клянуць сваё жабрацкае жыцьё, але як толькі прыяжджае кіраўнік дзяржавы, яны кажуць, што праблемаў няма і жыць ім з кожным годам усё лепей і лепей.

Аляксандар Лукашэнка быў вельмі задаволены эфэктам ад сваёй жорсткай нарады ў аўторак – ужо сёньня раніцай Магілеўшчына рапартавала яму аб выплаце ўсіх грошай за збожжа, якое было здадзенае раней, і нават выказала імкненьне праплаціць авансы.

XS
SM
MD
LG