Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

З Барысаўскага ізалятару часовага ўтрыманьня пасьля 13-дзённае галадоўкі датэрмінова вызвалены лідэр мясцовай арганізацыі Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Аляксандар Абрамовіч. Ён быў асуджаны на 15 сутак арышту пасьля правядзеньня ў цэнтры гораду несанкцыянаванага пікету супраць палітычнага перасьледу іншадумцаў з боку барысаўскіх уладаў.

Аляксандар Абрамовіч быў вызвалены з турэмнай камэры сёньня ўдзень. Праз паўгадзіны пасьля свайго вызваленьня ён паведаміў нашаму радыё, што пасьля галадоўкі адчувае сябе добра і не прасіў у адміністрацыі ізалятару датэрміновага вызваленьня.

Гаворыць Аляксандар Абрамовіч:

(Абрамовіч: ) "Адпусьціла мяне міліцыя, па-першае, каб падстрахавацца. Усё ж чатырнаццаты дзень галадоўкі – гэта тэрмін сур'ёзны, могуць быць усялякія ўскладненьні. А па-другое, ускосна міліцыя прызнае справядлівасьць нашых патрабаваньняў. Быццам бы лекары напісалі, што я паводле стану здароўя не магу даўжэй знаходзіцца ў ізалятары. Але я пісьмова ніякіх заяваў не рабіў, што я дрэнна сябе адчуваю. А калі б так было на самай справе, дык міліцыя павінна была б завезьці мяне ў шпіталь, а не дадому. Таму я лічу, што гэты довад, які прыводзіць міліцыя, не вытрымлівае ніякай крытыкі".

Лічыць лідэр Барысаўскае філіі "Народнае Грамады" спадар Абрамовіч.

Сёньня на разьвітаньне начальнік барысаўскага ізалятару Паўлавец сказаў Абрамовічу, што, хоць яго й вызваляюць датэрмінова, аднак калі апазыцыянэр трапіць у вязьніцу яшчэ раз, дык абавязкова дасядзіць гэтыя двое сутак. Тым ня менш, Аляксандар Абрамовіч ня толькі не зьбіраецца спыняць правядзеньне ў горадзе несанкцыянаваных акцыяў, але й мае намер павялічыць іхную колькасьць.

Паводле словаў спадара Абрамовіча, праведзеная галадоўка толькі надала яму сілы да далейшае барацьбы. Сваю галадоўку ён праводзіў на знак пратэсту супраць правядзеньня ў Беларусі 15 кастрычніка выбараў, якія апазыцыянэр лічыць фарсам.

А несанкцыянаваны пікет, за які Аляксандар Абрамовіч атрымаў 15 сутак арышту, праводзіўся супраць злоўжываньняў у сфэры аховы здароўя. Барысаўскія сацыял-дэмакраты перакананыя, што ў іхным горадзе маюць месца факты скарыстаньня ўладамі карнае мэдыцыны ў адносінах да апазыцыянэраў.

Аляксандар Абрамовіч таксама паведаміў, што вытрымаць галадоўку яму дапамагла падтрымка калегаў. Пакуль ён сядзеў у ізалятары, барысаўскія апазыцыянэры распаўсюджвалі ў горадзе ўлёткі з патрабаваньнем вызваліць яго, а таксама некалькі разоў наведвалі яго ў вязьніцы.

Падтрымку зьняволенаму Абрамовічу аказвалі й супрацоўнікі Барысаўскага грузавога аўтапарку №1. Так, калежанка зьняволенага апазыцыянэра Алеся Ясюк, якая працуе на гэтым прадпрыемстве, на працягу двух дзён падтрымлівала галадоўку Абрамовіча тым, што вывешвала з вакна аўтапарку бел-чырвона-белы сьцяг. Паводле яе словаў, амаль усе супрацоўнікі прадпрыемства падтрымалі гэтую акцыю.

XS
SM
MD
LG