Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 2000 г.


Учора на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску прадстаўнікі аб'яднанай беларускай апазыцыі заявілі пра тое, што яны будуць байкатаваць восеньскія выбары. Але, як высьветлілася, 60 сябраў апазыцыі маюць намер балятавацца ў "палату прадстаўнікоў". Цяперашняе становішча апазыцыі – тэма гутаркі нашых аглядальнікаў Валерыя Карбалевіча (Менск) і Юрыя Дракахруста (Прага).

(Дракахруст: ) "15 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі лідэр Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў: "У дэмакратычнай апазыцыі адна стратэгія – гэта стратэгія перамогі. Нашая мэта – барацьба за рэальную ўладу, гэта значыць – за Беларусь. Сёньня мы дакладна ведаем ня толькі тое, што рабіць, але і чаго ня трэба рабіць. Фармат удзелу ў восеньскай кампаніі – гэта актыўны байкот".

Але ж шмат удзельнікаў апазыцыі ўжо актыўна ўключыліся ў выбарчую кампанію. Дастаткова прыгадаць імёны Чыгіра, Статкевіча, Шчукіна, я ўжо не кажу пра парыю камуністаў і лібэральных дэмакратаў Гайдукевіча, якія ўдзельнічаюць у выбарах як палітычныя арганізацыі, як партыі. Варта нагадаць, што яны таксама ўваходзяць у Каардынацыйную раду апазыцыйных партыяў. Але нават без калякінскіх камуністаў і лібэрал-дэмакратаў, як высьветлілася, агульная колькасьць апазыцыянэраў, што пайшлі на выбары, – 60 чалавек. Гэта больш за палову мейсцаў у палаце. Спадар Лябедзька пракамэнтаваў гэта так: расколу ў апазыцыі няма, проста 60 чалавек выйшлі з шэрагаў апазыцыі. Ці згодныя Вы з гэтай тэзай, з гэтай ацэнкай, ці гэта проста добрая міна пры дрэннай (ці ня надта добрай) гульні? І калі раскол ёсьць, дык як Вы ацэньваеце яго наступствы?"

(Карбалевіч: ) "Я лічу, што сапраўды раскол ёсьць. Відавочны крызыс апазыцыі, і гэта для апазыцыі вельмі дрэнная сытуацыя. І тое, што зусім нядаўна Лукашэнка выступіў з пасланьнем на адрас Эўразьвязу і АБСЭ з шараговымі, касмэтычнымі саступкамі што да чатырох умоваў свабодных і дэмакратычных выбараў, што высоўвалі эўрапейскія структуры, гэта рэакцыя на тое, што значная частка апазыцыянэраў прымае ўдзел у выбарах.

Апазыцыя кінула Лукашэнку тую саломінку, за якую ён ухапіўся ў безнадзейнай сытуацыі, каб зрабіць апошнюю спробу легітымізаваць рэжым, легітымізаваць гэтыя выбары. Я думаю, што адзінства апазыцыі ня вытрымала выпрабаваньне выбарамі. І праблема тут значна шырэй, чым зьяўленьне дысыдэнтаў у шэрагах апазыцыі.

Пытаньне аб удзеле ці няўдзеле ў выбарах – гэта пытаньне тактыкі, а не прынцыпу, я лічу. Яно ня мае рацыянальнага вырашэньне. Рацыянальных аргумэнтаў за ўдзел у выбарах можна знайсьці роўна столькі ж, колькі і супраць. Але рашэньне, на мой погляд, у іншай плашчыне.

Па-перашае, тут павінна быць адзінства апазыцыі. Па-другое, павінен быць вельмі тэхналягічны альтэрнатыўны сцэнар, прычым раўнацэнны ўдзелу ў выбарах. Я падкрэсьліваю – раўнацэнны. А тая сытуацыя, што мае месца зараз, калі адна частка апазыцыі заклікае сваіх прыхільнікаў не хадзіць на выбары, а другая частка заклікае той жа самы электарат прыйсьці і прагаласаваць за дэмакратычнага кандыдата, дык самае верагоднае наступства гэтай сытуацыі будзе таакое. Выбары адбудуцца, і перамогуць прадстаўнікі прэзыдэнцкай вэртыкалі, прычым, без асаблівых фальсыфікацыяў".

(Дракахруст: ) "Валер, я згодны з Вамі, што сапраўды раскол аслабляе абодва крылы апазыцыі. Тым, хто будзе заклікаць байкатаваць, людзі могуць сказаць: "Чаму ж вы заклікаеце? Вашыя людзі, якія ўчора сядзелі з вамі на адных турэмных нарах, якія удзельнічалі ў вашых жа мітынгах, яны ідуць на выбары. Чаму вы заклікаеце нас не галасаваць? А здругога боку тым, хто ўдзельнічае ў выбарах, тыя ж людзі могуць сказаць: "Ну што ж вы ідзеце на выбары, калі вашыя ж людзі заклікаюць на іх не ісьці? Акрамя таго, можа спрацаваць такі фэномэн. Спадар Статкевіч, як лідэр Сацыял-Дэммакратычнай партыі на выбары не ідзе, але грамадзянін Статкевіч на выбары ідзе, хаця гэта адна і тая ж асоба. На Ваш погляд, пры гэтым расколе (добра гэта ці дрэнна, але ён фактычна адбыўся – тут я з Вамі згодны) хто больш страціць?"

(Карбалевіч: ) "Я думаю, што больш страціць менавіта ўся апазыцыя як палітычны інстытут. Я думаю, што ў гэтай сытуацыі атрымаюць паразу абедзьве гэтыя часткі. І вось тое, што здарылася ў Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", – гэта такая квінтэсэнцыя таго крызысу апазыцыі. Калі зьезд партыі прымае рашэньне няўдзельнічаць у выбарах, а кіраўніцтва партыі вылучае сябе кандыдатамі, то гэта азначае, што партыя ператвараецца ў нейкую іншую арганізацыю. І ў гэтым сэнсе я думаю, што больш за ўсё ад гэтага выйграе ўлада, рэжым".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG