Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Цяпер ні адна ўплывовая асоба ў Беларусі ня можа сьцьвярджаць, што яе не папярэджвалі пра магчымыя наступствы непрызнаньня з боку міжнароднае супольнасьці заплянаваных на 15 кастрычніка выбараў у "Палату прадстаўнікоў". Такую выснову зрабіў сёньня кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік пад час сустрэчы з экспэртамі ў справах мас-мэдыяў з боку апазыцыйных палітычных партыяў.

Амбасадар Вік, якога на працягу дзесяці апошніх дзён не было ў Беларусі, пад час сёньняшняе сустрэчы абагульніў вынікі трох найважнейшых акцыяў міжнароднае супольнасьці адносна Беларусі за першую палову жнўня. Гэтае наведваньне Менску дэлегацыяй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на чале з Тэры Дэйвісам, экспэртамі Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека пад кіраўніцтвам Храйара Баліана, а таксама другі раўнд тэхнічнае канфэрэнцыі адносна Беларусі ў Вене.

Спадар Вік падкрэсьліў, што ўсе гэтыя дзеяньні былі накіраваныя на інфармаваньне найперш прадстаўнікоў уладаў пра магчымыя наступствы непрызнаньня кастрычніцкіх выбараў у "Палату прадстаўнікоў" свабоднымі й дэмакратычнымі. Паводле амбасадара, міжнародныя структуры зрабілі ўсё, каб аб'ектыўна разабрацца ў сытуацыі, каб папярэдзіць, што беларускія справы надзвычай сур'ёзныя.

Тое, што такая тактыка слушная, пацьвярджае заўчорашні зварот Лукашэнкі да кіраўніцтва Генэральнага сакратара Эўрапейскага Зьвязу спадара Саланы й дзейнага старшыні АБСЭ спадарыні Бэніты Фэрэра-Вальднэр.

Дарэчы, адзін з супрацоўнікаў менскае групы АБСЭ ўжо пасьля заканчэньня сустрэчы экспэртаў сказаў у прыватнай гутарцы з аўтарам гэтага матэрыялу, што, на ягоную думку, зварот Лукашэнкі можа паўплываць на рашэньне адносна накіраваньня міжнародных назіральнікаў. Паўплываць у тым сэнсе, што 30 жніўня ў Вене яшчэ ня будзе прынятае канчатковае рашэньне. Мой суразмоўца не выключае варыянт, пры якім у гэты дзень на венскай нарадзе ня будзе сказана ані канчатковае "не", ані канчатковае "так". Маўляў, трэба будзе яшчэ паглядзець, ці выканае Лукашэнка свае апошнія абяцаньні.

Між тым, паводле інфармацыі зь Вены, паседжаньню, якое заплянаванае на 30 жніўня, надаецца шмат увагі. Мяркуецца, што яго распачне дзейная старшыня АБСЭ. Шмат шанцаў на тое, што 30 жніўня ў Вене зьявіцца й новы старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, які, нагадаем, да гэтага часу захоўвае за сабою пасаду кіраўніка рабочае групы ў пытаньні Беларусі.

І яшчэ адна цікавая інфармацыя – зараз вывучаецца магчымасьць удзелу ў венскай нарадзе прадстаўніка Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў на ўзроўні намесьніка старшыні Выканаўчага камітэту СНД.

XS
SM
MD
LG