Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Ужо год, як маці Аляксандра Лукашэнкі Кацярына жыве ва ўласным доме ў Менску, які разьмешчаны ў прэстыжным раёне побач з праспэктам Машэрава, у невялічкім пасёлку Крупцы.

Гэты будынак, што зьявіўся побач з "Футбольным цэнтрам" на праспэкце Машэрава, адразу прыцягвае ўвагу. Прыгожы дах з мэталядахоўкі, шклопакеты, дубовая агароджа, на сьветлых сьценах ахоўная апаратура, побач з домам – дапаможныя збудаваньні, на брамцы – перамоўная прылада. Вонкавымі абрысамі яна нагадвае звычайную сялянскую хату, але пабудаваную з дарагіх сучасных матэрыялаў.

Кантрасна выглядаюць побач зь ёй старыя хаткі пасёлку Крупкі. Асабліва адрозьніваецца суседняя хата. Яна ледзь не развальваецца. У ёй жыве пэнсіянэрка Слава Савіч. Ёй 75 год. Спадарыня Савіч распавяла, што ейнай суседкаю ужо год як стала маці Аляксандра Лукашэнкі. Хату для яе пабудавалі хутка, амаль за паўгода. І менавіта тады будаўнікі сказалі бабулі, што будуюць хату для маці Лукашэнкі. Тады ж паставілі новую агароджу й для спадарыні Савіч, не такую шыкоўную, як для маці Лукашэнка, але ўсё ж добрую.

Спадарыня Слава ўспамінае, як Кацярына Лукашэнка пераяжджала ў гатовую хату. Тады грузавыя машыны пад'яжджалі да самага ганку, у скрынках заносілі мэблю.

Разам з маці Лукашэнкі заўжды знаходзяцца ахоўнікі. Некалькі разоў Слава Савіч заўважала, як ейнася суседка з ахоўнікам хадзіла ў краму. Але такое бывае нячаста. Звычайна, як лічыць спадарыня Савіч, прадукты да яе завозяць на машынах з зацемненым шклом.

Суседка шмат разоў бачыла, як да Кацярыны прыяжджалі ўвечары такія машыны. Часам нехта начаваў у яе, іншым разам яе саму кудысьці адвозілі.

Слава Савіч дагэтуль не пасябравала з суседкаю. Толькі некалькі разоў яны проста павіталіся пры сустрэчы. Слава ня ведае нават імя маці прэзыдэнта. Чуе толькі праз высокую агароджу, як брэша сабака ці квохчуць куры. Суседка бачыла, як некалькі разоў маці Лукашэнкі жала траву для курэй.

Я паспрабавала сустрэцца з маці Лукашэнкі. Але колькі ні званіла па перамоўнай прыладзе, ніхто не адказваў, хоць было бачна, што ў хаце нехта ёсьць.

Як распавядаюць журналісты, якія ў свой час спрабавалі сустрэцца з маці Лукашэнкі ў вёсцы Александрыя, узяць у яе інтэрвію амаль немагчыма. Адзіныя словы, якія пашчасьціла некаторым пачуць ад маці першага прэзыдэнта: "Я вас ня ведаю і ведаць не хачу". Не кажучы ўжо пра запрашэньне зайсьці ў хату ці проста пацікавіцца, што патрэбна. Увогуле, усе александрыйскія суседзі сьцьвярджаюць, што маці Лукашэнкі ўвесь час вяла вельмі замкнёны лад жыцьця, кантактавала толькі зь некалькімі суседкамі і ўвогуле, спадзявалася толькі на сябе.

XS
SM
MD
LG