Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 жніўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Багданаў – Гальшаны – Менск

Міністар культуры Аляксандар Сасноўскі лічыць немэтазгодным усталяваньне памятнае шыльды ў гонар Фэрдынанда Рушчыца на будынку менскае гімназіі, у якой вучыўся клясык беларускага жывапісу. Пра гэта стала вядома ў ходзе плэнэру, які ў гонар 130-гадовага юбілею Рушчыца на ягонай радзіме правяла мастакоўская суполка "Пагоня".

Трабы, Багданаў, Баруны, Вішнева, Крэва, Гальшаны. Краявіды гэтых, некалі славутых мястэчак цягам дзесяці дзён натхнялі групу мастакоў суполкі "Пагоня" на плэнэры, які яны зладзілі ў гонар 130-гадовага юбілею Фэрдынанда Рушчыца.

Свае творчыя вандроўкі яны распачалі з Багданава, дзе 10 сьнежня 1870 году ў родавым маёнтку зьявіўся на сьвет будучы клясык беларускага жывапісу. Натхнялі мастакоў у гэтым мейсцы толькі парослыя бур'яном руіны рушчыцаўскае сядзібы. Дзякуючы багатаму ўяўленьню зьяўляліся на паперы абрысы былое архітэктурнае велічы і на Крэўскім замчышчы. А зруйнаваны да рэшты Гальшанскі замак спараджаў пераважна прывідныя сюжэты.

Балазе, мітаў пра замкавыя ды кляштарныя здані тут пануе багата. Але дырэктарцы гальшанскае філіі Нацыянальнага мастацкага музэю Чаславе Акулевіч хочацца вярнуць у гэтыя мяйсьціны рэальнае культурнае жыцьцё. Пакуль яшчэ ня ўсё дашчэнту страчанае. Хаця б тыя ж муры комплексу кляштару Францішканаў, у сьценах якога супрацоўнікі музэйнае філіі рупяцца стварыць мастацка-інтэлектуальны местачковы дух, тым самым узвысіць Гальшаны над вясковым занядбаным станам.

На закрыцьці плэнэру Часлава Акулевіч казала пра свой боль і клопат:

(Акулевіч: ) "Неяк балюча сэрцу, калі я чую, што вёскай называюць Вішнева, вёскай называюць Гальшаны. Гэта ж, мне здаецца, такое простае пытаньне. Калі мы так узьнёсла адносімся да местачковай культуры, калі мы вучымся яшчэ ў нашых продкаў, якія жылі ў гэтых мястэчках – гэта і князі Радзівілы, князі Сапегі, князі Гальшанскія. Мы дзівімся яшчэ на будынак, у якім сёньня знаходзімся. Ён прастаяў чатыры стагодзьдзі. Мне захацелася, каб гэтым мястэчкам ізноў даць старадаўнія назовы".

Людзей, якія хочуць адрадзіць хоць частку страчанае спадчыны, шмат і ў Вішневе, і ў Багданаве. Ёсьць яны, як ні дзіўна, і ў кіраўніцтве мяйсцовае "вэртыкалі", у чым пераканаліся ўдзельнікі рушчыцаўскага плэнэру.

Гаворыць арганізатар акцыі старшыня мастацкае суполкі "Пагоня" Мікола Купава:

(Купава: ) "Людзі самі па сабе ўжо былі настолькі падрыхтаваныя – і ў Багданаве, і ў Гальшанах яны ведаюць… Ну ў Гальшанах – там на ўзроўні інтэлегенцыі, то ў Багданаве і ў школе ёсьць музэй, і людзі ведаюць пра Рушчыца дастаткова. Ведаюць, што гэта мастак высокага кшталту, што гэта чалавек, каторага трэба шанаваць. І таму вось гэта паслужыла такім штуршком да яшчэ большай зацікаўленасьці".

Сказаў Мікола Купава.

Ён таксама паведаміў пра рэакцыю ўладных структураў на папярэднюю ініцыятыву мастакоў – усталяваць памятную шыльду ў гонар Фэрдынанда Рушчыца на будынку менскае гімназіі, дзе вучыўся будучы клясык беларускага жывапісу. "Немэтазгодна", – так адказаў мастакам міністар культуры Аляксандар Сасноўскі.

XS
SM
MD
LG