Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 жніўня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Паводле апошніх дадзеных сацыёлагаў, індэкс даверу да дзяржаўных СМІ істотна перавышае давер да недзяржаўнае прэсы.

Сёлета ў ліпені Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў разам з Цэнтрам сацыяльных і экалягічных дасьледваньняў правёў чарговае маштабнае апытаньне грамадзкае думкі. Значная частка апытаньня была прысьвечаная СМІ, іхнай папулярнасьці й ступені даверу з боку грамадзянаў краіны.

Адразу ж кідаецца ў вочы вельмі высокая ўплывовасьць беларускіх мас-мэдыяў, прынамсі, з пункту гледжаньня апытаных. Так, на пытаньне "хто аказвае найбольш істотны ўплыў на грамадзкае жыцьцё ў нашай краіне?" рэспандэнты паставілі СМІ на другое месца пасьля цяперашніх уладаў.

Праўда, цяжка сказаць, ці гэта характарызуе моц СМІ, ці хутчэй слабасьць іншых структураў грамадзянскае супольнасьці – палітычных партыяў, Вярхоўнага Савету, грамадзкіх арганізацыяў. Гэта можа падацца парадаксальным, але, на думку апытаных, уплыў СМІ на грамадзкае жыцьцё краіны амаль у два разы большы за ўплыў Расеі, у тры разы большы за ўплыў Захаду ды ўласна беларускага народу.

Што тычыцца даверу да СМІ, дык тут апошнія месяцы стабільна назіраецца даволі трывожная тэндэнцыя: давер да дзяржаўных СМІ прыблізна ў паўтары разы пераўзыходзіць адпаведны рэйтынг недзяржаўных мас-мэдыяў. Дзяржаўная прэса зь індэксам даверу 47 адсоткаў займае агульнае 5 месца пасьля войска, царквы, дзяржаўных дасьледчых цэнтраў і прэзыдэнта. Недзяржаўныя СМІ з рэйтынгам 27 адсоткаў амаль у канцы гэтага сьпісу.

Пракамэнтаваць гэтую тэндэнцыю я папрасіў прэзыдэнта БАЖ Жану Літвіну.

(Літвіна: ) "Я думаю, што ў першую чаргу адна з прычынаў – такая хвяля дыскрэдытацыі, якую мы сёньня назіраем кожны дзень з вуснаў прадстаўнікоў уладаў у дачыненьні да недзяржаўнай прэсы, а таксама з боку калегаў з дзяржаўнай прэсы. Другая прычына – адсутнасьць рэклямных кампаніяў саміх недзяржаўных газэтаў пра сваю дзейнасьць. Ну і яшчэ тут трэба гаварыць аб прафэсійных момантах. Мне здаецца, што, на жаль, часам замест дакладнай, аб'ектыўнай інфармацыі як дзяржаўная прэса, так і недзяржаўная прэса і журналісты прапануюць сваю суб'ектыўную аўтарскую вэрсію з нагоды той ці іншай падзеі".

(Карэспандэнт: ) "Сродкі дзяржаўнай прапаганды любяць паўтараць такі выраз: "падкантрольная апазыцыі так званая незалежная прэса". Як на Вашую думку гэты фактар – тое, што недзяржаўная прэса зьвязваецца з апазыцыяй – ці аказвае ён уплыў на ступень недаверу да дзяржаўнай прэсы?"

(Літвіна: ) "Я лічу, што гэта самае абразьлівае, што толькі могуць дазволіць сабе людзі, якія называюць недзяржаўную прэсу "падкантрольнай апазыцыі". Мне падаецца, яна наадварот вельмі аб'ектыўная ў ацэнках палітычнай сытуацыі, вельмі аб'ектыўная і сумленная ў ацэнках той жа палітычнай апазыцыі".

Лічыць Жанна Літвіна.

Можна дадаць, што найбольшы індэкс даверу сярод беларускіх грамадзянаў карыстаюцца расейскія мас-мэдыі. Гэта назіраецца як у друку, гэтак і ў электроннай прэсе. Напрыклад, усе тры расейскія тэлеканалы – РТР, ОРТ і НТВ – значна апярэджваюць паводле рэйтынгу даверу дзяржаўную Беларускую телевізію. Прафэсійны падыход да інфармацыі, відавочна, перамагае прапагандысцкую зашоранасьць.

XS
SM
MD
LG