Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Зінаіда Ганчар, жонка намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара, які зьнік летась 16 верасьня пры загадкавых абставінах у раёне велазаводу ў Менску, даслала лісты прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, старшыні КГБ Беларусі Ўладзімеру Мацкевічу, старшыні Рады Бясьпекі Віктару Шэйману і ў пракуратуру.

Зінаіда Ганчар распавяла "Радыё Свабода" пра тое, што прымусіла яе напісаць гэтыя лісты:

(Ганчар: ) "Я зьвяртаюся да Пуціна ўжо другі раз. Першы – у лютым. Нам тады паведамілі, што нашым пытаньнем будзе займацца ФСБ. Паколькі ў нашай прэсе ўвесь час мусіруецца пытаньне пра дачыненьне расейскіх спэцслужбаў да выкраданьня майго мужа, гэта падштурхнула мяне зьвярнуцца да Пуціна яшчэ раз. Я сама нарадзілася й вырасла ў Расеі, атрымала там адукацыю, і мне вельмі страшна нават падумаць, што Расея замешаная ў гэтым".

У сваім лісьце да расейскага прэзыдэнта Зінаіда Ганчар просіць яго дапамагчы ў пошуках мужа:

"Беларускія ўлады працягваюць сьцьвярджаць, што мой муж знаходзіцца на тэрыторыі Расеі. 18 траўня 2000 году Лукашэнка заявіў пра гэта на сустрэчы зь міністрам унутраных справаў Расейскае Фэдэрацыі спадаром Рушайлам…
Беларускія ўлады і праваахоўныя ворганы ўвесь гэты час бязьдзейнічаюць або распаўсюджваюць адкрытую ману і паклёп, каб зьняць зь сябе адказнасьць за гэтае здарэньне. Матэрыялы сьледзтва цалкам засакрэчаныя, што дае дазвол уладам беспакарана ўтойваць сваё злачыннае бязьдзеяньне".

Акрамя таго, жонка Віктара Ганчара накіравала лісты ў КГБ, Раду Бясьпекі й пракуратуру. Гаворыць Зінаіда Ганчар:

"Зьвярнуцца да іх мяне падштурхнула інтэрвію з дарадцам Лукашэнкі Посахавым на Беларускай тэлевізіі ў праграме "Панарама". Ён заявіў вядучаму Казіятку пра тое, што ведае, хто выкраў Ганчара. Ён адказаў, што гэта зрабілі спэцслужбы. Я жыву ў Беларусі ўжо дваццаць гадоў. Дасюль я ведала пра дзьве службы – гэта КГБ і Рада Бясьпекі. Таму ў сваіх лістох я папрасіла дапытаць Посахава, бо, калі ён валодае такімі зьвесткамі і маўчыць, дык ён злачынца… І, калі Лукашэнка абставіўся такімі дарадцамі, я ўяўляю сабе, што будзе далей", – паведаміла Зінаіда Ганчар.

У адпаведнасьці з заканадаўствам адказы на свае лісты Зінаіда Ганчар можа атрымаць на працягу месяца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG