Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 жніўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Стварэньне дзяржаўнае інфармацыйнае сыстэмы, пра якое было абвешчана ўчора, зьяўляецца часткаю падрыхтоўкі беларускіх уладаў да выбараў. Новыя інфармацыйныя тэхнялёгіі будуць выпрабаваныя пад час выбарчае кампаніі ў гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" і цалкам выкарыстаныя на прэзыдэнцкіх выбарах у наступным годзе.

Сёньня беларускія ўлады спрабуюць стварыць глябальную сыстэму прапаганды. Падрыхтоўка да выбараў пачалася яшчэ ў лютым, калі Аляксандар Лукашэнка абвесьціў пра намер стварыць другі беларускі тэлеканал. У красавіку нават былі знойдзеныя замежныя – пераважна расейскія – інвэстары, якія пагадзіліся фінансаваць стварэньне новае беларускае тэлевізіі.

Адначасова, на пачатку гэтага году, пачаліся рэформы на дзяржаўнай тэлевізіі. Пакуль яны скончыліся прызначэньнем новага кіраўніцтва, якое ў бальшыні складаецца зь ідэёлягаў – Віктара Чыкіна і Аляксандра Зімоўскага. Дарэчы, адным зь першых рашэньняў новага кіраўніцтва БТ стала зьняцьцё з эфіру праграмы пра Ларысу Геніюш.

У той жа час ва ўладных структурах абмяркоўваецца магчымасьць стварэньня мэдыя-холдынгу, у якім, як мяркуецца, будуць удзельнічаць газэты "Советская Белоруссия" і "Рэспубліка", а таксама інфармацыйная агэнцыя БелТА.

Да таго ж абвешчана пра стварэньне новае інфармацыйнае сыстэмы, якая, як неаднаразова падкрэсьлівалася ўладамі, будзе цалкам дзяржаўнаю. Паводле папярэдняй інфармацыі, назва новае сыстэмы будзе "БелИнтерфакс".

У Міністэрстве сувязі, на базе якога павінна быць створаная сыстэма, пакуль ня ведаюць падрабязнасьцяў гэтага праекту. Паводле нашай інфармацыі, гэта будзе агэнцыя, якая мусіць распаўсюджваць і журналісцкую, і афіцыйную інфармацыю. Яно будзе працаваць як для беларускіх, гэтак і для замежных спажыўцоў інфармацыі, а таксама займацца распаўсюджваньнем інфармацыі празь інтэрнэт.

"Интерфакс" прадаставіў дзяржаве ноў-хаў працы інфармацыйнае агэнцыи. Не зусім зразумела, навошта спатрэбілася ствараць новую агэнцыю, калі дзяржаўную інфармацыю ўсё роўна распаўсюджвае БелТА.

Вядомы журналіст Леанід Міндлін лічыць, што ўсе апошнія праекты ў галіне прапаганды сьведчаць пра тое, што ўлады спрабуюць сканцэнтраваць інфармацыйныя крыніцы напярэдадні выбараў. У інтэрвію "Радыё Свабода" Леанід Міндлін паведаміў:

(Міндлін: ) "Хутчэй за ўсё, гэта ўсё робіцца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Паколькі выбары ў "Палату прадстаўнікоў", з пункту гледжаньня ўладаў і ўсіх астатніх, не такія значныя. Гэта будзе проста тэст. Таму зразумела, што адбываецца канцэнтрацыя інфармацыйных і прапагандысцкіх рэсурсаў.

Стварэньне новае інфармацыйнае сыстэмы робіцца ня толькі для ўнутранага беларускага карыстаньня. Тут ёсьць і замежнапалітычная мэта. Робіцца спроба выйсьці зь інфармацыяй на замежныя рынкі. Але яна з самога пачатку асуджаная на правал. Таму што афіцыйныя крыніцы інфармацыі – гэта толькі тое, што хоча ўлада. А інфармацыйны рынак патрабуе цікавую ці карысную інфармацыю.

Інфармацыйны вобраз Беларусі ствараюць апазыцыйныя СМІ і палітыкі. Дзяржава ў гэтым выпадку не дасягне сваёй мэты. Таму што спачатку патрэбна зьмяніць стаўленьне да інфармацыі ў самой Беларусі", – лічыць вядомы журналіст Леанід Міндлін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG