Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 жніўня 2000 г.


Аляксандар Старыкевіч, Менск

Аляксандар Лукашэнка выступіў з прапановамі паводле чатырох умоваў, вылучаных міжнароднай супольнасьцю дзеля прызнаньня восеньскіх выбараў у "Палату прадстаўнікоў" легітымнымі.

Лукашэнка згадзіўся ўвесьці ў склад Цэнтарвыбаркаму з правам дарадчага голасу прадстаўнікоў палітычных партыяў, што вылучылі сваіх кандыдатаў; гарантаваў усім прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат доступ да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі; абяцаў у перадвыбарчы пэрыяд не пагаршаць умоваў існаваньня грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, а ў будучыні пашырыць паўнамоцтвы заканадаўчага воргану. Аднак ці здольныя усе гэтыя ўдасканаленьні паўплываць на выбарчы працэс?

Прапановы Лукашэнкі нагадваюць гэтак званыя "мірныя ініцыятывы" Камуністычнае партыі і савецкага ураду, якія мелі форму кампрамісу, але не ягоны зьмест. Стаўленьне ўсіх дзейных асобаў да кастрычніцкіх выбараў вызначанае. Тыя, хто зьбіраецца здабываць мандат дэпутата "Палаты прадстаўнікоў", даўно распачалі свае кампаніі. Палітыкі, якія палічылі за лепшае байкот, нават у выпадку істотных зьменаў правілаў гульні пазбаўленыя магчымасьці да яе далучыцца, хаця б з прычыны таго, што рэгістрацыя ініцыятыўных групаў скончаная. Да таго ж няма падставаў сьцьвярджаць, што Лукашэнка пайшоў на нейкія саступкі.

Гаворыць намесьнік старшыні Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі Аляксей Кароль.

(Кароль: ) "У іх па-сутнасьці няма нічога новага. Яны ўкладаюцца ў старую канцэпцыю: рабіць выгляд, што ідзеш на саступкі, а саступак на самой справе не рабіць. Высновы, на мой погляд, відавочныя: рэжым чарговы раз пацьвердзіў, што яму вельмі патрэбная легітымізацыя з боку міжнароднай супольнасьці. Што тычыцца саміх абяцаных саступак, дык час у эфіры абяцаюць кандыдатам, а не партыям. Акрамя таго, палата прадстаўнікоў паводле свайго складу будзе відаць ізноў жа вельмі паслухмянай палатай, і свае паўнамоцтвы, як гэта абяцае Лукашэнка, на шкоду рэжыму яна ня зьменіць. Акрамя таго, над палатай ёсьць яшчэ верхняя палата, а над ёю ёсьць прэзыдэнт. Клімат даверу па-сутнасьці і ў гэтым лісьце не абяцаецца, тым больш што рэальна Чыгір пойдзе пад суд 17 жніўня. Яго спрабуюць не дапусьціць да выбараў, а ўвесьці прысуд у сілу. Ну і самае галоўнае – тактыка партыі аб няўдзеле ў выбарах была дастаткова правільнай, і рэжым гэта зараз пацьвярджае".

Сапраўды, бясплатную прысутнасьць у эфіры тэлевізіі і на старонках дзяржаўных газэтаў кандыдатам у дэпутаты гарантуе нават цяперашняе заканадаўства, без усялякіх дадатковых загадаў з боку Лукашэнкі. Прысутнасьць у Цэнтарвыбаркаме прадстаўнікоў палітычных партыяў мала што вырашае, бо падлік галасоў будуць весьці акруговыя ды ўчастковыя камісіі. Нарэшце, сваё бачаньне пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнту Лукашэнка вельмі дарэчы выклаў на мінулым тыдні. Яно зводзіцца да наданьня дэпутатам права зацьвярджаць амбасадараў.

Так што, заява Лукашэнкі, скіраваная не на ягоных апанэнтаў унутры краіны, а на тых, хто лябіруе прызнаньне цяперашняга рэжыму пры ўсіх варыянтах. Афіцыйны Менск спрабуе стварыць хаця б фармальныя падставы для эўрапейцаў, што жадаюць сьпісаць беларускі файл у архіў. Тым больш, што, напрыклад, кіраўнік менскае Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік да апошняга часу не выключаў магчымасьці дасягненьня кампрамісу ў пытаньні выбараў у "Нацыянальны сход".

Цікава, што місія АБСЭ пакуль не гатовая пракамэнтаваць прапановы Лукашэнкі. А тым часам да дня нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі, калі міжнародная супольнасьць прыме канчатковае рашэньне адносна накіраваньня назіральнікаў, засталося толькі пятнаццаць дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG