Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі аб'яднанай апазыцыі распачынаюць кампанію актыўнага байкатаваньня выбараў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў". Зь 1 верасьня пачнецца збор подпісаў грамадзянаў пад ініцыятываю рэфэрэндуму, а на кастрычнік і лістапад заплянаваны шэраг акцыяў пратэсту.

Сёньня лідэры аб'яднанай апазыцыі правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавялі пра свае пляны на блізкую будучыню. На пачатку лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае Партыі Анатоль Лябедзька заявіў:

(Лябедзька: ) "У дэмакратычнай апазыцыі адна стратэгія – гэта стратэгія перамогі. Нашая мэта – барацьба за рэальную ўладу, гэта значыць – за Беларусь. Сёньня мы дакладна ведаем ня толькі тое, што рабіць, але і чаго ня трэба рабіць. Фармат удзелу ў восеньскай кампаніі – гэта актыўны байкот".

Паведаміў спадар Лябедзька.

Мэта гэтага байкоту – ня даць магчымасьці Аляксандру Лукашэнку ўзмацніць свае пазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і ня даць яму шанец перахапіць палітычную ініцыятыву. Апазыцыянэры таксама лічаць, што байкот паспрыяе непрызнаньню з боку Захаду вынікаў лукашэнкавых выбараў. Паводле словаў спадара Лябедзькі, пад актыўным байкотам ён разумее кампанію інфармаваньня жыхароў – чаму ня варта хадзіць на выбары 15 кастрычніка, а таксама правядзеньне масавых акцыяў пратэсту. Весьці тлумачальную працу сярод выбаршчыкаў апазыцыянэры зьбіраюцца пад час збору подпісаў пад патрабаваньнем да ўладаў выканаць чатыры вядомыя ўмовы міжнароднае супольнасьці.

1 кастрычніка аб'яднаная апазыцыя мае намер правесьці ў Менску маніфэстацыю пад назваю "Марш Свабоды-3", а 8 кастрычніка акцыі ў рэгіёнах пад лёзунгам "Выбарам – так, фарсу – не!" Ня выключана, што яшчэ адна акцыя пратэсту пройдзе ў сталіцы за дзень да выбараў – 14 кастрычніка. А на лістапад заплянаваная вулічная маніфэстацыя супраць зьбядненьня людзей.

Намесьнік старшыні БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі Віктар Івашкевіч паведаміў, што сабраныя подпісы грамадзянаў за рэфэрэндум ня будуць перадавацца ўладам. Збор подпісаў, на ягоную думку, проста мусіць вызначыць кола людзей, гатовых падтрымаць на прэзыдэнцкіх выбарах адзінага кандыдата ад апазыцыі. А дэпутат Вярхоўнага Савету Павал Данэйка паведаміў, што неўзабаве пачнуцца перамовы паміж апазыцыянэрамі ў справе вылучэньня гэтага кандыдата.

На пытаньне ж нашага радыё, ці апраўданая тактыка байкоту ва ўмовах, калі блізу 70 адсоткаў выбаршчыкаў будзе браць удзел у галасаваньні 15 кастрычніка, Віктар Івашкевіч паведаміў наступнае:

(Івашкеівч: ) "…яны правялі ў апошні месяц дасьледаваньне па выбарах. Так на пытаньне "Ці будзеце Вы браць удзел у восеньскіх парлямэнцкіх выбарах, "так" адказваюць 67 працэнтаў. Але калі пытаньне зададзенае так: "Ці будзеце Вы браць удзел у выбарах пры ўмове, што міжнародная супольнасьць заявіць пра непрызнаньне іх вынікаў і апазыцыя прыме рашэньне байкатаваць выбары" – 48 працэнтаў па Беларусі адказваюць "так". І гэта пры ўмове, што яшчэ не вялася актыўная агітацыя за байкот выбараў".

Гэта быў намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч.

За актыўны байкот выбараў таксама выказаліся лідэры БСДГ Станіслаў Шушкевіч і партыі жанчынаў "Надзея" Валянціна Палевікова. Лідэры аб'яднанай апазыцыі лічаць, што ніякага расколу ў іхных шэрагах у зьвязку з намерам браць удзел у выбарах старшыні "Народнае Грамады" Міколы Статкевіча, ды некаторых іншых прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў не адбылося. Бо тых, хто балятуецца ў "палату" – усяго некалькі дзясяткаў. А ў аб'яднаную апазыцыю ўваходзіць прыкладна 15 тысячаў чалавек.

І напрыканцы прэсавае канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў учорашнюю ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі. Лукашэнка накіраваў ліст генэральнаму сакратару ЭўраЗьвязу Хаўеру Саляне і старшыні АБСЭ Бэніце Фэрара-Вальднэр, ды выказаў гатоўнасьць выканаць чатыры ўмовы міжнародных структураў. Анатоль Лябедзька паведаміў, што апазыцыя прагназавала такі крок Лукашэнкі. Паводле ягоных словаў, Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў таксама накіруе лісты спадару Саляне й спадарыні Бэніце Фэрары-Вальднэр і патлумачаць, чаму Лукашэнку нельга верыць.

Лябедзька ўзгадаў падобны ліст, накіраваны ў красавіку 97-га году тагачасным міністрам замежных справаў Антановічам старшыні рады ЭўраЗьвязу Гансу ван Мэерло. Тады Антановіч ад імя Лукашэнкі абяцаў эўрапейцам, што ўлады Беларусі хочуць абмеркаваць з усімі дэпутатамі Вярхоўнага Савету пытаньні ўдасканаленьня Канстытуцыі 1994 году, каб усталяваць поўны балянс паміж усімі галінамі ўлады. Як вядома, сваё абяцаньне Лукашэнка ня выканаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG