Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Вольга Караткевіч

На поўдні Кыргызстану і ва Ўзбэкістане працягваюцца жорсткія ваенныя сутычкі паміж урадавымі войскамі і ўзброенымі байцамі, якія, паволе сьцьверджаньня ўзбэцкага боку, прадстаўляюць Ісламскі рух Узбэкістану. Паводле паведамленьня прэсавай службы кыргыскага прэзыдэнта, у выніку баёў загінулі больш за 10 жаўнераў. Паводле неафіцыйнай крыніцы, - удвая больш. Дзяржаўная ўзбэцкая тэлевізія паінфармавала, што зьнішчана больш як 10 байцоў узброеных груповак.

Бішкек і Ташкент сьцьвярджаюць, што ўзброеныя адзьдзелы прыйшлі з Таджыкістану. Таджыкістан гэты закід адрынае. Як заявіў прэсавы сакратар кіраўніка Кыргызстану Ібраімаў, у склад – цытую – бандфармаваньня, якое ўварвалася на тэрыторыю краіны, уваходзяць прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў. Срод іх – узбэкі, таджыкі і чачэнцы. Заўважаныя і асобы эўрапейскай нацыяанльнасьці". На думку афіцыйнага боку Кыргызстану, у такім выпадку нельга гаварыць, што на тэрыторыю Кыргызстану ўварвалісмя адьдзелі Ісламскага руху Ўзбэкістану. Гэта, як сказаў Ібраімаў, звычайныя міжнародныя тэрырысты. Мэта якіх – дэстабілізаваць сытуацыю ва ўсім цэнтральна-азіяцкім рэгіёне. Нагадаю, што год назад падобны напад узброеных ісламістаў адбыўся на тэрыторыі Ўзбэкістану. Цяперашні канфлікт камэнтуе аналітык нашага Радыё, спэцыяліст у галіне цэнтральнаазіяцкага рэгіёну Брус Паніер:

(Паніер: ) "Гэта толькі пачатак канфлікту. Гэтая ўзброеная група спрабавала зьдзейсьніць напад на Ўзбэкістан у мінулым годзе. Яны прыйшлі з таджыцкіх гораў у Таджыкістане. Гэтыя людзі маюць базы ў паўднёвым Кыргызстане і хацелі перасячы паўднёвы Кыргызстане на сваім шляху ва Ўзбэкістан. Мы ведаем, што іх было некалькі сотняў. Нават больш як тысяча."

Учора адбылася сустрэча прадстаўнікоў сілавых ведамстваў Кыргызстану, Узбэкістану, Таджыкістану, на якой бакі дамовіліся пра каардынацыю сумесных дзеяньняў супраць узбэцкіх ісламістаў. Мы папрасілі Бруса Паніера ацаніць дзеяньні ўрадаў згаданых краінаў пад час гэтага канфлікту:

(Паніер: ) "Сёлета ў параўнаньні зь мінулым годам назіраецца лепшае супрацоўніцтва паміж урадамі краінаў, якіх датычыць гэты канфлікт. Прынамсі, на афіцыйным роўні ўрады дэманструюць большую ахвоту сустракацца з прадстаўнікамі службаў бясьпекі, рэгулярна праводзіць кансультацыі вакол рэгіёну, дзе адбываюцца сутычкі. Гэта, безумоўна, было і ў мінулым годзе. Але кожная з уцягнутых у канфлікт краінаў перадусім заклапочаная ўласнай дзяржаўнай бясьпекай. Дзяржавы дагэтуль не разглядаюць гэты канфлікт як рэгіянальны. Супрацоўніцтва пачынаецца, як толькі забясьпечваецца ўласная бясьпека канкрэтнай краіны. Галоўная мэта – захаваць уласную тэрытарыяльную цэласнасьць".

Аналітык Радыё Свабода Брус Паніер заўважыў: калі гаварыць пра тое, што ў Маскве ёсьць ініцыятары аднаўленьня Савецкага Саюзу ці жаданьне большага ўплыву Масквы, то ў гэтых людзей не было лепшай магчымасьці аднавіць свой уплыў у рэгіёне, як праз прысутнасьць гэтых узброеных груповак. Працягвае Брус Паніер:

(Паніер: ) "Дагэтуль некаторыя ўрады, у прыватнасьці, Узбэкістан, адмаўляліся ад супрацоўніцтва з Масквой. Яны былі заклапочаныя, ці будуць паўнапраўнымі партнэрамі ў гэтым супрацоўніцтве, дбалі пра сувэрэнітэт і незалежнасьцьл. Факт, што паўстала пагроза, зь якой краіны Цэнтральнай Азіі і яны самі не змаглі цалкам ліквідаваць гэтую пагрозу, прывёў да таго, што ўсе гэтыя краіны зноў пачалі глядзець у бок Масквы. Хаця б толькі дзеля ўпэўненасьці, што, калі сытуацыя стане некантраляванай, і яны сваімі сіламі, нават супольнымі, ня змогуць справіцца, за імі нехта стаіць і можа аказаць вайсковую дапамогу рэгіёну. Трэба ўлічваць, што ніводная краіна, ня будзе пасылаць свае сілы без уласнага інтарэсу, каб проста пасьля выйсьці з канфлікту. Няма такога прэцэдэнту ў гісторыі, калі краіна ўмешваецца ў ваенны канфлікт, у які далучаныя іншыя краіны, і не разьлічвае на свае інтарэсы."

На пачатку гутаркі Брус Паніер заявіў, што гэта толькі пачатак канфлікту. Мы папрасілі патлумачыцт такое меркаваньне:

(Паніер: ) "Колькасьць байцоў, якую мы бачым, шмат меншая як у мінулым годзе. Што да нападу на паўднёвы Кыргызстан, можна падумаць, што яны ня ўсе свае сілы паслалі і гэта лягічна дапускаць. Узброеныя групоўкі спарадзілі шмат клопату, але не было масавых атак. Гэтыя сілы мелі год падтрыхтоўкі да акцыі. Нагадаю пра выпадкі, калі знаходзілі схаваную зброю на Таджыцка-кыргызскай і таджыцка-узбецкай межах. Так што яны рыхтаваліся доўга да гэтага і мелі год. Тая колькасьць сілаў, якая цяпер змагаецца ў рэгіёне – гэта ня тая поўная сіла, якой яны валодаюць. Так што гэта першы, я думаю, іхны рэйд, каб акрэсьліць, што, дзе, калі, з выкарыстаньнем якой колькасьці чалавечых рэсурсаў і тактыкі, каб змагацца з урадавымі сіламі Кыргызстану і Узбэкістану".

Гэта было меркаваньне Аналітыка Радыё Свабода Бруса Паніера. Трэба адзначыць, што ўзброеныя ісламісты расьсеяліся па поўдні Кыргызстану і аказваюць жорсткі супраціў урадавым сілам. Яны актыўна выкарыстоўваюць снайпэрскія стрэлы. Міністэрства ўнутраных сілаў Узбэкістану паведаміла, што на ўсходзе краіны заўважаная яшчэ адна ўзброеная групоўка – каля таджыцкай мяжы. Прэсавы сакратар кыргызскага прэзыдэнта Ібраімаў заяўляе, што Кыргызстан пакуль не плянуе зьвяртацца па ваенную дапамогу да стратэгічных саюзьнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG