Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Сяргей Шупа

У пятніцу, 11 жніўня, нямецкая газэта Frankfurter Rundschau зьмясьціла аналітычны артыкул Гайнца Тымэрмана, у якім сьцьвярджаецца, што Масква прысьпешвае аб'яднаньне з Беларусьсю. Падаем поўны тэкст артыкулу ў перакладзе Сяргея Шупы.

Часы квяцістай і безвыніковай рыторыкі ўжо прайшлі.

Пасьля ратыфікацыі дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі ў студзені 2000 году, Масква сёньня прысьпешвае супярэчлівы працэс далейшай гарманізацыі і паглыбленьня інтэграцыі, асабліва ў сфэры эканомікі і фінансаў, а таксама ў ваенным супрацоўніцтве. Ратункам ад усё больш моцнай залежнасьці ад Масквы мог бы выглядаць пераход Беларусі як незалежнай дзяржавы да палітыкі актыўнага навядзеньня мастоў паміж Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам, зазначае ў сваім аналізе Гайнц Тымэрман з Фэдэральнага Інстытуту Ўсходніх і Міжнародных Дасьледаваньняў у Кёльне. Сваёй адмовай арганізаваць плянаваныя на кастрычнік 2000 году парлямэнцкія выбары паводле эўрапейскіх стандартаў, прэзыдэнт Лукашэнка зноў пацьвердзіў свой курс на самаізаляцыю ад Захаду. Падаем тэкст Гайнца Тымэрмана поўнасьцю.

«Сымбаль сяброўства» — такім перадавым артыкулам вітала «Советская Белоруссия» прэзыдэнта Расеі Пуціна, зьмясьціўшы побач вялікі здымак маскоўскага госьця і менскага гаспадара. Фактычна, больш чым сымбалічным быў той факт, што Пуцін, пасьля свайго абраньня ў сакавіку 2000-га, ужо 17 красавіка па дарозе ў Лёндан і Кіеў каротка спыніўся ў Менску: Беларусь — адзіная ўлюбёная блізкая саюзьніца Расеі.

Гэта не ў апошнюю чаргу выяўляецца ў тым, што Менск безагаворачна падтрымвае ўсе без выключэньня зьнешнепалітычныя пазыцыі Масквы як на сусьветнай арэне, гэтак і ў рамках АБСЭ — што спраўдзілася і падчас югаслаўскага канфлікту, і ў дачыненьні да вайны ў Чэчэніі і яе міжнародных наступстваў.

Працэс збліжэньня абедзьвюх краінаў дасягнуў тым часам этапу — зарэгістраванай ужо нават у сакратарыяце ААН — «саюзнай дзяржавы», дагаворныя асновы якой былі падпісаныя яшчэ ў эру Ельцына і ратыфікаваныя на пачатку эры Пуціна (адпаведна 8 сьнежня 1999-га і 26 студзеня 2000 году).

Таму невыпадкова, што Беларусь заняла ў новай зьнешнепалітычнай канцэпцыі Расеі выключнае месца: як адзіная краіна яна згадваецца асобна ў разьдзеле пра СНД, якому ў сваю чаргу аддаецца перавага ў сыстэме рэгіянальных прыярытэтаў міжнародных дачыненьняў Расеі. Там, у прыватнасьці, гаворыцца: «Першараднае значэньне мае ўмацаваньне саюзу паміж Беларусьсю й Расеяй як найвышэйшай на сучасным этапе формы інтэграцыі дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў».

Гэткая расстаноўка акцэнтаў сьведчыць, з аднаго боку, аб прынцыповай пераемнасьці што да ўзаемнай зацікаўленасьці ў штораз больш блізкіх дачыненьнях. Яна знаходзіць сваё выяўленьне і ў рэгулярных сустрэчах калегаў па ключавых міністэрствах (замежных справаў, унутраных справаў, абароны) і цэнтральных службах бясьпекі (радаў бясьпекі, інфармацыйных агенцтваў), падчас якіх узгадняюцца стратэгічныя пазыцыі абодвух бакоў.

З другога боку, Пуцін у Менску адначасна даў выразна зразумець: часы квяцістай рэторыкі пра славянскае братэрства, інсцэнізаяванай сымболікі і безвыніковых дэклярацыяў аб намерах цяпер належаць мінуўшчыне. Замест гэтага варта было б нясьпешна, асьцярожна і разам з тым пасьлядоўна перайсьці да пабудовы саюзнай дзяржавы.

Фактычна інтэграцыя абедзьвюх краінаў можа ажыцьцяўляцца толькі ў тым тэмпе, у якім пасоўваецца збліжэньне эканамічных сыстэмаў (калі казаць канкрэтна: скарачэньне практыкаванага ў Менску надзвычайнага дзяржаўнага ўмяшаньня ў эканоміку). На фоне гэтак вызначаных інтарэсаў выглядае, што лінія Пуціна базуецца на прагматычным падыходзе. Цалкам відавочна яна зводзіцца да таго, каб больш жорстка схіліць свайго саюзнага партнэра да выроўніваньня палітычнай, эканамічнай і ваеннай асымэтрыі паміж Расеяй і Беларусьсю, чым гэта было пры Пуцінавым папярэдніку, імпульсіўна-эмацыйным Ельцыне. Нават калі б гэта запаволіла пэрспэктывы працэсу аб'яднаньня: для Пуцінавага рэжыму найважней тое, каб замест пустой інтэграцыйнай рэторыкі нарэшце перайсьці да справы і загнаць Лукашэнку ў такое становішча, у якім у яго не застанецца іншага выйсьця, як паступова аб'ядноўвацца на расейскіх умовах.

Якое выяўленьне знаходзіць гэтая лінія ў галоўных сфэрах двухбаковых дачыненьняў?

1. Расейскае дамінаваньне ў саюзных ворганах

На пачатку 2000 году былі створаныя найважнейшыя саюзныя ворганы, сярод іх Найвышэйшая Дзяржаўны Савет (старшыня паводле ратацыі: Лукашэнка) і Савет Міністраў (старшыня паводле ратацыі: расейскі прэм'ер Касьянаў). Выбары ў саюзны парлямэнт мусілі б паводле Пуціна адбыцца ўвосень 2000 году, адначасна з парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі — гэтыя апошнія верагодна будуць зманіпуляваныя Лукашэнкам, а таму будуць мець спрэчныя вынікі. Трансфармацыя — пакуль што кансультацыйнага — Парлямэнцкага Сходу у моцны парлямэнт з фактычнымі заканадаўчымі правамі была, што праўда, пазьней адкладзеная на вясну 2001 году, пасьля чаго выявілася, што для гэтага патрабуецца ўнесьці зьмены ў канстытуцыі абедзьвюх краінаў і з гэтай прычыны арганізаваць адпаведныя рэфэрэндумы.

Нягледзячы на існаваньне на першы погляд разбалянсаванага супольнага мэханізму прыняцьця пастановаў, у саюзных ворганах пачынае зазначацца выразнае расейскае дамінаваньне. Лукашэнкава саюзнае прэзыдэнцтва мае хіба што толькі сымбалічнае значэньне. Сапраўдныя ўладныя суадносіны ілюструе прызначэньне Паўла Барадзіна «дзяржаўным сакратаром» саюзнай дзяржавы, якое было зробленае Пуціным відавочна безь ніякіх кансультацыяў з Лукашэнкам і адпаведна з гэтым выклікала ў Менску моцнае незадавальненьне. Былы фінансавы кіраўнік Крамля Барадзін, чалавек сумнеўнай рэпутацыі, на якога выдадзены міжнародны ордэр на арышт, у адрозьненьне ад кіраўнікоў Найвышэйшага Савету і Савету Міністраў займаецца апэратыўнай палітыкай саюзу і — што асабліва важна на пачатковай стадыі — арганізуе пэрсанальны склад палітычных выканаўчых ворганаў і іх адміністрацыйнага апарату. Гэта гарантуе разьмяшчэньне ў ворганах саюзнай дзяржавы ляяльных да Пуцінавага рэжыму прыхільнікаў і стварэньне добрых перадумоваў для замацаваньня прамаскоўскай палітычнай лініі і загладжваньня ўсіх менскіх капрызаў.

2. Узгадненьне эканамічнага парадку

У сфэры эканамічнай палітыкі Расея яшчэ больш настойліва патрабуе чым хутчэйшага ўзгадненьня рамкавых умоваў, якія абодвума бакамі — як зазначыў Пуцін у Менску — «разумеюцца па-рознаму». Гэта асабліва датычыць бюджэту, падаткавага заканадаўства, тарыфаў і мытнай сыстэмы.

У сувязі з гэтым непазьбежнай выглядае ўніфікацыя «інструмэнтаў рэгуляваньня», падкрэсьліў Касьянаў, бо толькі так можна гарантаваць, каб у Расеі і ў Беларусі «запанавалі адзіныя ўмовы гаспадараньня і прадпрымальніцтва».

Пасьлядоўнае ажыцьцяўленьне ўсяго гэтага магло б прывесьці да пахаваньня Лукашэнкавай жорсткай сыстэмы дзяржаўнага плянаваньня з абсалютнай перавагай дзяржаўнай уласнасьці, а разам з тым і да падрыву адной з найважнейшых крыніцаў ягонай улады. Масква і раней у матэрыяльным сэнсе ставілася да Менску не сказаць каб надта шчодра. Хоць Газпрам і зьнізіў кошт за кубамэтар газу з 30 да 27 даляраў (Украіна: 60 даляраў), аднак і гэты кошт значна вышэйшы за прошаны Менскам унутрырасейскі. Перабоі ў пастаўках выглядаюць загадзя запраграмаванымі, бо ад пачатку году Менск замест 106 мільёнаў даляраў заплаціў толькі 46 (пры агульнай запазычанасьці 160 мільёнаў даляраў).

Апрача таго, Расея з прычыны несумленнай практыкі Беларусі ўзьняла мытныя бар'еры на пэўныя прадукты зь Беларусі і з трэціх краінаў, што новы беларускі прэм'ер Ярмошын ацаніў як «непрыязны зьнешнеэканамічны акт». Усё гэта сьведчыць пра адно: Рэжым Пуціна менш за Ельцынава кіраўніцтва схільны да вырашэньня ў імя нейкіх туманных інтэграцыйных пэрспэктываў унутраных праблемаў Беларусі за кошт Расеі.

3. Уніфікацыя валютных сыстэмаў

Падобнай жорсткай пазыцыяй вызначаецца падыход Расеі да стварэньня валютнага саюзу і яго паасобных аспэктаў — грашовай адзінкі і эмісійнага цэнтру саюзнай дзяржавы. Беларускае кіраўніцтва імкнецца аднолькава пазьбегнуць як простага паглынаньня «зайчыка» расейскім рублём, гэтак і прызначэньня маскоўскага Цэнтральнага Банку адзіным цэнтрам грашовай эмісіі. Гэта б азначала дэградацыю менскага Нацбанку да ролі філіялу маскоўскага Цэнтрабанку: у Менску ходзяць гаворкі, што прыняцьце гэткіх умоваў фактычна прывяло б да страты Беларусьсю дзяржаўнага сувэрэнітэту.

Лукашэнкаў рэжым спрабуе прапановаць розныя варыянты, напрыклад, стварыць безнаяўную грашовую адзінку як сродак разьліку паміж прадпрыемствамі абедзьвюх краінаў. Лукашэнка, адказваючы Герашчанку, сам выразна настойваў на тым, што ў адпаведнасьці з палажэньнямі саюзнай дамовы ён будзе ў поўным аб'ёме бараніць сувэрэнітэт Беларусі. Нават у выпадку аб'яднаньня грашова-фінансавых сыстэмаў, да якога з часам менскае кіраўніцтва можа прыйсьці пад ціскам Масквы, мусілі б быць захаваныя два эмісійныя цэнтры.

З расейскага гледзішча гэта цалкам непрымальна. Вырашальным пры гэтым ёсьць — не гаворачы ўжо пра нераўнавагу ў тэрыторыі й колькасьці насельніцтва — з аднаго боку дамінаваньне эканамічнай і фінансавай сілы Расеі, а з другога — цьвёрды намер яе кіраўніцтва і ў саюзнай дзяржаве захаваць у сваіх руках неабмежаваны кантроль над фінансавай сыстэмай. Усё іншае — напрыклад адначасовы друк супольнай валюты ў Маскве й Менску — уяўляецца Маскве «эканамічнай авантурай»: накшталт таго, «калі б елгальныя даляры ЗША друкаваліся адначасова ў Вашынгтоне, Мэхіка і Токіё».

Прыгадваецца тут і праведзеная Масквою ў 1993 годзе ліквідацыя рублёвай зоны ў рамках СНД: адной з галоўных прычынаў гэтага кроку якраз і быў намер былых саюзных рэспублік заснаваць на базе рубля ўласныя эмісійныя цэнтры.

Фактычна маскоўскі плян уніфікацыі грашова-фінансавых сыстэмаў ужо вызначаны, нават пры ўсіх цяперашніх недагаворках на гэты конт. На адным зь першых этапаў да 2003 году беларускія фінансавыя рынкі будуць падагнаныя ў прысьпешаным тэмпе пад расейскія ўмовы. Пасьля гэтага, прыблізна ў 2006 годзе або нават пазьней, друкаваны толькі ў Маскве рубель станецца адзінай валютай на ўсёй тэрыторыі саюзнай дзяржавы.

4. Вайсковае супрацоўніцтва

Асабліва дынамічную ролю ў працэсе беларуска-расейскай інтэграцыі адыгрывае ваеннае супрацоўніцтва. У пэўным сэнсе яму нават належыць пілётная функцыя: у шмат якіх аспэктах інтэграцыя ў ваеннай сфэры пасунулася значна далей, чым у палітыцы і эканоміцы. Тое самае можна сказаць пра зьліцьцё ваенна-прамысловых комплексаў абедзьвюх краінаў у параўнаньні з эканомікай наагул.

Актыўна праводжанае паглыбленьне інтэграцыі ў гэтай галіне ёсьць праявай канвэргенцыі інтарэсаў. Для Расеі найбольш важнаю выглядае геапалітычная карысьць і ваенна-стратэгічнае забесьпячэньне сваіх заходніх рубяжоў, як падкрэсьліў Пуцін падчас ратыфікацыі саюзнай дамовы: яна (дамова) цалкам адпавядае «ваенна-палітычным інтарэсам» Расеі і спрыяе «ўзмацненьню яе стратэгічнага і ваеннага патэнцыялу». Беларусь, з свайго боку, робіць стаўку перадусім на палітыка-эканамічную карысьць, якой можна спадзявацца ад ваеннага супрацоўніцтва і атрыманьня пры Расеі ролі найбліжэйшага брата па зброі.

Важным паказчыкам ступені ваеннай інтэграцыі можа служыць зацьверджаная ў красавіку 2000 году Пуціным новая расейская ваенная дактрына. У ёй гаворыцца: «Расея разьвівае супольную абаронную палітыку з Рэспублікай Беларусь, каардынуе зь ёю дзейнасьць у галіне вайсковага будаўніцтва, разьвіцьця збройных сілаў краінаў-удзельніц саюзнай дзяржавы, выкарыстаньня ваеннай інфраструктуры, а таксама прымае іншыя захады, скіраваныя на падтрымку абароназдольнасьці саюзнай дзяржавы». гэты пасаж ваеннай дактрыны варты ўвагі ня толькі дзеля свайго зьместу. Ён заслугоўвае асаблівае ўвагі і таму, што ён выказвае пэўную тэндэнцыю. Рэч у тым, што ў праекце, які датуецца кастрычнікам 1999 году, пасажа пра Беларусь не было, ён быў дапісаны значна пазьней — відавочна пасьля адпаведных кансультацыяў зь Менскам.

Гэтая тэндэнцыя выразна заўважаецца ў розных сфэрах. Пералічым тут толькі наступнае: пляны сфармуляваньня супольнай беларуска-расейскай ваеннай дактрыны; пашырэньне расейскага ядзернага шчыта на Беларусь — праўда, без разьмяшчэньня ядзернай зброі на яе тэрыторыі, як падкрэсьліў падчас свайго візыту ў Нямеччыну ў сакавіку 2000 году міністар замежных справаў Латыпаў; стварэньне супольнай вайсковай групоўкі з 300 000 чалавек на Захадзе саюзнай дзяржавы — вядома ж ня ў выглядзе новасфармаванай арміі на мяжы з НАТО, як раней абяцаў Лукашэнка, а ў форме больш шчыльнай каардынацыі войскаў ужо разьмешчаных у Беларусі, а таксама ў Маскоўскай і Ленінградзкай вайсковых акругах (адпаведна 80 000 і 220 000 чалавек); разбудова створанай у 1996 годзе супольнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны у адну аб'яднаную сыстэму, што прадбачае стварэньне адзінага камандаваньня, а таксама разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі расейскіх баявых самалётаў; правядзеньне супольных манэўраў накшталт стратэгічных вучэньняў «Запад», падчас якіх у 1999 годзе пры ўдзеле 50 000 чалавек мадэляваўся адпор агрэсіі супраць Беларусі і Калінінградзкай вобласьці; урэшце, штораз больаше ўлучэньне беларускіх абаронных прадпрыемстваў, асабліва тых, што вырабляюць электронныя і аптычныя прыстасаваньні, цяжкія грузавікі і ракеты наземнага базаваньня, у расейскі ваенна-прамысловы комплекс пад страхою маскоўскага фінансава-індустрыяльнага канцэрну «Абаронныя сыстэмы».

5. Беларусь: Паміж Масквою і Эўразьвязам

Паводле ўсіх прадбачаньняў, Расея пад кіраўніцтвам Пуціна будзе надалей выкарыстоўваць сваю дамінуючую ў дачыненьні да Беларусі пазыцыю, каб навязаць ёй свае ўяўленьні пра далейшую хаду працэсу аб'яднаньня. Праўда, пры гэтым новы прэзыдэнт сутыкнецца з шэрагам праблемаў, якія адлюстроўваюцца ў шматлікіх супярэчнасьцях і супрацьпастаўленьнях. Застанецца адкрытым і пытаньне, ці Лукашэнка і сапраўды будзе выяўляць сябе як усё больш паслухмяны партнэр, або, як гэта ўжо бывала раней, выступіць як непрыемны супернік.

Аднак у любым выпадку, ягонае поле для манэўраў з далейшым эканамічным і сацыяльным заняпадам краіны і разам з тым усё большай залежнасьцю ад паліцыйных і ваенных плянаў Расеі будзе непазьбежна звужацца. Незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, выразна замацаваныя ў дамове аб стварэньні саюзнай дзяржавы, могуць уваччу растаць у паветры.

Выйсьцем тут маглі б стацца пошукі разумнай раўнавагі у дачыненьні Беларусі з Расеяй з аднаго боку і Эўрапейскага Зьвязу з другога, як гэта сабе ўяўляе беларуская апазыцыя. Гэткая раўнавага магла б прынесьці шмат карысьці «краіне з гістарычнымі каранямі на Захадзе і з поўнай залежнасьцю ад Масквы за савецкім часам і ў ХІХ стагодзьдзі за царскай імпэрыяй». Цікавымі выглядаюць і ўяўленьні некаторых прадстаўнікоў рэжыму, напрыклад міністра замежных справаў Латыпава, у падобным кірунку: падчас двух сваіх візытаў у Нямеччыну (у сакавіку і траўні 2000) ён настойліва заклікаў да адмены абмежаваньняў, накладзеных Эўразьвязам на Беларусь, і да «шырокага ўключэньня Беларусі ў якасьці аднаго зь сьвядомых сваёй адказнасьці суседзяў па зьвязе».

Цалкам відавочна, што прадстаўнікі гэткай пазыцыі ўнутры рэжыму кіруюцца не пануючымі ідэалягічнымі мітамі («славянскае братэрства»), а прагматычнымі перакананьнямі. Іхныя ўяўленьні сыходзяць хутчэй з таго факту, што Эўрапейскі Зьвяз — самы магутны патэнцыйны партнэр для эканамічна заняпалай краіны, якая зацікаўленая ў штораз шырэйшых гандлёвых дачыненьнях, масіўных непасрэдных інвэстыцыях і хуткім укараненьні сучасных тэхналёгіяў.

Што да Расеі, дык яна нават з дапамогай сваіх паставак танных энэрганосьбітаў, нізкіх транспартных тарыфаў і бартэрных зьдзелак ня здолее падтрымаць выжываньне Беларусі нават на самым нізкім узроўні; матэрыяльных і наватарскіх стымулаў для жыцьцёва неабходнай эканамічнай мадэрнізацыі ад Масквы чакаць не даводзіцца. Нізкія цэны на энэрганосьбіты наадварот дзейнічаюць як наркотыкі, яны спараджаюць нежаданьне да пераменаў і прыводзяць да вельмі высокага і нерацыянальнага спажываньня энэргарэсурсаў, за якія Беларусі плаціць становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.

Шанцы на пераход да лепш збалянсаванай палітыкі паміж Расеяй і Эўразьвязам Лукашэнка дагэтуль ня выкарыстаў — нягледзячы на ягоныя рэгулярныя выказваньні пра неабходнасьць «шматвэктарнай палітыкі» ў міжнародных дачыненьнях Беларусі. Эўрапейскі Зьвяз — гэтаксама як і АБСЭ і Рада Эўропы — гатовы да адкрытых дачыненьняў зь Беларусьсю — вядома, пры ўмове, што Лукашэнка стрымае свае абяцаньні, дадзеныя ім на канфэрэнцыі АБСЭ ў Стамбуле (лістапад 1999), і ў выніку дыялёгу з апазыцыяй створыць умовы для свабодных і справядлівых выбараў у парлямэнт, прызначаных на 15 кастрычніка 2000 году.

Гэтыя ўмовы сярод іншага прадугледжваюць: мірны палітычны кантэкст, выбарчае заканадаўства эўрапейскага стандарту, празрыстасьць працэсу выбараў, доспут усіх партыяў да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, пашырэньне правоў створанага Лукашэнкам «бяззубага» парлямэнту.

Як ні парадаксальна, эўрапейская супольнасьць пры патрабаваньні рэалізацыі гэтых дэмакратычных прынцыпаў магла б спаслацца нават на тэкст дамовы аб саюзнай дзяржаве. Там на самым пачатку гаворыцца пра намер збудаваць «дэмакратучную прававую дзяржаву» і пры гэтым «строга прытрымвацца правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна ў адпаведнасьці з агульнапрынятымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права».

Пакуль што прэзыдэнт пакідаў без увагі ўсе спробы пасярэдніцтва з боку АБСЭ і яе менскага прадстаўніцтва і выстаўляў у якасьці ўмовы ўдзелу апазыцыі ў палітычным дыялёгу прызнаньне ёю абвешчанай самім Лукашэнкам аўтарытарнай паводле зьместу канстытуцыі 1996 году. Пры гэтым ён працягваў рэпрэсіі супраць тых, хто выяўляў палітычны і грамадзкі пратэст, і прыбраў з дарогі відных апазыцыйных палітыкаў — былога прэм'ера Чыгіра і лідэра сацыял-дэмакратаў Статкевіча — як небясьпечных канкурэнтаў (яны былі асуджаныя пад туманнымі абвінавачаньнямі падрэжымных судоў і таму ня могуць браць удзелу ў будучых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах). Гэтым самым Лукашэнка зноў сьцьвярджае свой курс на палітычную самаізаляцыю ад Захаду.

6. Шарнір паміж суседнімі дзяржавамі з Захаду і Ўсходу?

Заклікі Масквы да заходніх урадаў належным чынам ацаніць «адкрытасьць» менскай палітыкі і нармалізаваць іхныя дачыненьні зь Беларусьсю — як прыкладам, з вуснаў міністра замежных справаў Іванова — гэткія заклікі маюць шанец быць пачутымі толькі тады, калі будуць суправаджацца адпаведнымі заклікамі да Лукашэнкі выканаць дадзеныя ім у Стамбуле абяцаньні. Якраз гэтага дамагаўся А.Сэвэрын, старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, калі ён заахвочваў маскву да адпаведных ініцыятываў. Як стратэгічны партнэр Беларусі Расея мае моцны ўплыў на разьвіцьцё падзеяў у гэтай краіне і мусіла б, калі яна яшчэ і сама наблізілася да эўрапейскіх стандартаў дэмакратыі, быць зацікаўленая ва ўсталяваньні дэмакратыі, плюралізму і свабоды слова ў Беларусі.

У гэтым кантэксьце зьвернутыя да Захаду аднабаковыя заклікі Расеі да безумоўнай адкрытасьці ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі не дапамагаюць справе. Наадварот, яны могуць быць расцэненыя кіраўніком рэжыму ў Менску як дыпляматычная падтрымка і яшчэ болей умацаваць яго ў супрацьстаяньні патрабаваньням АБСЭ, Рады Эўропы і Эўразьвязу — і разам зь імі беларускай апазыцыі.

Маскоўскае кіраўніцтва відавочна і надалей успрымае Лукашэнку як адзінага надзейнага гаранта ажыцьцяўленьня беларуска-расейскай інтэграцыі, які не дазволіць сваёй краіне дрэйфаваць да заходніх берагоў. У гэтым аспэкце адна з найважнейшых задачаў апазыцыі палягае ў тым, каб у праграмна-палітычных абгрунтаваньнях сваёй пазыцыі ў дачыненьні да Масквы (і да Эўразьвязу) пераканаўча сфармуляваць і замацаваць наступнае: Альтэрнатыва негвалтоўнай зьмене рэжыму Лукашэнкі ня мусіць мець на мэце другую крайнасьць — далучэньне да структураў Эўразьвязу і НАТО. Наадварот, мэтаю павінна быць імкненьне да таго, каб Беларусь як незалежная дзяржава ўзяла на сябе ролю моста і шарніра паміж сваімі ўсходнімі і заходнімі суседзямі.

Пераклаў зь нямецкай

XS
SM
MD
LG