Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Старыя Дарогі

У мястэчку Старыя Дарогі высілкамі мэцэнатаў зь ліку беларускае дыяспары ў Злучаных Штатах Амэрыкі , а таксама айчынных зычліўцаў адчынілася новазбудаваная галерэя першага ў краіне прыватнага Музэю Беларускага выяўленчага мастацтва. У ёй разьмясьцілася стала дзейная экспазыцыя партрэтаў сучасных дзеячоў нацыянальнага Адраджэньня.

Сёньня ў Старых Дарогах на спадчыннай сядзібе старшыні гістарычнага клюбу "Спадчына" і калекцыянэра Анатоля Белага завершанае разьмяшчэньне экспазыцыі ў новазбудаванай галярэі прыватнага Музэю нацыянальнага выяўленчага мастацтва. У высокай прасторнай залі плошчаю больш як сто квадратных мэтраў знайшлося месца партрэтам многіх выбітных дзеячоў нацыянальнага Адраджэньня.

Вось што адказаў на мае пытаньні спадар Белы, які зьяўляецца дырэктарам галярэі:

(Белы: ) "На гэтай частцы мы пачалі разьмяшчаць новую экспазыцыю, каторая будзе як бы працягам тае залі, дзе прадстаўленая гісторыя Беларусі і ў мастацкіх вобразах, і партрэтах.:Партрэт нашага знакамітага акадэміка і адраджэнца нашага часу Гарэцкага Радзіма. Партрэт Карпенкі… Вячоркі, Хадыкі, Зянона Пазьняка, Чарняўскага Міхася, …Генадзя Каханоўскага і гэтак далей. Гэтая адмысловая заля дзеячоў Беларускага Адраджэньня на сучасным этапе. …Аўтар у мяне ёсьць – Крывенка Анатоль, Цыркуноў Алесь, Марачкін Алесь… Шатэрнік свой аўтапартрэт мне хоча прадставіць. Ціхановічы мне прадставілі партрэты… Можа разьмясьціцца дзвесьце адмысловых работаў".

Гэта быў Анатоль Белы, які паведаміў, што ўвечары новая партрэтная галярэя прыме першых наведвальнікаў.

Хто ж выдаткоўвае сродкі на будаўніцтва музэйнага комплексу ў Старых Дарогах? Паводле Анатоля Белага, гэта найперш прадстаўнікі беларускае дыяспары ў Злучаных Штатах Амэрыкі – паэт Анатоль Бярозка і галоўная рэдактарка часопіса "Полацак" Сьвятлана Белая. Ёсьць спонсары праекту і з Бацькаўшчыны, якія пакуль з-за вядомых прычынаў ня хочуць агалошваньня сваіх імёнаў.

Спадар Белы, дарэчы, выказаў абурэньне нядаўнім выступам на дзяржаўнай тэлевізіі амбасадара Беларусі ў Злучаных Штатах Валерыя Цэпкалы, у якім амбасадар сьцьвярджаў, нібы беларуская нацыянальная дыяспара не жадае ўдзельнічаць у нацыянальным Адраджэньні Радзімы.

"А што, вось гэта справа – ня ёсьць самым актыўным удзелам?", – сказаў мой суразмоўца і паказаў рукою ў бок яшчэ аднаго, новага, корпусу музэю, дзе завяршаюцца будаўнічыя работы. Маўляў, не беларускія эмігранты, але старадороскія ўлады шкодзяць справе: вось і зараз гэты гмах практычна гатовы, а раённы выканкам не выдае дазволу на ўзьвядзеньне. Тлумачаць цяганіну тым, што музэйны комплекс узімку будзе спажываць зашмат цяпла, – паведаміў Анатоль Белы.

XS
SM
MD
LG