Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

На гэтым тыдні ў крамах зьявіцца "Дзёньнік беларускага школьніка". Сёлета ён будзе ўведзены ў школах пакуль экспэрымэнтальна. А з наступнага навучальнага году ім забавязаныя карыстацца ўсе школьнікі Беларусі. На вокладцы дзёньніка – выява будынку адміністрацыі прэзыдэнта. На кожнай старонцы распавядаецца пра адметных дзеячоў Беларушчыны.

Яшчэ ў 1997 годзе Міністэрства адукацыі выдала загад, у адпаведнасьці зь якім трэба было перайсьці на дзёньнік новага ўзору. Адказнасьць за яго стварэньне была ўскладзеная на рэспубліканскае гандлёвае аб'яднаньне "Глёбус", якое ў свой час распрацавала першы варыянт нацыянальнага дзёньніка. Нагадаем, што на ягонай вокладцы быў здымак менскага пляцу Незалежнасьці, а на другой старонцы вокладкі – "лукашэнкавыя" герб і сьцяг. Але ня ўсе школьнікі набывалі дзёньнікі такога ўзору. Карысталіся попытам дзёньнікі расейскае ды летувіскае вытворчасьці.

Як паведаміў намесьнік міністра адукацыі Генадзь Дылян, з гэтага году дзеці мусяць карыстацца толькі беларускімі дзёньнікамі. Спадар Дылян распавёў, што падрыхтаваны праект новага дзёньніка, які вытрыманы ў нацыянальным беларускім стылі.

Мне ўдалося ўбачыць экзэмпляр новага дзёньніка, які зьявіцца ў крамах толькі празь некалькі дзён, а пакуль яго яшчэ амаль ніхто ня бачыў, акрамя аўтараў і вытворцаў. На ягонай вокладцы – фотаздымак адміністрацыі прэзыдэнта. На другой старонцы вокладкі – "лукашэнкавыя" герб і сьцяг, а таксама геаграфічныя зьвесткі пра Беларусь, пра Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня і пра тое, што першым прэзыдэнтам зьяўляецца Лукашэнка.

На зваротнай частцы вокладкі – гербы старажытных беларускіх гарадоў. Унутры кожная разгортка прысьвечаная выдатнаму беларусу, які пакінуў сьлед у гісторыі і культуры краіны. Усяго такіх дзеячоў – сорак. Сярод іх Сымон Будны, Усевалад Ігнатоўскі, Яўхім Карскі, Тадэвуш Касьцюшка, Якуб Колас, Янка Купала, Напалеон Орда, Станіслаў Панятоўскі, Барбара Радзівіл, Эўфрасіньня Полацкая, Леў Сапега, Кірыла Тураўскі, Усяслаў Чарадзей ды іншыя. З асобаў найноўшае гісторыі – касманаўты Пятро Клімук і Ўладзімер Кавалёнак, спартоўцы Вольга Корбут, Аляксандар Курловіч і Віталь Шчэрба. Сярод сёньняшніх палітычных дзеячоў – толькі Аляксандар Лукашэнка.

Як распавёў Міраслаў Паско, старшыня прадпрыемства "Элвіс-96" Беларускага Саюзу мастакоў, якому належыць аўтарства дзёньніка, стваральнікі імкнуліся ўнесьці тых, хто быў першым або адзіным у сьвеце. Прадпрыемства амаль год працавала над канцэпцыяй, кансультаваліся нават у Інстытуце гісторыі, і, зразумела, у Міністэрстве адукацыі.

Як распавёў Міраслаў Паско, ня ўсе кандыдатуры ўвайшлі ў дзёньнік. Напрыклад, Кацярына І, якая была паходжаньнем беларуска, але шмат зрабіла дзеля зьнішчэньня беларускае шляхты. Не ўвайшоў і Андрэй Грамыка з-за таго, што ягоная кандыдатура не спадабалася некаму наверсе. Не ўвайшоў у дзёньнік і Марк Шагал, таму што ён паводле паходжаньня не зьяўляецца беларусам.

Але ж чаму "Дзёньнік Беларускага школьніка" атрымаўся "лукашэнкавым" у вокладцы, і сапраўды беларускім у зьмесьце? Як сьведчаць людзі, блізкія да прадпрыемста "Элвіс-96", было вырашана пайсьці на кампраміс. Каб улады не чапляліся да зьместу, напрыклад да асобы гетмана Яна Хадкевіча, які ў свой час браў Маскву, ці да іншых сапраўдных патрыётаў Беларушчыны, вырашылі супакоіць усіх вокладкаю з выяваю адміністрацыі прэзыдэнта.

Дарэчы, як спадзяюцца ў прадпрыемстве "Глёбус", новы дзёньнік зьявіцца ў крамах пасьлязаўтра. Наклад дзёньніка пакуль адносна невялікі – 200 тысячаў асобнікаў. Каштаваць ён будзе каля 600 рублёў.

XS
SM
MD
LG