Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Юры Сьвiрко, Менск

У Беларусi працягваецца «бiтва за ўраджай», якую рэгулярна iнспэктуе Аляксандар Лукашэнка. У сераду ён плянуе паехаць у Магiлеўскую вобласьць, а наш карэспандэнт за шэсьць тыдняў да сьвяткаваньня "Дажынак" наведаў Шклоўскi раён i знакамiты саўгас "Гарадзец"…

Сярэдняя ўраджайнасьць збожжа ў Шклоўскiм раёне складае сёлета 30 цэнтнэраў з гэктару. Пра гэта ў iнтэрвiю на полi паведамiў камбайнэр саўгасу "Гарадзец".

(Камбайнэр: ) «Дваццаць пяць, пад трыццаць… Дзе-небудзь палi йдуць па сорак пяць, па пяцьдзясят…»

Гэты камбайнэр колiшняй лукашэнкавае гаспадаркi быў заклапочаны дзьвюма рэчамi – адсутнасьцю запчастак да камбайнаў i захаваньнем свайго iнкогнiта.

(Камбайнэр: ) «Наконт запчастак – трэба, каб запчасткi былi. Пальцаў няма, таго няма, сяго няма. Толькi не кажыце, што я казаў».

Пабойваючыся начальства, камбайнэр упэўнены, што галоўны начальнiк – Лукашэнка – вельмi добры.

(Камбайнэр: ) «Харошы, канечне. Я дык за яго, таму што я зь iм працаваў – я ведаю».

На палёх саўгасу "Гарадзец" працуе 8 камбайнаў, два зь якiх новыя. Адной з машынаў кiруе 17-гадовы Вiталь Цямрук. На ўсе пытаньнi ён адказваў словам "нармальна", а пра свае пляны пасьля службы ў армii распавёў, што пойдзе вучыцца ў школу мiлiцыi.

Тут камбайнэрам саўгасны аўтобус прывез абед, якiм гаспадыня хацела пачаставаць i журналiста, але раптам на полi зьявiўся супрацоўнiк Шклоўскага РАУС ды запатрабаваў дакумэнты. Пасьведчаньне "Прэса" й пашпарт яго не задаволiлi – ён заявiў, што трэба мець пiсьмовы дазвол Шклоўскага раённага выканкаму зь пячаткаю.

На шляху ў Шклоў я паразмаўляў зь дзьвюма жыхаркамi вёскi Гарадзец. Цi адрозьнiваецца яшчэ нечым лукашэнкавы саўгас, апрача пiльных мiлiцыянтаў на полi?

(Суразмоўніца: ) «Жыцьцё як ва ўсiх гаспадарках. Рабочай сiлы мала, таму ўсё йдзе нанiз».

Зарплата нават у знакамiтым саўгасе сёлета затрымлiвалася аж да 4 месяцаў, але зараз запазычанасьцi няма. Камбайнэры ў лiпенi зарабiлi каля 25 тысячаў рублёў, а вось iншыя працаўнiкi значна менш.

(Суразмоўніца: ) «Дваццаць пяць? А калi яны атрымлiваюць па 7, па 8 – у жывёлагадоўлi? Няма свайго кавалачка зямлi, дык будзеш зусiм галодны. Усе ўжо старыя. Калi б дзецi не прыяжджалi з гораду… Бязьсiльныя. Скацiну трымаць ня могуць, сена накасiць таксама».

На цэнтральнай вулiцы вёскi Гарадзец мужыкi рамантавалi трактар. Кiраваў рамонтам пэнсiянэр Iван Юшкевiч, якi пра былога дырэктара саўгаса сказаў так:

(Юшкевіч: ) «Гультай, але харошы».

Лукашэнку спадар Юшкевiч ня любiць, за яго зноў нiколi б не прагаласаваў:

(Юшкевіч: ) «Ён сказаў (у мяне газэтка ёсьць): "Два–два з паловаю гады, i Беларусь квiтнець будзе". А куды мы дайшлi? Разбурылiся наогул, абвалiлiся зусiм».

Гэта быў Iван Юшкевiч.

Ён бачыць наступным прэзыдэнтам толькi экс-прэм'ера Мiхала Чыгiра. А вось дэпутатам, на ягоную думку, мае заставацца Ўладзiмер Канаплёў, кандыдатуру якога на выбары ў «Палату прадстаўнiкоў» ужо вылучылi канфэрэнцыя мэдычных работнiкаў Шклоўскага раёну, працоўны калектыў тутэйшае папяровае фабрыкi "Спартак" ды агульны сход Шклоўскага, Круглянскага й Бялынiцкага раённага аддзелаў унутраных справаў. Вiцэ-сьпiкер «палаты» жыхарам вёскi Гарадзец падабаецца:

(Юшкевіч: ) «Яшчэ будзем выбiраць. Малайчына, што зрабiў многа.:Ён дапамагае. На прэзыдэнта ён ня цягне пакуль, а так мужык шмат дапамог».

Цяпер Шклоўскi раён рыхтуецца сьвяткаваць "Дажынкi", што былi скасаваныя летась. Землякi ўдзячныя Аляксандру Лукашэнку за тое, што абноўлены, упрыгожаны раённы цэнтар стаў, як яны кажуць, «райскi цэнтар».

(Юшкевіч: ) «Дык зараз жа горад наш – толькi паглядзiце. Вулiцы якiя, дамы, дарогi! Зусiм iншае. Тут жа прыгажосьць!.. I малайчына ён, у гэтай справе на яго гаварыць ня будзем, але ягоная каманда… Брахаць можна шмат, а нiчога не рабiць. Два гады прайшло, пяць праходзiць – нiчога, усё горш ды горш.

…Лепшага ў нас няма. Узяць любы год – для калгасьнiкаў усё горш».

Гаварыў Iван Юшкевiч зь вёскi Гарадзец.

Яшчэ адна знакамiтая вёска Шклоўшчыны – Рыжкавiчы. Узяць iнтэрвiю ў першай лэдзi Беларусi не давялося. Насупраць дома Лукашэнкаў цяпер кругласутачны пост мiлiцыi, супрацоўнiкi якога вядуць у свой вагончык i рэгiструюць усiх, хто дакранецца да перамоўнае прылады на дзьвярох будынку Галiны Радзiвонаўны. Мiлiцыянты кажуць, што да яе трэба йсьцi ў раённы выканкам, дзе спадарыня Лукашэнка працуе, але тут жа распавядаюць, што яна зараз у адпачынку. Ад паста ўсiх непажаданых наведвальнiкаў вязуць у Шклоўскi РАУС, куды на прафiляктычную гутарку прыяжджае зь мясцовага КГБ Аляксандар Гарусаў. Ён паведамiў, што журналiстаў сёлета ў Галiны Лукашэнкi ў хаце не было, а наогул сустрэчу трэба арганiзоўваць у Менску праз Саюз журналiстаў, якi дапамагае атрымаць дазвол на iнтэрвiю ад Рады бясьпекi Беларусi.

XS
SM
MD
LG