Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

У адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада, на якой прынятае рашэньне стварыць моцную дзяржаўную інфармацыйную сыстэму.

Ідэя стварыць дзяржаўную інфармацыйную сыстэму ў Беларусі належыць расейскай агэнцыі "Интерфакс". Паводле зьвестак "Радыё Свабода", гэты праект абмяркоўваўся на працягу некалькіх апошніх месяцаў. Плянавалася, што сыстэма будзе створаная менавіта на базе гэтай агэнцыі. Але сёньня ў рэпартажы дзяржаўнае тэлевізіі паведамлена, што новая інфармацыйная сыстэма будзе працаваць цалкам пад кантролем дзяржавы на базе міністэрства сувязі. "Итерфакс" атрымаў пакуль ад Лукашэнкі толькі "дзякуй".

Хутчэй за ўсё, уладам спадабалася ідэя стварэньня напярэдадні выбараў моцнай інфармацыйнае сыстэмы, але яны вырашылі, што празьмерна давяраць "Интерфаксу" ў такой справе ня варта.

Як высьветлілася, ніхто дакладна ня вядае пра новую інфармацыйную структуру амаль нічога. Сытуацыя таямнічая нагэтулькі, што, паводле нашых зьвестак, кіраўнік беларускага бюро "Интерфаксу" Вячаслаў Зяньковіч спрабаваў атрымаць нейкую дакладную інфармацыю пра новую структуру ў прэсавай службе адміністрацыі Лукашэнкі.

Ня выключана, што сытуацыю маглі б патлумачыць кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Міхал Мясьніковіч і ягоны намесьнік Уладзімер Замяталін, аднак яны на кантакт з прэсаю ня йдуць. Цікава, што на нарадзе таксама прысутнічаў кіраўнік КГБ Ўладзімер Мацкевіч.

Супрацоўнік прэсавае службы адміністрацыі Зьміцер Жук паведаміў, што ўдзельнікі новага праекту стануць вядомыя толькі напрыканцы верасьня, калі ў адміністрацыі будуць распрацаваныя дакумэнты новай інфармацыйнае сыстэмы. Жук таксама падкрэсьліў, што інфармацыйная сыстэма будзе цалкам дзяржаўнаю.

Вядома таксама, што новую інфармацыйную сыстэму плянуецца забясьпечыць найноўшай тэхнікаю для распаўсюджваньня інфармацыі, найперш – кампутарнай тэхнікаю. Мяркуецца, што карыстальнікамі інфармацыі будуць у першую чаргу дзяржаўныя структуры, у тым ліку дыпляматычныя прадстаўніцтвы за мяжою.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG