Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Алесь Горбач, Баранавічы

Баранавічы ў мінулыя выходныя нечакана сталіся цэнтрам вялікай палітыкі – у гарадзкім Доме афіцэраў адбыўся ўстаноўчы зьезд новаўтворанай Хрысьціянскай партыі.

Ініцыятарам стварэньня новай партыі быў Вячаслаў Тацын, які яшчэ ў нядаўнім мінулым узначальваў баранавіцкую арганізацыю Лібэральна-дэмакратычнай партыі і быў намесьнікам старшыні ЛДП Сяргея Гайдукевіча. Аднак, ці то лібэральна-дэмакратычныя ідэі прынесьлі расчараваньне, ці то штосьці іншае стала прычынай, але з поўгады таму ў тутэйшым грамадзтве зьявіліся чуткі, што Тацын стварае сваю партыю. І вось гэтыя чуткі спраўдзіліся.

Як ні дзіўна, але зьезд Хрысьціянскай партыі распачаў сваю працу пад гукі бэсэсэраўскага гімна. Яшчэ адной дзіўнай нечаканасьцю для прысутных было прызнаньне Вячаслава Тацына ў тым, што і ён, і яго паплечнікі, якія ўтваралі так бы мовіць касьцяк аргкамітэту зьезду, – гэта былыя камсамольскія работнікі. Якія жыцьцёвыя нагоды павярнулі іх сьветапогляд да хрысьціянскай ідэі, выступоўца аднак не патлумачыў.

Дарэчы, калі верыць арганізатарм зьезду, дык у сьпісах ініцыятараў стварэньня партыі каля 1200 чалавек, якія прадстаўляюць, як і патрабуе заканадаўства, большасьць абласьцей Беларусі і яе сталіцу Менск. Аднак у залі прысутнічала толькі 50 дэлегатаў, і калі быў абраны прэзыдыюм, дык заля аказалася амаль пустой. Масавась стваралі хіба што прысутныя журналісты, прадстаўнікі міністэрства юстыцыі ды аддзелу інфармацыі гарвыканкаму. Дэлегаты зьезду прынялі статут і праграму партыі, зацьвердзілі яе сымболіку, сьцяг, эмблему, а таксама гімн, аўтарам якога зьяўляецца ініцыятар ды ідэйны натхняльнік партыі – усё той жа Тацын.

Са статуту і праграмы, прынятых на зьезьдзе, немагчыма зрабіць ніякіх высноваў адносна будучай дзейнасьці ды палітычнай арыентацыі новаўтворанай Хрысьціянскай партыі. Вядома толькі, што асноўнай сваёй задачай яна ставіць адраджэньне "ісьціннага хрысьціянскага духоўнага сьветапогляду".

Напрыканцы працы зьезду, дэлегаты прынялі тэкст ліста да Лукашэнкі, у якім пасьля некалькі хвалебных панегірыкаў прасілі яго зьвярнуць увагу на малады, "ісьцінна хрысьціянскі" рух.

Закрываючы зьезд, арганізатары раптам адумаліся, што ў самым пачатку не абралі старшыню і сакратара, і калі памылка была хоць і запозьнена, але выпраўленая, пад гукі таго ж бэсэсэраўскага гімну устаноўчы зьезд Хрысьціянскай партыі завершыў сваю працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG