Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ абвінаваціла лідэраў аб'яднанай апазыцыі ў здрадзе ідэалам незалежнасьці Беларусі й спрыяньні легітымізацыі ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

У суботу Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ прыняў адпаведны дакумэнт пад назваю "Мэмарандум". Лідэры Фронту пад кіраўніцтвам спадара Пазьняка лічаць, што ў Беларусі пры дапамозе левалібэральных сілаў Захаду і пры падтрымцы Масквы створаная аб'яднаная апазыцыя, якая нібыта абсалютна залежыць ад фінансаваньня з боку замежных структураў і таму несамастойная ў сваіх рашэньнях.

А прэтэнзіяў да аб'яднаных апазыцыянэраў з боку кансэрватыўных хрысьціянаў шмат. Так, на думку сябраў БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка ў такіх асобаў як Чыгір, Лябедзька, Багданкевіч і Фядута, якія выйшлі з каманды Лукашэнкі, няма аніякай аб'яднаўчай ідэі, а іхная палітыка амаральная і несамастойная.

Як ставяцца да гэтых абвінавачваньняў сябры аб'яднанай апазыцыі? Вось меркаваньне лідэра АГП Анатоля Лябедзькі:

(Лябедзька: ) "Вельмі не хацелася б выступаць у якасьці рэклямнага агента Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі. Натуральна, што гэта іх канстытуцыйнае права выказвацца па тых ці іншых падзеях, у адносінах тых ці іншых асобаў. Разам з тым, я разглядаю гэта проста як піяраўскую кампанію, каб прыцягнуць увагу. Калі гэта мэтад, які ўзяты на ўзбраеньне з гэтай структурай, то ён ня самы лепшы. Зараз замест таго, каб прапаноўваць нейкія рэальныя дзеяньні, каб абараняць Беларусь, яны ўзялі за лепшае змагацца не з Лукашэнкам, а з тымі рэальнымі палітычнымі сіламі, якія робяць канкрэтную справу ў Беларусі".

Лічыць спадар Лябедзька.

Лідэр АГП таксама лічыць, што абвінавачваньні з боку КХП БНФ ня здолеюць раскалоць шэрагі апазыцыі, і ўвогуле, падобныя заявы, на ягоную думку, ёсьць проста несур'ёзнымі й неадказнымі.

А вось меркаваньне з нагоды распаўсюджанага Мэмарандуму Аляксандра Фядуты:

(Фядута: ) "Калі глядзець з пункту гледжаньня тэхналягічнага, дык яно ўсё зроблена так, як трэба было зрабіць. У спадара Пазьняка ёсьць свой вельмі жорсткі электарат, і да гэтага электарату ён, уласна кажучы, і зьвяртаецца. Што датычыцца сэнсу таго, што было прынятае, Вы ведаеце, мне вельмі шкада, што так адбываецца з Зянонам Станіслававічам і з ягонай партыяй. Пад уплывам часу павінны зьмяняцца ўсе – і людзі, і партыі, і погляды. Мне здаецца, што спадар Пазьняк ужо не дастакова добра разумее, што пазыцыя Лябедзькі, Багданкевіча і таго ж Фядуты – гэта тры розныя пазыцыі".

Паведаміў спадар Фядута.

У Мэмарандуме таксама сьцьвярджаецца, што апірышчам аб'яднанай апазыцыі сталі й незалежныя беларускія СМІ (у тым ліку нібыта й нашае радыё). Аўтары Мэмарандуму спадары Пазьняк, Беленькі й Крыварот сьцьвярджаюць, што галоўнае для лідэраў аб'яднанай апазыцыі – зноў вярнуцца ва ўладу, таму, маўляў, многія зь іх вырашылі ўдзельнічаць у ініцыяваных уладамі выбарах. У якасьці прыкладу канфармізму прыводзяцца словы Станіслава Багданкевіча, які нібыта заяўляў, што пры пэўных умовах гатовы заняць пасаду прэм'ера, калі прапануе Лукашэнка.

Усе гэтыя абвінавачваньні былі агучаныя сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі ў штаб-кватэры КХП БНФ. Гаворыць кіраўнік гэтае партыі ў Беларусі Юры Беленькі:

(Беленькі: ) "Самай апошняй кропкай, якая прымусіла нас зрабіць гэтае рэзкае адмежаваньне, была заява пра ўдзел у падрыхтоўцы да ўсебеларускага рэфэрэндума. Мы гаворым пра тое, што правядзеньне рэфэрэндума сёньня, ва ўмовах дыктатуры, гэта ёсьць спрыяньне гэтай дыктатуры".

Паведаміў спадар Беленькі.

На думку прадстаўнікоў БНФ пад кіраўніцтвам спадара Пазьняка, чатыры ўмовы АБСЭ ня могуць быць тымі пытаньнямі, што патрабуюць ўсенароднае падтрымкі, а вось Лукашэнка можа скарыстацца гэтай ініцыятываю і вынесьці на такі плебісцыт свае інтэграцыйныя ініцыятывы.

Вельмі не падабаецца сябрам КХП БНФ і дзейнасьць менскае групы АБСЭ ды ейнага кіраўніка Ганса-Георга Віка. Паводле словаў намесьніка старшыні КХП БНФ Сяргея Папкова, пры Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ нібыта створаны адмысловы аддзел, які нібыта займаецца фінансаваньнем аб'яднанай апазыцыі, а ўзамен патрабуе ўдзелу ейных прадстаўнікоў у лукашэнкавых выбарах.

На знак пратэсту супраць такіх паводзінаў прадстаўнікоў АБСЭ сябры КХП БНФ правядуць 28 й 29 жніўня пікеты ля штаб-кватэры групы ў Менску. Паплечнікі Зянона Пазьняка таксама маюць намер распачаць збор подпісаў за стварэньне Грамадзянскага парлямэнту. Сябры КХП БНФ таксама будуць ствараць шырокі Вызвольны Рух падтрымкі на прэзыдэнцкіх выбарах свайго кандыдата. Ім, хутчэй за ўсё, стане спадар Пазьняк, і цяпер прапрацоўваецца магчымасьць вяртаньня яго ў Беларусь.

XS
SM
MD
LG