Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Тры гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня на будоўлях народнае гаспадаркі – такі прысуд вынес Маскоўскі суд Менску таксысту Вараве, які 4 сакавіка зьбіў легендарнага беларускага гісторыка Міколу Ермаловіча. У выніку атрыманых траўмаў Ермаловіч памёр у шпіталі.

Адвакат дачкі Міколы Ермаловіча Алены, якая выступала ў судзе ў якасьці пацярпелай, згодны з прысудам. Ягоныя меркаваньні падзяляе і дачка славутага гісторыка.

Гаворыць адвакат Сяргей Цурко:

"Я лічу, што суд улічыў усе абставіны справы, стаўленьне абвінавачваемага да трагічнага здарэньня, а таксама й пазыцыю дачкі Ермаловіча. Яна прасіла не выносіць жорсткага прысуду, бо, на яе думку, бацька, як інтэлігентны чалавек, пагадзіўся б на гэта. Таксыст Варава зьдзейсьніў забойства з-за неасьцярожнасьці. Але ён цалкам вінаваты, бо, калі ён толькі сеў за руль без акуляраў ( а яму дазволена кіраваць аўтамабілем толькі ў акулярах), дык ужо стварыў небясьпеку для навакольных.

Цяпер Варава будзе жыць ня ў Менску і падпарадкоўвацца загадам спэцкамэндатуры", – паведаміў "Радыё Свабода" адвакат Сяргей Цурко.

Гэтая крымінальная справа звычайная сярод справаў, зьвязаных з дарожна-транспартнымі здарэньнямі, але дачку Мікалая Ермаловіча Алену засмуціла тая акалічнасьць, што ў справе раптам зьявілася даведка, якую напісаў лекар 6 клінічнага шпіталю Савелі Карканец. У даведцы было пазначана, што ў пацярпелага Ермаловіча былі ўзятыя пробы пароў зь лёгкіх і аналіз паказаў наяўнасьць алькаголю.

Урэшце гэтая даведка ня здолела паўплываць ані на абвінаваўчае заключэньне, ані на судовы прысуд, бо галоўным паказьнікам для судова-мэдычнай экспэртызы зьяўляецца аналіз крыві. А ён паказаў тое, што ў дзень сваёй трагічнай гібелі Мікалай Ермаловіч быў абсалютна цьвярозы. Таму на папярэднім судовым паседжаньні дачка славутага гісторыка заявіла хадайніцтва, каб суд дапытаў лекара Карканца пра абставіны зьяўленьня сумніўнае даведкі. Але сёньня гэтага не адбылося, бо Карканец знаходзіцца ў адпачынку.

Судзьдзя Сяргей Мароз паведаміў, што ў судовым працэсе гэтая даведка аніякае ролі не адыгрывае. Ён вынес прысуд Вараве – тры гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня на будоўлях народнае гаспадаркі, а таксама пазбаўленьня правоў на кіраваньне аўтамабілем тэрмінам на 3 гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG