Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 12 жніўня)
Эканамічны агляд тыдня аглядальніка Ўладзімера Кулажанкі.

Пад час сваёй паездкі ў Янаўскі раён Берасьцейскае вобласьці і сустрэчаў з жыхарамі Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні й скаргі на нізкія заробкі й мізэрныя пэнсіі, заявіў, што да канца году будзе падвышаная заробкавая плата й пэнсіі. Гэта пройдзе двума этапамі, зь першага кастрычніка й Новага году, кожны раз на 25%. Лукашэнка яшчэ дадаў, што сярэдняя заробкавая плата да Новага году дасягне ажно 100 даляраў.

Падвышэньні заробкавае платы па 2-3 разы ў год былі й раней, але кожны раз у лепшым выпадку яны толькі пакрывалі папярэднія страты людзей ад інфляцыі. Пасьля гэтага няспынны рост цэнаў з месяца ў месяц зьядаў намінальна падвышаны заробак. І ўсё вярталася да пачатковага ўзроўню.

Нешта падобнае адбываецца й зараз. З пачатку году цэны на спажывецкія тавары паводле стану на 1 жніўня падвысіліся аж на 65%. Ад падвышэньня заробкавае платы нічога не засталося. Растуць цэны і ў жніўні, прытым на ўсе спажывецкія тавары, пачынаючы ад хлеба й сканчаючы алькагольнымі напоямі. А ў дадатак да гэтага да пачатку ацяпляльнага сэзону ўзьлятуць цэны на камунальныя паслугі.

З гэтае прычыны занепакоіліся людзі, узмацніліся патрабаваньні прафсаюзаў. І каб суцішыць гэты непакой – Лукашэнка і зрабіў заяву пра чарговае падвышэньне заробкавае платы цягам апошніх месяцаў году аж на 50%. Ёсьць тут і відавочны палітычны аспэкт. На 15 кастрычніка прызначаныя выбары ў "Палату прадстаўнікоў" і трэба паказаць электарату клопат пра ягоныя патрэбы, каб простыя людзі прагаласавалі за цяперашнюю ўладу.

Але, нажаль, заяву Лукашэнкі практычна нельга ажыцьцявіць. Падвысіць намінальны заробак можна, а рэальны – аніяк нельга. Як і з чаго можна падвысіць заробкавую плату на 50%, калі ў першым паўгодзьдзі вытворчасьць ВУП, паводле дадзеных афіцыйнае статыстыкі падвысілася толькі на 4%, а вытворчасьць сельскагаспадарчае прадукцыі зьнізілася на ўсе 10%?

Пра якое рэальнае падвышэньне заробкавае платы можа йсьці гаворка, калі прамысловасьць і сельская гаспадарка сядзяць на пазыковай голцы? За 1 паўгодзьдзе памер крэдытных укладаньняў у народную гаспадарку падвысіўся на 86% і дасягнуў 687 млрд. рублёў. І наогул, як можна казаць пра падвышэньне заробкавае платы, калі да гэтага часу не разьлічыліся зь людзьмі па нізкіх заробках за некалькі месяцаў? Ня выплацілі адпускныя настаўнікам. Перад пачаткам жніва запазычанасьць у заробкавай плаце вяскоўцам, паводле Міністэрства сельгасхарчу, дасягнула 21,3 млрд. рублёў. За два апошнія тыдні гэта запазычанасьць крыху скарацілася, але стала нагэтулькі цяжка пераадольнаю, што пры наведаньні Лідзкага раёну ў мінулы чацьвер Лукашэнка запатрабаваў ад аграрыяў, каб яны да 15 верасьня разьлічыліся ў заробках хоць бы за ліпень. Значыць, запазычанасьць застанецца й далей.

Відаць, нерэальнасьць сваіх абяцаньняў падвысіць заробкі ўсьведамляе і сам Лукашэнка. Інакш як можна зразумець, што пры наведваньні Янаўскага раёну ён дэкляраваў падвышэньне сярэднямесячнае заробкавае платы да канца году да 100 даляраў, а ўжо праз два дні, у час рабочае паездкі ў Лідзкі раён адступіў ад сваіх абяцаньняў і заявіў, што 100 даляравы месячны заробак будзе дасягнуты толькі ўвосень будучага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG