Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 12 жніўня)
Кіраўнік транспартнае пракуратуры Мікалай Каралюк заяўляе, што справа пра зьнікненьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага хутка будзе раскрытая, аднак нічым не абгрунтоўвае сваю ўпэўненасьць у такім выніку расьсьледваньня.
Пракуратура Кіраўскага раёну Магілеўскае вобласьці патрабуе ад экс-міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава кампэнсаваць нанесеныя калгасу "Расьвет" страты.
Дэпутат Уладзімер Кудзінаў паведамляе пра чарговае парушэньне ягоных правоў адміністрацыяй менскае калёніі.

Бягучы тыдзень пачаўся з аптымістычнай заявы транспартнага пракурора Беларусі Мікалая Каралюка адносна справы апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, які месяц таму зьнік ў раёне аэрапорту "Менск-2". Спадар Каралюк заявіў журналісту агэнцыі "Интерфакс", што справа ў пошуках Завадзкага значна прасунулася наперад і ня выключыў, што неўзабаве журналістам будуць паведамленыя зьвесткі, што здарылася з апэратарам ОРТ.

"Засталося чакаць нядоўга, хутка грамадзкасьць пра ўсё даведаецца", – гэтыя словы транспартнага пракурора адразу падхапілі рэспубліканскія мэдыі, як і ягоную катэгарычную заяву, што "зьнікненьне апэратара ОРТ ня мае дачыненьня да палітыкі". Між тым пракурор не прывёў аніякіх зьвестак у доказ сваёй перакананасьці ў хуткім вырашэньні справы.

Заўважу, што ўвогуле ня йшло гаворкі пра тое, што Завадзкі будзе знойдзены. Затое пракурор нядвухсэнсоўна абяцаў паведаміць усю праўду пра гэтую гісторыю і вельмі высока адзываўся пра расейскіх калегаў, якія нібыта дапамагаюць, як могуць, беларускім сьледчым. І вось скончыўся тыдзень, і даводзіцца з сумам канстатаваць, што ніякіх сэнсацыйных зьвестак пра Завадзкага не прагучала. Ані з транспартнай пракуратуры, ані зь іншых дзяржаўных ўстановаў. І ці прагучыць, невядома.

Нагадаю, пасьля зьнікненьня Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара з афіцыйных крыніцаў таксама гучала, што справы гэтыя не палітычныя, што вось-вось яны будуць завершаныя, бо зьніклыя самі знойдуцца, іх нават бачылі. Але ніхто сам сабою не знайшоўся, а дасьведчаныя ў прапагандысцкіх справах людзі патлумачылі – калі нейкая падзея не перастае палохаць людзей, трэба паведаміць ім контраінфармацыю, каб зьбіць гэтую хвалю. Адсюль пытаньне – ці не зьяўляецца заява пракурора Каралюка вось такой контраінфармацыяй?

А з часу зьнікненьня Зьмітра Завадзкага прайшло ўжо 36 дзён.

Дэпутат Уладзімер Кудзінаў даслаў на волю ліст, у якім паведаміў, што адміністрацыя калёніі зноў яго прыціскае. Вось што распавядае жонка дэпутата Зоя Кудзінава, якая днямі атрымала гэты ліст:

(Кудзінава: ) "Піша, што ў шахматна-шашачным турніры іх каманда займае прызавыя месцы і за гэта ім вырашылі зьняць спагнаньні. Па адным спагнаньні дваім зь яго каманды зьнялі, а яму не. Зараз начальніка калёніі няма. Піша, што пасьля выхадных пойдзе да Лася Яўгена Адольфавіча, намесьніка начальніка, вырашаць гэтае пытаньне. Нават у гэтым парушэньне правоў чалавека. Калі вы ўжо паабяцалі, дык рабіце для ўсіх аднолькава. Але не. Яму спагнаньне пакінулі".

Нагадаю, за амаль тры гады зьняволеньня супраць дэпутата Кудзінава ўжо выкарыстоўвалі ў якасьці сродку перавыхаваньня наступныя сродкі ўзьдзеяньня: пазбаўленьне спатканьняў, затрымкі пошты, карцар, зьбіцьцё і неабгрунтаваныя заўвагі, пры наяўнасьці якіх немагчыма разьлічваць на датэрміновае вызваленьне. У Кудзінава такія заўвагі ёсьць і гэта ўскладняе ягоныя шанцы выйсьці на волю раней тэрміну.

Другі дэпутат, Андрэй Клімаў, нарэшце падаў у суд касацыйную скаргу на вынесены яму прысуд у канчатковым выглядзе. Маё "нарэшце" адрасуецца ня Клімаву, а ягоным адвакатам, якія не асабліва прысьпешвалі падачу гэтага дакумэнта. Жонка Клімава Тацяна распавяла, што позаўчора Клімава наведала ў турме адвакатка Вольга Ўльяшына, зь ёй Клімаў рыхтуецца да касацыйнага разгляду, які адбудзецца 22 жніўня.

Тацяна Клімава:

(Клімава: ) "Адвакатка сьведчыць, што настрой у яго добры. Можа нейкія надзеі… А я думаю, што настрой у яго быў добры ад таго, што напярэдадні яго наведала дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы".

Паводле жонкі дэпутата Клімава, дэпутаты з ПАСЭ, якія наведвалі Клімава, сьцьвярджалі, што на сустрэчы з прэм'ерам Ярмошыным ставілі пытаньне пра вызваленьне Клімава й Кудзінава. Але старшыня беларускага ўраду заявіў ім, што гэта не ў ягонай кампэтэнцыі. "Мы ўсё роўна не пакінем справы беларускіх палітычных вязьняў, асабліва дэпутатаў, без увагі эўрапейскіх структураў", – запэўнілі Ярмошына прадстаўнікі ПАСЭ.

Экс-міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава вырашылі ў аршанскай калёніі патурбаваць кіраўскія пракуроры. Ад яго патрабуюць кампэнсаваць калгасу "Расьвет" страты, быццам бы нанесеныя разам з Васілём Старавойтавым. Усяго гэта прыкладна 150 тысячаў рублёў.

Цікава, што суд прыняў рашэньне пра спагнаньне гэтых грошай зь Лявонава, але не на карысьць "Расьвету", а на карысьць дзяржавы. Цяпер у Кіраўску схапіліся за галаву, што грошы могуць да іх і не патрапіць і зноў выставілі прэтэнзіі былому міністру.

Ягоныя інтарэсы ў судзе будзе абараняць абаронца Сьвятлана Ўласава, дачка Лявонава, а весьці справу – тая ж судзьдзя Надзея Чмара, якая асудзіла Васіля Лявонава. Паглядзім, якім будзе вынік працэсу.

XS
SM
MD
LG