Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 2000 г.


Юры Дракахруст

На гэтым тыдні ў Маскве адбылася беларуска-расейская міжурадавая нарада. Высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі знаёміліся з падыходамі "штаба" расейскіх рэформаў – Цэнтру стратэгічных распрацовак, які ўзначальвае Герман Грэф. Сустрэча вызначыла сур'ёзныя несупадзеньні ў пазыцыях бакоў.

Газэта "Время новостей" прыводзіць цікавы дыялёг, які адбыўся падчас міжурадавае нарады. "Пакуль не вывераны вектар нашага агульнага эканамічнага руху, нічога ня будзе. А гэты вектар яшчэ не вывераны" – заявіў ідэёляг расейскіх рэформаў Грэф. На гэта першы віцэ-прэм'ер ураду Беларусі Кабякоў асьцярожна заўважыў, што "краіны ў нас крыху розныя".

Заўважым ад сябе, што само па сабе такое вынаходніцтва бліжэйшага паплечніка Лукашэнкі можна толькі вітаць, як кажуць, "лепш пазьней, чым ніколі". Але, як высьвятляецца, розьніца ня столькі ў краінах, колькі ў галовах, у яўнай прыхільнасьці беларускіх эканамічных "кудзесьнікаў" камандным падыходам у эканоміцы.

Як адзначае "Время новостей", беларускія чыноўнікі пасьля рытуальных прамоваў пра агульныя мэта і задачы аспрэчылі ўсе базавыя палажэньні праграмы расейскіх рэформаў. У прыватнасьці, намесьнік міністра эканомікі Беларусі Зайчанка пералічыў пункты, якія Беларусі ня вельмі падыходзяць - гэта лібэралізацыя эканомікі, абмежаваньне ў ёй ролі дзяржавы, прыватызацыя натуральных манаполіяў, зямельная рэформа. Толькі і ўсяго.

"Саюз няроўных" – так азагаловіў свой артыкул пра міжурадавую нараду аўтар газэты "Сегодня". Ён падкрэсьлівае, што Масква ў правядзеньні рэформаў дзейнічае, зважаючы ў першаю чаргу на ўласныя выгоды, а ужо потым думае пра беларускіх партнэраў. І таму, піша "Сегодня", сьпіс супярэчнасьцяў паміж Менскам і Масквою наконт агульнае эканамічнае будучыні расьце з кожным днём.
Асноўныя прынцыпы новых расейскіх рэформаў: зьніжэньне падатковага ціску, зьмяншэньне ўплыву дзяржавы, вырашэньне пытаньня дзяржаўнае запазычанасьці. На будучы год расейскі ўрад упершыню распрацаваў бездэфіцытны бюджэт, ужо прыняты закон пра прапарцыйны падаходны падатак: атрымліваеш хоць сто рублеў, хоць сто мільенаў – заплаціў дзяржаве 13% і ўсе.

"Сегодня" спасылаецца на словы міністра фінансаў Беларусі Корбута, які заўважыў, што у Беларусі "лічаць пераход на адзіную стаўку падаходнага падатку заўчаснаю", а тасама "наўрад ці могуць падтрымаць тэзу пра бездэфіцытны бюджэт". "Асноўныя расейскія пастуляты ставяцца пад сумнеў, – адзначае "Сегодня", – пасьля чаго гаварыць пра ўніфікацыю ўмоваў гаспадараньня неяк няёмка".

Абодва выданьня адзначаюць, што на самой справе беларусаў цікавіла ў Маскве адзінае – расейскі рубель. Хаця і тут падыходы не супадаюць: расейцы гавораць пра неабходнасьць для Беларусі адмовіцца ад множнасьці курсаў, пра акцыянаваньне прадпрыемстваў, беларускі бок аддае перавагу празаічнаму ўліваньню грошай з бюджэту.

Праўда, сканчае газэта "Сегодня" свой артыкул на інтэграцыйнае ноце. "Розьніца падыходаў, – піша яна, – звышлібэралізм расейцаў і нейкі кансэрватызм беларусаў – неістотная перашкода інтэграцыі, бо беларуска-расейскі саюз – вынік палітычнае волі двух прэзыдэнтаў. І ў Расеі, і ў Беларусі ня раз мяняліся прэм'еры і праграмы, а аб'яднаньне усё роўна працягваецца", – піша "Сегодня".

Так, заўважым, і працягваецца, што нават самыя зацятыя беларускія інтэгратары пачынаюць разумець, што, гаворачы словамі Кабякова, "краіны крыху розныя". Цікавы працэс: чым шчыльней аб'яднаньне, тым глыбей гэтае разуменьне.

XS
SM
MD
LG