Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

У справе забойства лідэра РНЕ Глеба Самойлава зьявіліся некаторыя новыя акалічнасьці. Паводле некаторых крыніцаў, непасрэднае дачыненьне да забойства можа мець былы афіцэр спэцаддзелу МУС "Алмаз" і паплечнік Самойлава.

Праз тыдзень пасьля забойства лідэра менскае філіі "Расейскага нацыянальнага адзінства" 22-гадовага Глеба Самойлава ў справе зьявіўся магчымы падазраваны. Паводле аддзелу расьсьледаваньняў "БДГ" маюцца неафіцыйныя зьвесткі пра затрыманьне верагоднага арганізатара нападу на Самойлава. У МУС камэнтаваць гэта адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ўсялякае рэагаваньне магчымае толькі з санкцыі міністра. Гаворыць кіраўнік прэс-службы МУС Віталь Грынкевіч:

(Грынкевіч: ) "Мы рыхтуем агляд прэсы міністру, і калі ён пазнаёміцца зь ім, дык можа напісаць што і чаго, а пакуль ніякіх загадаў ад яго не паступала".

І хоць сьледчыя па-ранейшаму маўчаць, вядома, што зараз адпрацоўваецца вэрсія, што заказаць забойства мог адзін з канкурэнтаў Самойлава – нехта Валеры Ігнатовіч – у мінулым афіцэр спэцатраду МУС "Алмаз". Ігнатовіч быў арыштаваны яшчэ за два дні да забойства Самойлава, але ня выключана, што адпаведны плян распрацоўваўся ім задоўга да часу "х".

Насуперак Самойлаву, які ў большай ступені захапляўся ідэялёгіяй, Ігнатовіч быў прыхільнікам пераводу арганізацыі на ваенізаваныя рэйкі. Напачатку года былы "алмазавец" вярнуўся з Чачні, дзе, ігнаруючы прынцыпы "Расейскага нацыянальнага адзінства", ваяваў не за, а супраць фэдэральных расейскіх войскаў. Такім чынам ён толькі пацьвердзіў сваю рэпутацыю як чалавека абсалютна беспрынцыповага.

Тым часам учора ў Менску зноў зьявіліся ўлёткі РНЕ з заклікам яднацца вакол, так бы мовіць, арыйскай ідэі. Называецца нават месца, дзе падобнае яднаньне магчыма – Маскоўскі аўтавакзал, што наводзіць на аналёгію "чамадан-вакзал-Расея". Адна з улётак зьявілася й на штаб-кватэры БНФ.

(Голас кабеты: ) "Бей жидов – спасай Россию". Мы троху садралі, але троху відпаць засталося. Зараз я Вам пакажу: "Выслать и впредь не впускать, а если войдут – грабить и убивать".

Якую вэрсію возьмуць за асноўную сьледчыя ў справе Самойлава, будзе ясна ўжо бліжэйшым часам. Але верагодна, што ход справы будзе карэктавацца: як сьцьвярджае "БДГ", своеасаблівае шэфства над РНЕ ажыцьцяўляецца адным з высокіх чыноў беларускага КГБ.

Пра іншыя гучныя забойствы.

Па-ранейшаму няма новых зьвесткаў у справе забітага 4 жніўня дырэктара акцыянэрнага таварыства "Гомельшкло" Ўладзімера Запольскага. Па-ранейшаму адпрацоўваецца вэрсія дачыненьня да гэтага злачынства пэўных расейскіх структураў. Менавіта Расея была асноўным рынкам збыту канчатковае прадукцыі прадпрыемства. Апошнім часам расейскія эмісары зачасьцілі ў Гомель, бо ў Расеі разам зачыніліся 3 буйнейшыя аналягічныя заводы, і была вялікая патрэба ў насычэньні рынку шклом.

Варта дадаць, што неафіцыйнымі куратарамі і, так бы мовіць, апякунамі заводу былі кіраўнік гэтак званага "Савету Рэспублікі" Павал Шыпук і міністар архітэктуры й будаўніцтва Ветраў. Дзякуючы ім прадпрыемства амаль ня ведала праблемаў зь фінансаваньнем. Дарэчы, якраз сёньня стала вядома, што кантрольны пакет акцыяў "Гомельшкла" пяройдзе да дзяржавы.

Днямі адбылося яшчэ адное гучнае забойства крымінальнага парадку. У Менску быў застрэлены гэтак званы "злодзей у законе", крымінальны аўтарытэт з Воршы Генадзь Лукаш. Лукаш быў асноўным злучвом у крымінальным ланцугу на "віцебскім кірунку". Ёсьць вэрсія, што аршанскі аўтарытэт быў забіты канкурэнтамі, якія павінныя былі яму буйную суму грошай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG